ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Бібліятэкі – неад’емная частка гарадской прасторы: вопыт бібліятэк Капенгагена
Беларусы завяршаюць перавыданне самай раскошнай кнігі 16 стагоддзя

Заручоны з Беларуссю

Заручоны з Беларуссю
Іншыя навіны

Доўгачаканая новая кніга апошніх нататак Уладзіміра Содаля і ўспамінаў яго сяброў і паплечнікаў “Буйніцы і драбніцы” выйшла ў выдавецтве “Лімарыус”. Пра падзею паведаміла ўдава пісьменніка Клара Барысаўна Содаль.

Sodal-1.jpg

Кніга атрымалася ёмістай, на 560 старонак. У том увайшлі ўспаміны, моўныя абразкі, артыкулы, лісты. У кнізе чытач знойдзе безліч цікавых гісторый з жыцця даваеннага Мінска – пра двор пана Русецкага, дзе кватараваў Якуб Колас з сям’ёй, пра ваколіцы Старажоўскага тупіка, пра гасцяванне Ванды Лявіцкай-Лёсік у Купаліхі (Уладзіславы Францаўны), пра аўтограф Максіма Багдановіча, захаваны Зоськай Верас.

Чатыры гады таму доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч выказаў прапанову стварыць збор успамінаў пра рупліўца беларушчыны, былога вядоўцу студыі “Роднае слова” на тэлебачанні, захавальніка Багушэвічавай спадчыны – Уладзіміра Содаля.

У кнігу, якую ўклаў і пракаментаваў Міхась Скобла, увайшлі ўспаміны Васіля Жуковіча, Алеся Жамойціна, Уладзіміра Ліпскага, Міколы Купавы, Анатоля Варавы і родных пісьменніка – Марата Содаля і Аксаны Чылікінай, а таксама назіранні, нарысы, нататкі самога літаратуразнаўцы і даследчыка.

Сустрэчы ён любіў прызначаць “на сваім гародзе” – у Нацыянальнай бібліятэцы. Спачатку думалася, што гарод ужываўся як метафара, як вобраз уробленага палетка, з якога дбайны гаспадар заўжды чакае багатых ураджаяў. Але аказалася, што гарбузападобны гмах бібліятэкі сапраўды вырас на колішнім гародзе Уладзіміра Содаля, і там, дзе сёння ў зацішных чытальнях шалясцяць кніжныя старонкі, шаноўны Уладзімір Ільіч, чый дом узвышаецца праз дарогу, садзіў у свой час памідоры і гуркі. Ён гэтым фактам нібы трошкі і ганарыўся.

Sodal-2.jpg

– Уладзімір Ільіч цікавіўся ўсім, што датычылася Беларусі, – успамінае Клара Барысаўна Содаль. – Ён распытваў суседзяў, сваякоў, знаёмых пра іх родныя мясціны, радаводы. – Ён меў талент заўважаць і занатоўваць самыя маленькія, але цікавыя драбніцы з паўсядзённага жыцця людзей. Нават на полі ён заўважаў незвычайныя каменьчыкі і прыносіў іх дадому. Адзін з такіх камянёў быў падобны на хлеб.

“Уладзімір Ільіч меў фенаменальны філалагічны слых. Моўная назіральнасць дапамагала яму рабіць цэлыя адкрыцці ў літаратуразнаўстве”, – пазначыў у прадмове Міхась Скобла.

“Першую палову 90-х сп. Содаль лічыў найбольш спрыяльным і адпаведна найбольш плённым для сябе часам. За гэтыя пяць гадоў яму ўдалося выдаць пяць новых кніжак: «Кушлянскі кут», «Сцежкамі Мацея Бурачка», «Жупранская старонка», «Тут бачу свой край», «Свіранскія крэскі», а ў 1997 годзе выйшаў грунтоўны фотаальбом «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч». Запомнілася прэзентацыя альбома ў Доме літаратара. Атмасфера свята. Поўная заля людзей, літаратары, навукоўцы”, – узгадвае Святлана Багданкевіч.

Sodal-4.jpg

Клара Барысаўна і Уладзімір Ільіч на вяселлі

“Ён, як мала хто, патрапляў услухацца ў таемныя галасы разложыстай нівы беларускай, пачуць сведчанні слаўных і сціплых творцаў беларушчыны, пакінуўшы па сабе ладнаваты стосік літаратурна-краязнаўчых нарысаў, замалёвак, успамінаў. Гэта ж Уладзімір Содаль, нястомна-праніклівы наш падарожнік, уваскрасіў, сагрэў цяпельцам нятускнай памяці, чалавечага чуцця Люцынку Дуніна-Марцінкевіча, Свіраны і Кушляны Багушэвіча, Вязынку, Бараўцы і Акопы Купалы, Карпілаўку Ядвігіна Ш., Мігаўку Аляксандра Уласава. Гэта ж ён прыпомніў няўцямным менчукам ці мала першасных, пазней перайначаных на савецкі капыл, вулічных назваў іхняга стольнага горада”, – занатаваў Аляксей Каўка.

Sodal-3.jpg

Уладзімір Содаль сустракае з радзільні нявестку з унукам

“Карпілаўка Уладзіміра Содаля – гэта цэлы майстар-клас, як трэба пісаць пра кожны куточак Беларусі, гэта ўрок сардэчнай любові да прыроды, да знакавых постацяў, гэта прыклад для вандроўнікаў і даследчыцкай працы нашай гісторыі, гэта ўрэшце, наталенне, любоцце мастацкім словам”, – напісаў Уладзімір Ліпскі.

“Добры быў чалавек! Самаадданы, шчыры, ласкавы, энцыклапедычна адукаваны, высакародны, збіральнік беларушчыны, вандроўнік, руплівец, патрыёт, добры сем’янін, мэтанакіраваны, самаахвярны, чалавекалюбны, апантаны, ашчадны, разважлівы, гаспадарлівы, кемлівы, дасціпны, успрымальны, зацікаўлены, рознабаковы, пераканальны, шматстайны… Такім мне запомніўся Уладзімір Ільіч”, – напісаў Анатоль Каляда.

Sodal-5.jpg

Унук Сяргей Чылікін

Вось некалькі ўрыўкаў з нататак пісьменніка апошніх гадоў, якія ўвайшлі ў раздзелы новай кнігі “Магія мовы”, “Мая вышыванка”, “Радаводнае дрэва”.

Водар хлеба і слова

Не так даўно вядомы сталічны хлебны магазін, што на Плошчы Перамогі, атрымаў новае найменне. Цяпер ён мае назву “Каравай”. Але не назва мяне зацікавіла, а падслуханы ля касы дыялог.

– Мне “Старажытны”, – кажа адзін.

– А мне “Траецкі”, – просіць другі.

– А мне “Чабаровы”, – гаворыць трэці.

А ёсць яшчэ хлеб “Беларускі”, “Нарачанскі”, “Раўбіцкі”… І гэтакі водар ідзе ад назваў! Слухаючы, як вымаўляюцца ля касы назвы розных гатункаў хлеба, падумаў: вось і нікога змушаць не трэба. У хлебнай краме ўсе гавораць па-беларуску. Сама практыка жыцця вымагае нешта рабіць.Так што не такая ўжо дробязь – найменне тавараў па-беларуску. Чым больш гэтых назваў, тым часцей будзе гучаць наша мова. Хай сабе хлебная крама “Каравай” – яшчэ і не моўны аазіс, але прыемна, што тут цэлы дзень, няспынна, ні на хвілінку не сціхаючы, гучаць родныя назвы. І не абы-якога тавару, а хлеба, нашага надзённага. Хлеб і слова заўсёды павінны быць побач. Абодва яны – вытокі нашага жыцця. У хлеба і слова – адзін водар!

Мая вышыванка

Упершыню я апрануў вышыванку ў 1961 годзе, паўстагоддзя таму. Гэта быў падарунак мне на вяселле. Пазней я даведаўся, якой ахвярай дасталася мне тая вышываная кашуля. Мая стрыечная сястра Люся вучылася тады ў Гомельскім універсітэце. З грашыма было скупа, ведама, студэнтка. І яна мусіла здаваць кроў, каб зрабіць такі каштоўны і незабыўны дарунак. Досыць часта я апранаў прыгожую вышыванку, асабліва ўлетку. Яна і напраўду, як казаў Сяргей Панізнік, халадзіць цела. Другое, вышыванка – гэта заўсёды настрой, свята, урачыстасць, вылучае годна цябе з шэрай масы. Наш трынаццацігадовы ўнук Сяржук распавёў: “Дарагую вышываначку падаравалі мне бабуля Клара з дзядулем Уладзем. Вышыванка – нацыянальная беларуская вопратка. Даўней кожны беларус меў сваю вышываначку. Яе апраналі на святы. Вышыўка на кашулі – не толькі ўкраса. Гэта яшчэ і абярэг. На грудзях маёй кашулі – дзве беечкі з арнаментам. Яны аберагаюць маю душу, даюць натхненне, а воку – аслоду і радасць”.

Мой Мормаль

Сёлета сорак гадоў, як не жыву ў сваім родным мястэчку Мормаль. Жахліва падумаць: сорак гадоў маё мястэчка жыве без мяне, а я без яго. Ці думаў я, ці гадаў калісь, што так будзе, так станецца. Папраўдзе, я ніколі не збіраўся пакідаць свой Мормаль. Пасля школы адразу ж кінуўся ў вір вясковага жыцця, не разважаючы шмат, касіў сена, вазіў бульбу, працаваў на камбайне, здаваў нарыхтоўку дзяржаве. Быў загадчыкам клуба, бібліятэкі, любіў пісаць. Пісаў дзённікі, нататкі ў “Гомельскую праўду”. Не раз турбаваў і менскія газеты. Пісаў і вершы. І вось, улюбёны ў сваю родную вёску, у яе будучыню, восенню 1956 года пакідаю яе, еду аж у далёкі Мурманск. З тае пары я ў Мормалі быў толькі наездамі, пераважна ўлетку. І вось сёлета, праз шэсць гадоў пасля апошняй пабыўкі, я зноў амаль усёй сям’ёй з унукамі, наведаў сваю радзіму. Калі ўбачыў былую школу на свае вочы, ногі падкасіліся – яна была ўся ў руінах, без вокнаў, з прабітымі сценамі, нібы па ёй з гарматаў стралялі. Такой мы ўбачылі яе ў 1944 годзе. Такой я яе ўбачыў у 1996-ым. Зашчымела сэрца… Як жыць людзям, кожны дзень бачачы тыя руіны? Якую аўру ствараюць яны ў Мормалі?

Чаму ў мяне так шчыміць сэрца за лёс рачулкі майго маленства? Нядаўна мне мама расказвала: калі я быў маленькі, хварэў на коклюш. Хвароба паволі забівала мяне. І тады маме падказалі занесці мяне да рэчкі, пасядзець над вадой, і кашаль адхлыне. І яна насіла, і неяк разам з рэчкай выхадзіла мяне. То як жа мне быць абыякавым да рачулкі, якая мяне паратавала? Бруіла тысячы гадоў і раптам сканала на нашых вачах, на вачах тысячы мормальцаў… Сорак гадоў я не жыву ў Мормалі, столькі ж Мормаль жыве без мяне. Дзеці і ўнукі мае нарадзіліся ўжо ў Менску. Але ім карціць ведаць, што гэта за Мормаль такі, пра які мы часта згадваем, сабраўшыся разам. Ён ім спадабаўся. Ім не так шчымела сэрца, як мне…

Эла Дзвінская, фота аўтара і з архіва пісьменніка.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам