Апавяданне Андрэя Федарэнкі “Бляха” ўключана ў анталогію, якая выйшла ў Японіі пад назвай “Зборнік лепшых апавяданняў фантастыкі і фэнтэзі ўсходнееўрапейскіх краін”.
Раней яно шмат перакладалася на еўрапейскія мовы, а вось на японскую – упершыню. Дарэчы, гэта пакуль адзіны твор пісьменніка, перакладзены на японскую.
“Бляху” перастварыў Го Касіна. Праўда, Андрэя Федарэнку здзівіла, што твор аднеслі менавіта да фантастыкі. Відаць, перакладчык палічыў перабольшаным апісаны аўтарам сюжэт пра Чарнобыльcкую трагедыю.
Японская пісьменніца Такано Фуміо (член японскага саюза пісьменнікаў) з адным з японскіх вядучых выдавецтваў “Токіо Согэнся” рыхтавала да выдання зборнік фантастычных апавяданняў усходнееўрапейскіх краін, было выбрана і апавяданне “Бляха”, твор беларускай сучаснай літаратуры. У анталогію “Бляху”, якую наўрад ці можна аднесці да фантастыкі, усё ж вырашылі змясціць.
“Я лічу, што згаданы твор неабходны для маёй анталогіі. Мяркую, для беларускай культуры гэта вельмі значная падзея”, – адзначыла Такано Фуміо ў сваім звароце да Андрэя Федарэнкі.
Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 06.01.2012