ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Каладзееўскія чытанні” да 210-гадовай гадавіны падзей вайны 1812 г. на Барысаўшчыне
У бібліятэцы адбыліся музейныя чытанні “Сустрэча з шахматнай казкай”

Цікавосткі сельскіх бібліятэк Вілейскага раёна

Цікавосткі сельскіх бібліятэк Вілейскага раёна
Іншыя навіны

Публічныя бібліятэкі Вілейшчыны – важны элемент інфармацыйнай прасторы Мінскай вобласці. Людзі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім і культурным жыцці, таму і рэсурсы, паслугі, што прапаноўваюць бібліятэкі наведвальнікам, карыстаюцца попытам. У сістэме Вілейскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ганны Новік 14 сельскіх бібліятэк. Шэсць з іх інтэграваныя са школьнымі: Чурлёнская, Мацькоўская, Партызанская, Людвіноўская, Даўгінаўская, Ільянская. Спачатку мы завіталі ў Любанскую сельскую бібліятэку. Цікава, што размешчана яна ў будынку мясцовага клуба, а значыць, тут ні на хвіліну не згасаюць натхненне і творчасць.

Любая людзям Любань

Бібліятэкар Алена Кізік адзначае: у іх мястэчку чытаць любілі заўсёды. Яна памятае, як тут усяго чатыры гады пасля Вялікай Айчыннай для кнігалюбаў быў адведзены пакойчык у будынку канторы калгаса. Прасторная бібліятэка з'явілася пазней, у 1973-м.

З той пары традыцыі чытання ў Любані пачалі развівацца хутчэй.

Сёння ў мястэчку каля 900 жыхароў. Сельская бібліятэка і клуб для вяскоўцаў – адзіная пляцоўка, дзе можна не толькі пашырыць кругагляд, прачытаўшы тую ці іншую кнігу, але і прадэманстраваць свае таленты, пачуць слушную параду, ды і на поспехі іншых падзівіцца. Гэта адметнасць сельскай бібліятэкі адразу кінулася ў вочы, як толькі пераступілі парог вялікай хаты-чытальні, або, па-сучаснаму, стацыянарнага сацыяльнага пункта.


Алена Кізік

Мясцовыя жанчыны, а яны, па словах бібліятэкара, самыя актыўныя наведвальнікі ўстановы, сабраліся за вялікім сталом, каб абмеркаваць праблемы, падзяліцца поспехамі ў садах і агародах.

– Любім сабрацца, каб адпачыць трохі ад хатніх клопатаў, – расказвае Людміла Уладыка Тут і сябровак сустрэнеш, і цікавае што пачуеш.

Жанчына даўно на заслужаным адпачынку, цяпер больш часу прысвячае вырошчванню кветак. Яе клумбы буяюць з ранняй вясны да позняй восені. Сакрэтамі хобі дзеліцца і з аднавяскоўцамі.


Аліна Дубаневіч і Людміла Уладыка

Сярод чытачак бібліятэкі і даяркі, і аграномы, і медыкі. Ветэрынарны фельчар Аліна Дубаневіч расказвае: калі ў час працы лячыла ад розных хвароб цялят, часта прымяняла і лекавыя расліны як добры сродак пры дэзінфекцыі. А на пенсіі захапленне зёлкамі перайшло на больш высокі ўзровень: жанчына збірае дзясяткі розных лекавых раслін, шмат якія вырошчвае на агародзе.

– Мята, календула, рамонак, баркун, ісоп, меліса, медуніца, лаванда маюць не толькі лекавы эфект, але і цудоўны водар, – расказвае Аліна Дубаневіч.  Сушу зёлкі ў электрасушылцы, шмат якія нашу для асвячэння ў царкву. Потым частую гарбатай вернікаў, а таксама сябровак у бібліятэцы.

Аліна Дубаневіч – сапраўдная майстрыха! Сваімі рукамі шые шыкоўныя шалі, сумкі і аздабляе іх гузікамі, бісерам.

Яўгенія Цуранава ў маладосці працавала фельчарам, а цяпер стараста вёскі Любань. Акрамя заахвочвання мясцовых жыхароў на суботнікі, яна ладзіць для іх хвілінкі здаровага ладу жыцця. Ужо не першы год у любое надвор'е выходзяць з сяброўкамі на шпацыр. Кожны дзень па некалькі кіламетраў. Ад таго жанчыны, нягледзячы на сталы ўзрост, бадзёрыя, актыўныя, энергічныя.

– Лепшы сродак для захавання маладосці – хадзьба, – гаворыць Яўгенія Цуранава. – Акрамя таго, пазітыўнае стаўленне да сябе, людзей і, канечне, падтрымка воднага балансу.

Тамара Гарачава – аграном. Больш за дзесяць гадоў працавала на мясцовай сортастанцыі, цяпер займаецца хатняй гаспадаркай. Куры, козы, трусы – усё вялікай сям'і патрэбна. Валянціна Кляпец, у мінулым ветурач, захапляе зямлячак дзівосамі са свайго агарода: вырошчвае салодкія кавуны і маліну буйную сартавую, што дае некалькі ўраджаяў за год. Валянціна – сціплая жанчына. Пра яе руплівасць у працы распавядаюць сяброўкі: «А якое ж прыгожае лецішча ў нашай Валі! Там нават фігурка рыбака і драўляны масток праз рачулку сваімі рукамі зроблены!»


Бібліятэкар Чурлёнскай бібліятэкі Вілейскага раёна Марына Пашкевіч з актыўнымі чытачкамі Янінай Рогач і Ульянай Смірновай

Жанчыны за кубачкам гарбаты з духмяным печывам успамінаюць з гумарам пра жыццё-быццё і дзякуюць бібліятэцы за атрыманыя веды, магчымасць адпачыць і ў цёплай кампаніі аднадумцаў сапраўды сагрэцца душой.

Кросны жыцця

А мы трымаем шлях далей – у аграгарадок Лыцавічы Вілейскага раёна, дзе знаходзіцца Чурлёнская бібліятэка, інтэграваная са школьнай. Установа налічвае 265 чытачоў, адметнасць яе ў тым, што тут ужо некалькі гадоў рэалізуецца праект «Кросны». 

– Наша бібліятэка – своеасаблівы цэнтр лакальнай культуры, дзе сабрана інфармацыя па гісторыі мясцовасці, а таксама калгаса і розных устаноў раёна, – расказвае бібліятэкар Марына Пашкевіч У нас можна даведацца пра аднавяскоўцаў, пра рамёствы, якімі яны займаліся. Але самае галоўнае – можна дакрануцца да гісторыі, прадметаў побыту нашых продкаў, да прац майстроў саломапляцення, да сапраўднага ткацкага станка.


Яніна Рагач і Ульяна Смірнова

Марына Уладзіміраўна запрашае ў пакойчык, цэнтральнае месца ў якім займае вялікі ткацкі станок. Тут яна вучыць юных наведвальнікаў ткаць, знаёміць з мясцовымі абрадамі і звычаямі. Адзін з іх – збор лекавых раслін. А гэта, адзначае Марына Уладзіміраўна, таксама наша гістарычная памяць.

У бібліятэцы заўсёды рады гасцям. Марына Уладзіміраўна пячэ пірагі, частуе наведвальнікаў мерапрыемстваў незвычайнымі стравамі. Напрыклад, гатуе флячкі са свінога страўніка, а таксама раўгеню і закуску са смаўжоў.

Звяртаю ўвагу на палічкі са скрынкамі з подпісам «Чурлёнскія зёлкі». У музейным кутку яны на асобным месцы. Марына Уладзіміраўна заварвае духмяную гарбату і расказвае: штогод перад Купаллем выходзіць з дзецьмі на збор траў.

– Здаўна нашы бабулі лячылі травамі шмат якія хваробы, – гаворыць яна.  У кожнай скрыначцы не толькі смак мясцовых кветак, але і мноства карысці для здароўя! Выходзім у поле, вывучаем гісторыю краю, прычашчаемся да красы зямлі. Невялічкімі крокамі наша бібліятэка выйшла на такі накірунак дзейнасці, як адраджэнне бібліятэчнага краязнаўства. І тут перад намі адкрыліся вялізныя выхаваўчыя магчымасці. З дапамогай краязнаўчага матэрыялу можам выхоўваць грамадзяніна краіны не на абстрактных ідэалах, а на сапраўдных прыкладах з жыцця бацькоў, аднавяскоўцаў, на падзеях з гісторыі вёскі, што запісвалі і збіралі разам.

Каб наладзіць працу, у бібліятэцы стварылі куток сялянскага побыту, дзе знайшлі сваё месца верацёны, матавілы, на якіх сукалі ніткі, столік з гнуткай лазы, прас, ільняная мялка, калаўрот. Разам з прыладамі працы адзін з мясцовых жыхароў прынёс нумар «Сельской газеты» 1964 года. Цяпер ён займае сваё пачэснае месца на нашай выставе, прысвечанай Году гістарычнай памяці.

Галоўны экспанат у музеі бібліятэкі – кросны.

– Да нас прыходзяць не толькі ўзяць кнігу, але і дакрануцца да мінулага продкаў, – адзначае Марына Пашкевіч. – Убачыць тыя сакральныя ўзоры, што ўпрыгожвалі беларускую хату стагоддзе таму, што суправаджалі вілейскіх аднавяскоўцаў ад калыскі да труны. Зрабіць так, каб старадаўнія ткацкія станкі не спарахнелі на гарышчах старых хат, а былі патрэбныя дзецям і ўнукам, – наша задума сёння.

Марына Уладзіміраўна тчэ на дзвюх нітках, якія прыводзяцца ў рух дзвюма педалямі. Вырабляе палавічкі, сурвэткі, сумкі… Аднавіць рамяство ўдалося дзякуючы мясцовай жыхарцы Валянціне Рогач, якая перадала майстэрства маладому пакаленню.


Марына Пашкевіч

Апантаная працай Марына Пашкевіч упэўнена: вёска будзе жыць, калі яе жыхары прыкладуць усе намаганні, каб захаваць гістарычную спадчыну. Таму пачалі праводзіць тэатралізаваныя мерапрыемствы: Каляды, Масленіцу, Вялікдзень, Багач, Журавінавы фэст і многія іншыя. Чурлёнская бібліятэка – сапраўдны культурны цэнтр Вілейскага краю.

Аўтар публікацыі: Марына Кузьміч.
Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам