ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Бяспечная праца – права кожнага чалавека
Уручаны медалі Васіля Віткі

Сімфонія кахання. Вясельная фатаграфія канца ХІХ – сярэдзіны ХХ ст.

Сімфонія кахання. Вясельная фатаграфія канца ХІХ – сярэдзіны ХХ ст.
Іншыя навіны

Пад такой назвай у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага распачала работу чарговая выстаўка з цыкла “Дакрануцца да гісторыі”.


У Гродне ўпершыню прадстаўлена гістарычная вясельная фатаграфія ў асобнай экспазіцыі. Яна ахоплівае перыяд з канца ХІХ па 1960-я гады ХХ стагоддзя. Выстаўка дае вельмі багаты фактычны матэрыял для вывучэння гісторыі фотамастацтва ў Гродне, развіцця вясельнай моды, а таксама дазваляе выявіць некаторыя этнаграфічныя моманты беларускага вяселля.

Першыя вясельныя фатаграфіі ўяўлялі сабой выключна студыйныя работы і датаваліся XIX стагоддзем. Тэхнічныя прылады ў той час былі габарытнымі і цяжкімі, што не дазваляла фатографу прысутнічаць на вясельнай урачыстасці. З-за тэхнічнай недасканаласці фотаздымкі часцей за ўсё вырабляліся ў адным экзэмпляры. Для такіх фатаграфій даводзілася пэўны час заставацца ў нерухомым стане. Таму мадэлі на старадаўніх фотаздымках статычныя і напружаныя, у чым можна пераканацца, гледзячы на прадстаўленыя на выстаўцы здымкі таго перыяду.

Пачынаючы з 1860 г. у Гродне існаваў цэлы шэраг фотамайстэрань. У большасці з іх працавалі сапраўдныя майстры сваёй справы. У гісторыі гродзенскага фотамастацтва вядомы імёны Ліпы Блоха, Якава Салавейчыка, Лейбы Гельгора, Зельмана Карасіка, Марка Рубінштэйна, Мордуха Папірнага.

У экспазіцыі аддзела мастацтва маюцца вясельныя фотаздымкі Л. Гельгора, М. Рубінштэйна, З. Карасіка, Д. Анерыка. Кожны з майстроў вызначаецца сваім асаблівым кампазіцыйным стылем. Іх фотаздымкі можна пазнаць таксама па характэрных інтэр’ерах фотастудый.

У Гродне ў 20–30-я гады вельмі папулярнай была фотастудыя Venus. Яе майстры добра асвоілі групавыя вясельныя фотаздымкі. Кампазіцыйнай знаходкай у Venus з’яўляецца пасадка ў тры чвэрці нявесты на ўзвышэнні каля жаніха і ў акружэнні іншых удзельнікаў вяселля.

Існавалі фотастудыі таксама ў іншых павятовых гарадах на тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны. Асабліва многа іх было ў Ваўкавыску. Арыгінальныя фотаздымкі прадстаўлены з фотастудый Дзятлава, Ражанкі, Новага Двара.

Вельмі цікава разглядаць старадаўнія фотаздымкі з гістарычнага пункту гледжання. Напрыклад, у аспекце гісторыі вясельнай моды.

Сучасныя беларускія нявесты апранаюцца падобна – у асноўным у белую пышную доўгую сукенку. Як бы ні выглядала дзяўчына, ніколі нельга сказаць дакладна: “Гэта нявеста з Гродна або Пінска”.

Зусім іншая справа была ў мінулым, калі маладая ішла да шлюбу ў беларускім нацыянальным строі: у кожным рэгіёне вясельнае адзенне мела свае асаблівасці, па якіх адразу лёгка было адрозніць прадстаўніцу аднаго раёна ад другога. Пабачыць традыцыйныя вясельныя строі, якія насілі на Беларусі нашы прабабулі, магчыма ў кнігах з фонду бібліятэкі, прадстаўленых ў экспазіцыі і на кніжнай выстаўцы.

Цяпер перавага аддаецца еўрапейскай вясельнай модзе, адкуль і прыйшла да нас белая шлюбная сукенка. Сілуэты вясельных сукенак дакладна паўтаралі модныя сілуэты звычайных сукенак. Так, у эпоху крыналінаў вясельныя сукенкі былі з крыналінам (60–70-я гг. XIX стагоддзя), у 90-я гг. таго ж стагоддзя пайшла мода на турнюры – вясельныя сукенкі маментальна падпарадкаваліся гэтаму павеву, а калі наступілі гады ар-дэко (20-я ў ХХ стагоддзі) – набылі строгія геаметрычныя формы. Прыклады такіх сукенак можна падрабязна разгледзець на прапанаванай выстаўцы.

У ХХ стагоддзі вясельная сукенка зведала кардынальныя перамены. У 1924 г. у жаночай модзе рэзка скарацілася даўжыня спадніцы. Ідэал прыгажосці ў 20-я гады – гэта вуглаватая дзяўчына ў простай сукенцы з прыспушчанай таліяй і ў капялюшыку-кацялку. На кароткія валасы накінута фата, а паверх фаты надзеты флёрдаранж (вянок). Дадатковымі аксесуарамі былі пальчаткі і сумачка. Фотаздымкі 1920–30-х гадоў асабліва шырока прадстаўлены на выстаўцы.

Яшчэ адзін цікавы аспект вясельнай фатаграфіі – абрадавы. Пра тое, што ж нам засталося ад традыцыйнага беларускага вяселля і як гэта адлюстравалася ў фотаздымках, мы таксама даведаемся з фотавыстаўкі. Цікавымі з’яўляюцца шматлікія фотаздымкі вяселля са сватамі, дзе добра відаць атрыбуты свата: перавязаны ручнік, упрыгожаны кій. Многа фотаздымкаў шафераў і шаферак, касцельнага шлюбу, вясельнага поезда, вясельнага застолля, каравайнага абраду і інш.

На выстаўцы можна пазнаёміцца таксама з Перадшлюбным дакументам 1929 г. і Дабравольнай умовай 1930 г., дзе агаворваюцца і пасаг нявесты, і тое, як старэйшы брат рабіў выправу на вяселле малодшаму.

Цікавыя эмігранцкія фотаздымкі, пашпарты гродзенцаў – царскія, польскія, савецкія, у якіх абавязкова ўказваецца грамадзянскі статус чалавека, пасведчанні аб шлюбе, вясельныя пярсцёнкі, вырабленыя з медных манет, фотатэхніка і фотаабсталяванне 1950-х гадоў і многае іншае – звыш 300 экспанатаў.

Фотаздымкі і прадметы на выстаўку прадстаўлены з калекцыі Аляксандра Сявенкі, з дамашніх альбомаў супрацоўнікаў бібліятэкі і чытачоў аддзела мастацтва.

Крыніца: Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам