ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Да 70-годдзя паэта-песенніка Фёдара Баравога
Яго называлі беларускім Бялінскім

Вынаходнiк аквавiты

Вынаходнiк аквавiты
Іншыя навіны

«У наш век людзi энергiчна ўзялiся за ўладжванне свайго матэрыяльнага дабрабыту. Проста, як глянеш навокал, дык ледзь не «стервенеешь».

Чалавек, якi так разважаў, нарадзiўся 120 гадоў таму, i развагi падобныя занатоўвалiся, калi ён быў у высылцы, у смяротнай небяспецы, i кожнае неасцярожнае слова магло загубiць. Яго звалi Адам Бабарэка, i ён быў адным з самых адукаваных i таленавiтых людзей свайго часу.

Скончыў духоўную семiнарыю

Доўгi час лiчылася, што Адам нарадзiўся ў сям’i беззямельнага селянiна. Але на самай справе бацька Адама быў шаўцом, уладальнiкам невялiкага млына i галантарэйнай крамы. Але ён памёр, мацi выйшла замуж за iншага — а з айчымам адносiны ў Адама не заладзiлiся. I ў статусе сiраты ён паступiў у Слуцкую бурсу, затым скончыў Мiнскую духоўную семiнарыю. Юны Адам быў бунтаром i скептыкам, i ўжо ў якасцi сельскага настаўнiка вёў такiя светапоглядныя спрэчкi з мясцовым святаром, што быў абвешчаны «адшчапенцам i герэтыком».

Кiнуў пiсаць прозу

Бабарэка адразу заявiў пра сябе як пра таленавiтага пiсьменнiка. Акрамя таго, у адрозненне ад iншых пачаткоўцаў, вясковых хлопцаў з багажом рабфаку, у яго была класiчная адукацыя i веданне моў. У 1925 годзе выйшла першая кнiга Бабарэкi — «Апавяданьнi». Сустрэлi яе ўхвальна. Але дваццацiшасцiгадовы аўтар раптам абвясцiў, што гэтая кнiга будзе апошняй. Больш нi апавяданняў, нi вершаў пiсаць не стане. Зоймецца больш патрэбным для Беларусi — лiтаратурнай крытыкай. I слова стрымаў.

A_Babareka_kniha.jpg

Адам Бабарэка пасля першага поспеху адмовiўся ад кар’еры пiсьменнiка на карысць лiтаратурнай крытыцы.

Яго празвалi Гераклiтам Цёмным

Творы Бабарэкi‑крытыка вельмi чытальныя, смелыя, гучаць сучасна. А вось Бабарэка‑прамоўца, падобна, валодаў супрацьлеглым стылем. Чалавекам ён быў добрым, далiкатным, але празвалi яго Гераклiтам Цёмным — па аналогii са старажытнагрэчаскiмi фiлософамi, за тое, што свае думкi выказваў вельмi блытана i доўга.

Сфармуляваў паняцце аквiтызму

Адам Бабарэка быў адным з тых, хто ствараў аб’яднанне «Маладняк», затым «Узвышша». Сакрэт назвы «Узвышша» знаходзiм у нататнiках Бабарэкi: «Асноўны характар Беларусi ў тым, што яна вузел Усходу i Захаду, Поўдня i Поўначы, цэнтр Еўропы, узвышша, з якога разыходзяцца рэкi ва ўсе бакi. Кругом узвышша, а ў сярэдзiне балота (крынiцы), — гэтак высмактаныя прабежнымi рэкамi. Акавiта выцякала рэчкамi ў моры чалавецтва, у выключна чужыя культуры». I менавiта Бабарэка прыдумаў прынцыпы вiтаiзма i аквiтызма ў беларускай лiтаратуры. Вiтаiзм — ад лацiнскага «жыццё», «сiнтэз, стройная сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалiзмам». Аквiтызм — жывая вада, «iмклiвасць, якой прасякаецца мастацкi твор у сваiм iдэале».

Займаўся «сдвигологией»

Бабарэка сачыў за ўсiм, што адбывалася ў сусветнай лiтаратуры. Захапiлi яго i даследаваннi футурыстаў наконт гукапiсу. У прыватнасцi «сдвигологии». Гэта калi на сутыччы слоў з’яўляюцца новыя сэнсы, паэтам не заўважаныя. Бабарэка пiльна адсочваў гукапiс вершаў, бо лiчыў, што «рытмы i мелодыi выклiкаюць вобразы карцiнныя».

На яго спiне былi выразаны зоркi

Калi Бабарэка ў савецкi час працаваў настаўнiкам i павёў сваiх вучняў на экскурсiю ў Пiшчалаўскi замак, тыя заўважылi, што праз белую кашулю на яго спiне прасвечваецца нешта незразумелае. Настаўнiк з няёмкасцю прызнаўся, што калi ў 1920‑х быў арыштаваны польскiмi ўладамi i трапiў у дэфензiву, давялося прайсцi ў слуцкай турме праз катаваннi, i ў тым лiку на яго спiне выразалi дзве вялiкiя зоркi.

Архiў захаваўся дзякуючы маленькай дачцэ

Давялося прайсцi i праз рэпрэсii 1930‑х. Калi Бабарэку арыштоўвалi першы раз, жонцы Ганне ўдалося цудам схаваць яго архiў. Паклiкала малую дачку Алесю, загадала легчы на канапу i зрабiць выгляд, што спiць. Падчас ператрусу дзiця падымаць не сталi, а ў канапе знаходзiлася таемная скрынка з паперамi.

У высылцы спяваў з сям’ёй беларускiя песнi

Жонка з дзвюма малымi дачкамi прыехала да Бабарэкi ў высылку, у гарадок Слабадскi на рацэ Вятцы. Па вечарах садзiлiся ў цемры ўсёй сям’ёй на канапе i спявалi беларускiя песнi — «Зорку Венеру», «А ў полi вярба», «У бубны дахаў вецер б’е», «Не загаснуць зоркi ў небе».

Пiсаў лiсты на каробцы з‑пад зубнога парашку

У 1937‑м Адама Бабарэку арыштавалi паўторна, на гэты раз ён трапiў у лагер. Толькi праз год родныя атрымалi ад яго лiст, якi быў напiсаны на пяцi кавалачках рашчэпленага кардону, адарваных ад каробкi з‑пад зубнога парашку. А канверцiк быў зроблены з пустой пачкi з‑пад махоркi.

Знясiлены Адам Бабарэка памёр у лагернай бальнiцы 10 кастрычнiка 1938 года. Яшчэ нейкi час родныя слалi яму лiсты, грошы, пасылкi. Пра смерць Бабарэкi iм паведамiў чалавек, якi вызвалiўся з лагера.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам