ГалоўнаяМерапрыемствыЧасоў былых і новых сувязь
Білет у лета
Сімфонія колеру

Часоў былых і новых сувязь

Часоў былых і новых сувязь
Іншыя мерапрыемствы
29 чэрвеня – 31 ліпеня 2018
Дата правядзення
зала беларускай літаратуры (пам. 205)
Месца правядзення

З 29 чэрвеня па 31 ліпеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “Часоў былых і новых сувязь”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння крытыка, літаратуразнаўца Рыгора Саламонавіча Бярозкіна (1918–1981).

З самага пачатку сваёй творчай дзейнасці Рыгор Бярозкін вызначаўся глыбокай дасведчанасцю, эрудыцыяй ва ўсім, што было звязана з мастацкай літаратурай. Ён не меў вучоных ступеняў і званняў, не займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, але, як пісаў Алесь Адамовіч, “аўтарытэт крытыка Бярозкіна ў нашай літаратуры заўсёды быў надзвычай высокі”.

Тонкі знаўца і даследчык паэзіі, паэт у душы, Рыгор Саламонавіч сказаў сваё слова амаль пра ўсіх значных беларускіх паэтаў: М. Багдановіча, М. Чарота, П. Броўку, А. Куляшова, П. Панчанку, А. Пысіна, Р. Барадуліна і іншых. Аднак ёсць паэт, якому даследчык прысвяціў большасць сваіх прац і лічыў яго творы вышэйшым узорам паэзіі, – Янка Купала. У кнізе “Свет Купалы: думкі і назіранні”, якая прадстаўлена ў экспазіцыі, Р. Бярозкін разгледзеў, асэнсаваў і паказаў маштабнасць народнага паэта Беларусі.

Выстаўка знаёміць наведвальнікаў са зборнікамі крытычных артыкулаў Рыгора Бярозкіна “Паэзія праўды”, “Спадарожніца часу”, “Постаці”, “Звенні: творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур”, “Кніга пра паэзію”, “Паэзія – маё жыццё” (выйшла пасля смерці аўтара), а таксама з крытыка-біяграфічнымі нарысамі “Пімен Панчанка”, “Аркадзь Куляшоў”, “Чалавек напрадвесні”, якія вылучаюцца сур’ёзным і грунтоўным аналізам, яснай думкай, веданнем тэорыі паэзіі і выразным стылем. Кнігі даследчыка даюць яскравае ўяўленне аб працэсе развіцця беларускай паэзіі канца 30–70-х гадоў ХХ ст.

Асобная частка экспазіцыі прысвечана творчасці Рыгора Бярозкіна як укладальніка, якога цікавілі не толькі праблемы сучаснай беларускай літаратуры, але і пытанні зараджэння, станаўлення нацыянальнай літаратуры на Беларусі, узаемадзеяння літаратур розных народаў. Сярод змешчаных у раздзеле кніг – зборнікі паэзіі М. Лермантава, А. Пушкіна, Ю. Таўбіна, А. Моркаўкі і іншых.

Дапаўняюць выстаўку матэрыялы пра жыццёвы і творчы шлях літаратуразнаўца.

Усяго экспазіцыя налічвае каля 70 дакументаў.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце ці білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Мерапрыемствы

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам