Ларыса Мікалаеўна нарадзілася 10 лютага 1946 года ў вёсцы Вялікая Слепня (цяпер г. Мінск). Яе маці, Навіцкая Ніна Фамінічна, працавала тэхнікам у абсерваторыі.
У дзяцінстве дзяўчынка цяжка захварэла і амаль чатыры гады правяла на лячэнні ў дзіцячым санаторыі, паралельна з чым працягвала засвойваць школьную праграму. Наступствы хваробы наклалі адбітак на яе здароўе, але гэта не перашкодзіла самарэалізацыі Ларысы Мікалаеўны ў жыцці.
Адразу пасля заканчэння школы ў 1964 годзе яна паступіла на бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка).
Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, у 1968 годзе Ларыса Мікалаеўна па размеркаванні была накіравана ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна, якой прысвяціла ўсё сваё прафесійнае жыццё – амаль 50 гадоў. У аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі яна прайшла шлях ад бібліятэкара да загадчыка сектара.
Ларыса Мікалаеўна другая злева ў ніжнім радзе
Л.М. Навіцкая была выдатным бібліёграфам, удзельнічала ў падрыхтоўцы зборніка “БССР у друку СССР і замежных сацыялістычных краін”, з’яўлялася складальнікам бібліяграфічных паказальнікаў “Библиотечное дело в Белоруссии, ХVI в. – 1917 г.” (1982), “Докторские и кандидатские диссертации по историческим наукам БССР, 1944–1987” (1988) і інш.
Разам з Нінай Барысаўнай Ватацы Ларыса Мікалаеўна працавала над складаннем навукова-дапаможнага паказальніка “Беларуская савецкая драматургія, 1966–1986” (1993).
Высокі прафесіяналізм і глыбокія веды дазвалялі Л.М. Навіцкай аказваць метадычную і кансультацыйную дапамогу бібліятэкам краіны па розных пытаннях, і ў першую чаргу – па краязнаўстве.
Калегі і кіраўніцтва вылучалі Ларысу Мікалаеўну як вельмі дасціпнага і адказнага, таленавітага супрацоўніка. Яўгенія Вячаславаўна Галіеўская ў сваім артыкуле “«Беларусы». Да гісторыі аддзела беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: частка ІIІ. Супрацоўнікі” так узгадвае Л.М. Навіцкую: “Яна валодала асаблівым талентам работы з чытачамі, выканання самых складаных даведак, дасканала валодала методыкай бібліяграфічнага пошуку – пісьмовыя даведкі для спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі «Белінюркалегія» выконвала толькі Л.М. Навіцкая. Веданне фондаў, сістэмы пошуку, уменне выкарыстаць патрэбныя крыніцы заўсёды давалі плённыя вынікі. Вельмі сціплы, адказны чалавек, мой настаўнік, аўтарытэт, чалавек выключнай памяці. Яе называлі «хадзячай энцыклапедыяй», сапраўдным «бібліятэчным Шэрлакам Холмсам»”.
Пасля выхаду на пенсію па ўзросце Ларыса Мікалаеўна працягвала працаваць у бібліятэцы да 2012 года.
Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі шчыра віншуе Ларысу Мікалаеўну з юбілейнай датай і ад ўсяго сэрца жадае моцнага здароўя і даўгалецця, бадзёрасці духу і невычарпальнай жыццёвай энергіі!
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.
Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.