ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі ўзялі ўдзел у Школе маладога бібліятэкара ў Расіі
Адбыліся Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні (+відэа)

Часопісу “Маладосць” – 70

Часопісу “Маладосць” – 70
Іншыя навіны

У красавіку 2023 года сваё сямідзесяцігоддзе адзначае часопіс “Маладосць”, штомесячнае літаратурна-мастацкае і грамадска-палітычнае ілюстраванае выданне, якое стала сапраўднай школай мастацкай і публіцыстычнай славеснасці, выхавала некалькі пакаленняў беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, крытыкаў і літаратуразнаўцаў.

Masherau.jpg

Maladosc_1.jpg

Ініцыятарам стварэння “Маладосці” выступіў Цэнтральны камітэт Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі, першым сакратаром якога ў той час быў П.М. Машэраў. Ужо сама назва падказвае, для каго створаны часопіс. Першы нумар выйшаў у сярэдзіне красавіка 1953 г. Надрукаваны ў ім зварот “Да моладзі” народнага пісьменніка Якуба Коласа пацвярджаў накіраванасць часопіса на асвятленне жыцця, працоўнай і творчай дзейнасці маладога пакалення Беларусі. Менавіта такое выданне і было запатрабавана часам. У ім публікаваліся творы маладых пісьменнікаў – вершы, паэмы, апавяданні, раманы. Такім чынам часопіс адкрываў дарогу да чытача многім пачынаючым літаратарам. Сярод іх А. Разанаў, Я. Янішчыц, Ю. Голуб, В. Шніп, Л. Рублеўская, М. Мятліцкі, А. Бадак, С. Законнікаў, творы якіх пазней увайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры. “Маладосць” таксама дапамагла раскрыцца таленавітым фатографам А. Дзітлаву і В. Ждановічу.

Dzitlau-i-Zdanovich.jpg

На старонках часопіса друкаваліся і пісьменнікі старэйшага пакалення: Якуб Колас, М. Лынькоў, П. Глебка і інш. Аўтарамі выступалі таксама грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы, чытачы. Размяшчаліся публіцыстычныя, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, фотарэпартажы,  ілюстрацыі і рэпрадукцыі твораў выяўленчага мастацтва; матэрыялы на навуковыя, грамадска-палітычныя і гістарычныя тэмы; нарысы пра дзеячаў навукі, культуры, літаратуры і мастацтва, перадавікоў вытворчасці; пераклады літаратурных твораў народаў СССР і замежных краін.

З 1988 г. часопіс пачаў выдаваць серыю “Бібліятэка часопіса «Маладосць»”, у якой друкаваліся і працягваюць друкавацца дэбютныя кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Maladosc_2.jpg

Першым рэдактарам “Маладосці” быў А. Кулакоўскі, які да гэтага працаваў у рэдакцыях часопіса “Беларусь” і газеты “Літаратура і мастацтва”. Пазней ім кіравалі П. Панчанка, В. Зуёнак, Г. Бураўкін, у ім працавалі Я. Сіпакоў, М. Стральцоў, Я. Брыль, М. Аўрамчык.

Kulakouski.jpg

На працягу ўсёй сваёй гісторыі “Маладосць” з’яўлялася аўтарытэтным выданнем, пляцоўкай, якая аб’ядноўвала маладых паэтаў і пісьменнікаў, літаратараў і публіцыстаў,  перакладчыкаў і крытыкаў. Гэту функцыю часопіс выконвае і сёння, прыкладаючы, па меркаванні беларускага літаратуразнаўца, крытыка і пісьменніка У. Гніламёдава, намаганні “…для таго, каб адчыніць дарогу талентам”. Рэдакцыя выдання дае магчымасць маладым аўтарам увайсці ў літаратурнае жыццё. Дапамагаючы ім зрабіць першыя крокі ў літаратуры, яна адначасова стварае высокамастацкае, інтэлектуальнае, духоўнае чытанне для маладых людзей, незалежна ад роду іх заняткаў, імкнецца даць жыццё новым ідэям, якія адказваюць на выклікі часу.

Пазітыўны імідж, выдатны дызайн, высакаякасны кантэнт – такім часопіс “Маладосць” сустракае свой юбілей.

Інфармацыю пра часопіс “Маладосць” можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Бібліяграфічныя звесткі на выпускі перыядычнага выдання, на публікацыі, прысвечаныя часопісу, змяшчае электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Глядзіце таксама: Архіў часопіса “Маладосць”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі пашырае сферы супрацоўніцтва

2 Кас 2023

2 кастрычніка ў бібліятэцы адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адкрыты тэставы доступ да рэсурсаў на платформе CNKI

2 Кас 2023

З 2 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрыты тэставы доступ да электронных навуковых рэсурсаў на платформе China National Knowledge Infrastructure (CNKI), дзе прадстаўлена шырокая калекцыя навуковых часопісаў, электронных кніг, статыстычных штогоднікаў і іншых матэрыялаў на англійскай і кітайскай мовах.

Бібліятэка анлайн

Пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны абмеркавалі ў рамках II культурна-адукацыйнага форуму “Культура сталіцы – 2023”

2 Кас 2023

Форум праходзіць з 25 верасня па 8 кастрычніка ў Мінску і прымеркаваны да святкавання Дня работнікаў культуры, які адзначаецца ў Беларусі ў другую нядзелю кастрычніка.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам