ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Разам супраць СНІДу
Жыццё як антычная трагедыя

Жыццё як антычная трагедыя

Жыццё як антычная трагедыя
Іншыя навіны

Кніга “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго” вартая таго, каб разважаць пра яе падрабязна і непаспешліва, а не толькі радкамі газетнага артыкула.


Самай вялікай бядой нашай крытыкі ёсць простагаварэнне, калі твор і аўтарская задума знікаюць у наўпроставым ацэначным суджэнні ці пераказе…

Між тым самае цікавае заўсёды ў дэталях, падрабязнасцях, у атмасферы, якая ўплывае на ўражлівага чытача іншым разам мацней, чым гладкавыбудаваны сюжэт… Кніга “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго” вартая таго, каб разважаць пра яе падрабязна і непаспешліва, а не толькі радкамі газетнага артыкула.

Перш чым пачынаць размову пра гэтую незвычайную для нашай літаратуры кнігу, варта ўдакладніць яе жанр. Бо гэта той рэдкі выпадак, калі дакладнае вызначэнне жанру мае прынцыповае значэнне для разумення аўтарскай задумы. У дадзеным выпадку, як вынікае з анатацыі, мы маем справу з «дакументальнай біяграфіяй паэта, якая складаецца з аўтабіяграфічнай прозы, успамінаў сучаснікаў, лістоў, архіўных дакументаў, пададзеных у храналагічнай паслядоўнасці». Але спатрэбіцца трошкі ўвагі, каб разабрацца ў ступені дакументальнасці выдання.

Пры першым знаёмстве з кнігай узнікае жаданне сказаць, што яна ўвабрала ў сябе ўсё жыццё Дубоўкі – ад фотаздымкаў да ўспамінаў людзей, якія былі знаёмыя з паэтам у ссылцы. Сапраўды, на сёння гэта дакладна самае поўнае і шматаспектнае прадстаўленне яго біяграфіі. Але такая шчыльнасць і ўсеахопнасць матэрыялу дасягаецца за кошт таго, што ў кнізе пададзены не зусім дакументы, а вытрымкі з іх. Няма тут і рэцэнзій на творы паэта. Між тым яны маглі б патлумачыць адносіны паміж ім і тагачаснай крытыкай. Звяртае на сябе ўвагу і дзіўная лаканічнасць у некаторых спасылках, асабліва ў тых выпадках, калі згаданыя ў спасылках, з публічным асуджэннем якіх выступаў Дубоўка, у хуткім часе былі асуджаныя судом па розных артыкулах (як публіцыст і пісьменнік Лявон Савёнак, лінгвісты Мікола Байкоў і Сцяпан Некрашэвіч, паэт і перакладчык Нічыпар Чарнушэвіч). Аднак у дадзеным выпадку такая падача матэрыялу – гэта хутчэй не недахоп кнігі, а прыкмета жанру і праяўленне прынцыповай творчай пазіцыі яе аўтара.

Так, так, у кнігі ёсць аўтар, хоць яго імені на вокладцы няма, а на тытуле імя пазначана як імя ўкладальніцы, аўтаркі прадмовы і каментатара. Аднак у нас ёсць усе падставы, каб разглядаць Ганну Севярынец менавіта як аўтара нон-фікшн твора, і меркаванне гэтае грунтуецца на тым, што даследчыца не проста знітоўвае дакументы паэтавага жыцця адпаведна лініі яго лёсу, а выбудоўвае мастацкі вобраз свайго героя і яго часу.

Відавочна, неабходнасць у тлумачэнні жанру “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго” адчувае і сама стваральніца кнігі, бо ўжо з першых старонак згадвае… Пушкіна. Такое частае і як быццам незразумелае згадванне расійскага паэта вытлумачваецца тады, калі аўтарка называе кнігу, на якую яна арыентавалася, ствараючы жыццяпіс Дубоўкі, – “Пушкін у жыцці” Вікенція Верасаева і выказвае жаданне аднавіць літаратуразнаўчую “традыцыю, якую распачаў Вікенці Верасаеў”.

Менавіта са слоў “Ты – Пушкін, я перад табой толькі Дзяржавін”, якія быццам бы сказаў Уладзіміру Дубоўку Янка Купала, пачынаецца кніга. Гэтыя словы будуць згадвацца яшчэ не адзін раз, аднак рэальнага пацвярджэння таму, што Купала так думаў, а не жартаваў з маладога самазакаханага паэта, усё ж няма. І наогул невядома, ці былі яны сказаныя... Дзякуючы таму, што ў кнізе перасякаюцца самыя розныя дакументы, чытач мае магчымасць паназіраць, як перакручваў Дубоўка нават самыя простыя падзеі свайго жыцця, ствараючы міфы пра сябе літаральна з нічога.

Іншым разам у яго аўтабіяграфічных аповедах столькі дэталяў і пераканання, што міжвольна верыш і становішся на яго бок, і толькі пазней логіка падказвае, што ўсё магло выглядаць трохі не так для тых, хто быў побач з паэтам. Адпачатку прыняўшы Дубоўку як беззаганнага героя – “новага Пушкіна”, – з цяжкасцю разумееш, што многія яго ацэнкі калег прадыктаваныя элементарнай прафесійнай зайздрасцю, прычым прасцей назваць тых, каго Дубоўка любіў (напрыклад, Кузьму Чорнага), чым складаць доўгі шэраг тых, каго ён не любіў.

Эмацыянальныя асобы могуць быць шакаваныя тым, што гэты “герой на белым кані» мог далучыцца да цкавання Міколы Байкова, якога, па сведчанні Яўхіма Кіпеля, у той час “вельмі цкавалі за тое, што выказаўся супроць Маркса” (с. 101). Відавочна, перабірае Дубоўка і ў барацьбе супраць Цішкі Гартнага, якога неаднойчы выстаўляе ў параўнанні з сабой поўным ідыётам, бездарам і злыднем, хоць дакументы паказваюць, што сам Цішка Гартны той жа манетай Дубоўку і не плаціў (с. 65–67). Непрыгожа выглядае гісторыя з тым, як з прапазіцыі Дубоўкі былі выключаныя з “Маладняка” тры чалавекі з рускай секцыі, прычым “быў скарыстаны нейкі выпадковы повад”, а калі выключаных усё ж аднавілі, Дубоўка заявіў, што сыходзіць з арганізацыі, бо “кінуў пісаць”. Аналагічнае інтрыганства, якое павінна было мець вельмі непрыемныя наступствы, можна назіраць і ў адносінах да члена “Маладняка” Нічыпара Чарнушэвіча, пра якога Дубоўка расказваў “па сакрэце”, што той “не задаволены палітыкай Кампартыі”. Зноў жа, складана чытаць словы Дубоўкі пра тое, што, ваюючы супраць Некрашэвіча і Байкова, ён падаваў даклад у ЦКК ВКП (б), які, па меркаванні самога паэта, “дапамог савецкай грамадскасці разабрацца ў гэтым шкодным выданні”.

Інтрыгі, шантаж, маніпуляванне сябрамі і паплечнікамі… Першую палову жыцця Дубоўка паўстае перад чытачом не толькі яскравым паэтам і арганізатарам, але і геніем хайпу. Гэтыя праявы асобы паэта пары “Маладняка” і “Узвышша” ў вельмі няпросты для ўсёй беларускай інтэлігенцыі час, на наш погляд, з’яўляюцца ўскосным адказам на пытанне, чаму Дубоўка, маючы бясспрэчны талент, так і не стаў “беларускім Пушкіным”, нягледзячы на тое, што аўтар старанна праводзіць гэтую паралель да апошніх старонак.

Тут трэба аддаць належнае Ганне Севярынец: пры ўсім захапленні сваім героем яна засталася вернай праўдзе і не схібіла, раскрыўшы ўсе карты чужога лёсу, якія мела на руках. Разам з тым чытач мае мажлівасць назіраць за духоўнай эвалюцыяй паэта, які паступова, павольна і не па сваёй волі скідвае белае паліто і становіцца падтрымкай і апорай кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.

Наогул, кніга падае нам некалькі вобразаў Дубоўкі, старанна выбудаваных аўтаркай. Самаўпэўнены Дубоўка-масквіч, шэры кардынал беларускага літпрацэсу… Арыштант і ссыльны, які мужна змагаецца з выпрабаваннямі лёсу, праяўляючы якраз у гэтыя часы прыродную высакароднасць… Дубоўка-гаспадар, здатны пабудаваць новае жыццё літаральна з пустэчы… Сібірскі Антэй, які бярэ сілу ад зямлі і выводзіць новыя гатункі раслін… Дзед Мароз, які корміць дзятву цукеркамі і жыве клопатамі пра цяжкахворую жонку…

І тут хочацца зрабіць адступленне… Нягледзячы на тое, што выданне прысвечанае Дубоўку і канцэнтруецца на яго асобе, сапраўдным рыцарам без страху і папроку выглядае ў кнізе якраз жонка паэта Марыя. Ні адзін дакумент, ні адзін ліст, ні адно сведчанне не дае сумневу ў тым, што менавіта гэтая жанчына – узор шляхетнасці, розуму, жаноцкасці! У нечым яе лёс больш трагічны, чым лёс самога паэта.

Усё ж Уладзімір Дубоўка быў прыроджаным лідарам, чалавекам магутнага целаскладу і моцнага духу, здатным прыстасоўвацца да самых дзікіх, нечалавечых умоў. Нават у ссылцы ён знаходзіў сабе справу і занятак дзякуючы практычнасці і адсутнасці страху перад любой працай. Марыя паўстае чалавекам абсалютна іншага характару. І калі тое, што перажываў Дубоўка, чытач успрымае як факт біяграфіі паэта, то тое, што адбываецца з Марыяй, успрымаецца на іншым эмацыянальным узроўні, бо лёгка асацыяваць сябе з гэтай зграбнай невялікай жанчынай.

Рамантычная летуценніца, пазбаўленая гаспадарлівасці (і неаднаразова асуджаная за гэта сваякамі Дубоўкі), у нас на вачах ператвараецца ў чалавека, які ідзе за мужам, як Арфей за Эўрыдыкай, у зямное пекла. Прычым ідзе без слёз, пытанняў, абмеркаванняў... З дзіцём, чамаданамі і бляхамі, якія ўпіхваюць ёй клапатлівыя сваякі наверх непад’ёмных валіз, каб карміла мужа. Яна будзе спускацца за ім у пекла кожны раз, бо ў самога Дубоўкі і думкі не было, што можа быць неяк па-іншаму. Немагчыма чытаць без слёз пра тое, як хавала яна ад хворага Дубоўкі факт смерці роднага сына, а ў адказ атрымлівала лісты, дзе цяжка адшукаць словы “родная”, “дарагая”, “любімая”… І хоць у канцы кнігі ў чытача няма сумневаў, што Дубоўка па-свойму быў прывязаны да жонкі – адданы калі не сэрцам, дык розумам, – яго халаднаватасць і непахіснасць у некаторых пытаннях выглядае на жорсткасць.

Прынцыповая стаўка на асабовае ў падачы матэрыялу якраз і вылучае кнігу сярод іншых публікацый пра Уладзіміра Дубоўку. Першая поўная публікацыя дакументаў па справе Дубоўкі з фондаў навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі, зробленая Уладзімірам Міхнюком у “Полымі” (1996), была сапраўдным адкрыццём для канца мінулага стагоддзя. Але кніга Ганны Севярынец – нешта большае за зборнік дакументаў і сведчанняў. Гэта высокая літаратура, якая прымушае думаць над пытаннямі, пра якія мы часам забываем у кругавароце жыцця. Напрыклад, пра тое, ці прадвызначаем мы свой лёс сваімі ўчынкамі… Пра тое, чым плацяць людзі за сваю прыгажосць і талент. Пра тое, што кожнаму даецца выпрабаванняў роўна столькі, колькі даецца жыццёвай моцы… Лёс Дубоўкі, блізкі па характары падзей да жыцця герояў антычных міфаў, – выдатная глеба для падобных роздумаў.

“Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго” – той рэдкі выпадак у беларускай літаратуры, калі чытач атрымлівае і веды, і эмоцыі, і магчымасць далучыцца да пошукаў новых фактаў пра паэта, чый лёс нікога не пакіне абыякавым.

,Аўтар: Ганна Кісліцына.

Крыніца: газета "Звязда"

Ганна Севярынец: “Паэзія Дубоўкі гарманічная, як музыка Моцарта”

Читайце таксама:

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам