ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Вынаходнiк аквавiты
З верай у дабро і чалавечнасць

Яго называлі беларускім Бялінскім

Яго называлі беларускім Бялінскім
Іншыя навіны

23 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з лекцыяй “Генерацыя творчай думкі, творчы дыяпазон А. Бабарэкі. Адметнасць яго літаратурнай спадчыны” выступіў кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль.

Гэта ўжо другая лекцыя ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, арганізаванага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Доўгі час пра А. Бабарэку можна было прачытаць у даведніках толькі некалькі абзацаў як пра крытыка. Выступоўца паведаміў больш падрабязна пра факты з біяграфіі літаратара, яго вучобу ў Мінскай духоўнай семінарыі, пасля заканчэння якой яму адкрываўся шлях альбо ў настаўнікі, альбо ў святары. Некалькі гадоў ён настаўнічаў на Случчыне.

У 1918 годзе А. Бабарэка напісаў сваё першае апавяданне ў жанры ўтопіі. У 1920-я гады ён ствараў апавяданні, у якіх адлюстроўваліся побыт і жыццё тагачаснай вёскі, і алегарычныя навэлы, накшталт “Казак жыцця” Я. Коласа.

Стылістыка А. Бабарэкі пачала выкрышталізоўвацца, ён звяртаўся да філасофскіх мініяцюр, прыпавесцяў і імпрэсій. Апавяданні з цыклу “Няскончаныя характарыстыкі” адзначаліся імкненнем пранікнуць у глыбокі псіхалагічны свет чалавека. У апавяданні “Нешта пяе” ён імкнуўся спасцігнуць неспасцігальнае, трансцэндэнтнае.

“А. Бабарэка быў самапаглыбленым і самазасяроджаным чалавекам, праз меру аналітычным, – адзначыў В. Жыбуль. – Нават побытавыя дробязі выклікалі ў яго ланцугі філасофскіх разважанняў. Паглыблены псіхалагізм у прозе ён пакінуў свайму сябру Кузьме Чорнаму, а сам шчыльна заняўся крытыкай. Крытык з яго атрымаўся выбітны, наватарскі. Яшчэ пры жыцці яго называлі беларускім Бялінскім”.

У 1920-я гады, калі ва ўмовах савецкай улады адбывалася палітыка беларусізацыі, скіраваная на ўздым беларускай культуры, А. Бабарэка вітаў рэвалюцыйную рамантыку. Адбываўся росквіт беларускай літаратуры, з’яўлялася больш беларускіх выданняў, літаратары мелі магчымасць выразна самавыяўляцца. А. Бабарэка праявіў сябе чалавекам сінтэзу, у яго літаратурных працах сустракаецца шмат філасофскіх разважанняў, у дзённіках і нататніках спалучаюцца рысы філасофіі і літаратуразнаўства.

Ён прысвячаў свае даследаванні творчасці Язэпа Пушчы, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны. Персаналіі беларускай літаратуры ён імкнуўся ўпісаць у своеасаблівую іерархію.

Яго хвалявалі ўзаемаадносіны паміж аўтарам, літаратурным творам і чытачом, колазварот слова ў літаратурным працэсе. Ён разважаў пра сутнасць паэта ў тагачасным грамадстве і аналізаваў, як гэта сутнасць пераасэнсоўвалася рознымі аўтарамі. Адам Бабарэка быў адным з рухавікоў тагачаснага літаратурнага працэсу, спараджаў тэорыю, якую ўвасаблялі ў жыццё яго больш экстравертныя сябры – У. Дубоўка, Я. Пушча.

А. Бабарэка рабіў спробу раскласці вершы беларускіх паэтаў па нотных партытурах. На прыкладзе твораў Я. Пушчы ён аналізаваў успрыняццё чытачом паэтычнага слова, успрыманне яго фанэтычнага боку, разглядаў паэзію з пункту гледжання музыкальнасці, меладычнасці, схіляўся да словатворчасці, шукаў патаемны сэнс слоў.

У 1923 годзе ён стаў адным з тэарэтыкаў і заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а праз некаторы час і “Узвышша”. У 1925 годзе выйшла кніжка яго апавяданняў, крытычныя працы засталіся невыдадзенымі, яны захаваліся ў перыёдыцы і ў рукапісах у яго архіве. У 1930-я гады сацыяльны падтэкст яго твораў набыў палітычнае гучаннне, пачаліся арышты членаў “Узвышша”, не пазбегнуў іх лёсу і А. Бабарэка.

Даследчык паведаміў пра лёс жонкі Адама Бабарэкі Ганны Іванаўны, якая была настаўніцай, і яго дзвюх дачок – Элеаноры і Алесі. Падчас лекцыі прагучалі ўрыўкі з апавяданняў і крытычных артыкулаў слыннага крытыка.

Паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль з’яўляецца ўкладальнікам Збору твораў А. Бабарэкі. Матэрыялы з сямейнага архіва для двух тамоў прадаставіла ў 2010 годзе дачка пісьменніка Алеся Адамаўна. Наступная лекцыя В. Жыбуля, прысвечаная Адаму Бабарэку, адбудзецца 30 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Эла Дзвінская спецыяльна для інтэрнэт-партала НББ. Фота аўтара.

Навіны

Краязнаўчыя рэсурсы публічных бібліятэк на віртуальнай пляцоўцы НББ

27 Ліс 2020

24–25 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі для бібліятэк Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей прайшлі навучальныя мерапрыемствы, якія закрылі серыю вебінараў, прысвечаных краязнаўчым інфармацыйным рэсурсам публічных бібліятэк.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш, чым пісьменнік: адкрылася выстаўка “Княства вобразаў і слоў” (+ відэа)

26 Ліс 2020

26 лістапада а 17-й гадзіне ў галерэі “Мабільная” (3-ці паверх) адбылося адкрыццё выстаўкі “Княства вобразаў і слоў”. Экспазіцыя прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы прайшло пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі

27 Ліс 2020

26 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

#BelBookChallenge 2020 – на старт!

27 Ліс 2020

Калі вы даўно хацелі бліжэй пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай, але Сусвет усё ніяк не падаваў вам знак, то – вось ён! З 26 лістапада па 6 лютага ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча Нацыянальная бібліятэка запускае кніжны чэлендж. Кіньце кніжны выклік самому сабе!

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віншуем: генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі абраны прэзідэнтам Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі!

25 Ліс 2020

25 лістапада на XXIV Агульным сходзе членаў некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі” (БАЕ) прайшлі выбары прэзідэнта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111