14 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Лізаветы Ігнацьеўны Апацкай, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, высокакваліфікаванага спецыяліста ў галіне беларускага кнігазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі, дасведчанага кіраўніка, здольнага арганізатара і актыўнага грамадскага дзеяча.
Лізавета Ігнацьеўна нарадзілася ў 1920 г. у вёсцы Чарніца Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям'і настаўніка. Пачатковую і сярэднюю адукацыю атрымала ў Смалявіцкай сярэдняй школе. У 1938 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) на гістарычны факультэт, на якім правучылася толькі 3 курсы, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна.
У перыяд нямецкай акупацыі Лізавета Ігнацьеўна спачатку жыла з бацькамі і займалася сельскай гаспадаркай, а затым стала сувязной у партызанскім атрадзе “Разгром” Мінскай вобласці. Яна забяспечвала атрад пісчай і капіравальнай паперай, распаўсюджвала ўлёткі і зводкі Саўінфармбюро ў Мінску і Смалявічах, перадавала партызанам звесткі аб перамяшчэнні воінскіх часцей немцаў па чыгунцы і ў аўтамеханізаваных часцях. У 1947 г. была ўзнагароджана медалём “Партызану Айчыннай вайны II ступені”.
Калі скончылася вайна, Лізавета Ігнацьеўна працягнула вучобу ў БДУ. У 1946 г. пасля заканчэння ўніверсітэта была прынята на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна, дзе прайшла шлях ад памочніка бібліятэкара да загадчыка аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі. Усё сваё прафесійнае жыццё Лізавета Ігнацьеўна аддала бібліятэцы. У яе працоўнай кніжцы ў графе “Звесткі аб прыёме на працу...” усяго адзін запіс: “Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна”.
Лізавета Ігнацьеўна актыўна ўдзельнічала ў грамадскай рабоце бібліятэкі, неаднаразова была старшынёй мясцовага камітэта прафсаюзаў.
Яна карысталася заслужаным аўтарытэтам сярод чытачоў і калег, якія з вялікім цяплом адгукаліся пра яе.
Так, Іна Іванаўна Бікашова ўспамінала: “Аднойчы падыходзіць незнаёмая дама і прадстаўляецца: «Я – Апацкая Лізавета Ігнацьеўна, старшыня мясцовага прафсаюза бібліятэкі. Я даведалася, што Вы ўжо больш за тры месяцы працуеце часова. Ці ведаеце Вы, што пасля такога тэрміну, калі не зроблены перапынак у працы, вас абавязаны залічыць у штат на пастаянную працу? Калі Вы хочаце застацца нашым супрацоўнікам, я пагавару з адміністрацыяй і пакажу ім на іх недагляд... калі ў Вас будуць праблемы, шукайце мяне ў аддзеле беларускай літаратуры, калі маеце патрэбу ў лячэнні, адпачынку – таксама прашу заходзіць да мяне. Прафсаюзы абавязаны Вас абараняць». Праз дзень пасля гэтай размовы мяне запрасілі ў аддзел кадраў і прапанавалі пастаянную працу ў аддзеле дамашняга абанемента і МБА, дзе я прапрацавала ўсё сваё жыццё”.
“Яна была выключна далікатным чалавекам, для яе было немагчыма пакрыўдзіць чалавека, сказаць рэзкае слова”, – адзначае Таццяна Іванаўна Рошчына.
Заслугі і старанне Лізаветы Іванаўны былі высока ацэнены кіраўніцтвам бібліятэкі. Яна была ўзнагароджана медалямі “За доблесную працу. У гонар 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”, “За працоўную доблесць”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і два разы Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў культуры, значком “За выдатную працу”.
Загадам па бібліятэцы ад 2 лютага 1976 г. за высокія паказчыкі ў выкананні вытворчых планаў і сацыялістычных абавязацельстваў у 9-й пяцігодцы, высокую культуру абслугоўвання чытачоў, вялікую працу па развіцці бібліятэчнай справы ў рэспубліцы, шматгадовую і актыўную працу ў бібліятэцы Л.І. Апацкая была занесена ў Кнігу народнай славы бібліятэкі.
Па дасягненні пенсійнага ўзросту 3 мая 1976 г. сышла на заслужаны адпачынак.
У 2001 г. Лізавета Ігнацьеўна Апацкая скончыла свой жыццёвы шлях.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.
Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін "Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах".