ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”
“Тарас на Парнасе” стане сімвалам

Што напісаў Гамлет?

Што напісаў Гамлет?
Іншыя навіны

Выкладчыкі, навукоўцы б’юць трывогу: маладыя людзі не чытаюць, бібліятэкі не наведваюць, кніг не набываюць, ды што казаць, нават студэнты-філолагі, замест знаёмства з поўным тэкстам класічнага рамана, усё часцей выбіраюць яго скарочаны пераказ.


Ці сапраўды так? Якія меры прымаюцца ў краіне для папулярызацыі кнігі і чытання? Ці варта рэкламаваць кнігу, каб зрабіць яе больш запатрабаванай і нават моднай сярод моладзі? Ці працуе рэклама ў гэтым не зусім камерцыйным сегменце грамадскага жыцця?

На гэтыя ды іншыя пытанні спрабавалі адказаць удзельнікі “круглага стала” “Дзяржаўная падтрымка і папулярызацыя чытання ў Рэспубліцы Беларусь”, што прайшоў у грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы. Свае меркаванні выказалі прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны, Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, Мінгарвыканкама, Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк сталіцы.

Год кнігі не скончыўся
Намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Наталя Задзяркоўская:
– Без дзяржаўных мер па каардынацыі, фінансаванні складана наладзіць сістэмную працу па падтрымцы і папулярызацыі чытання. У якасці прыкладу мы можам успомніць 2012 год, які быў аб’яўлены ў нашай краіне Годам кнігі.

Міністэрства культуры як адзін з арганізатараў і актыўных удзельнікаў Года кнігі прыйшло да высновы, што актыўную працу па папулярызацыі чытання варта працягваць. На дзяржаўным узроўні быў прыняты праграмны дакумент “Сістэма мер, накіраваных на падтрымку і развіццё чытання ў Рэспубліцы Беларусь на 1913 – 1915 гг.”, які быў зацверджаны міністрам культуры краіны. Але ў яго фарміраванні ўдзельнічалі ўсе зацікаўленыя ведамствы і грамадскія арганізацыі. Гэта Міністэрства інфармацыі Беларусі, што адказвае за фарміраванне кніжнага рынку, Міністэрства адукацыі краіны, Нацыянальная акадэмія навук, Мінгарвыканкам і абласныя выканаўчыя камітэты, Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У гэтым дакуменце мы пастараліся ахапіць усе магчымыя кірункі працы, якая датычыць перадусім насычэння інфармацыйнага рынку звесткамі пра кнігі, пісьменнікаў, правядзення розных фестываляў чытання, бібліятэчных праектаў і праграм, акцый. У плане ёсць і навуковая частка, што ўключае правядзенне канферэнцый, семінараў па праблемах чытання, правядзенне сацыялагічных даследаванняў, арганізацыю літаратурных конкурсаў.

Замест рамана – кліп
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сяргей Гаранін:
– Добра, што грамадства звяртае ўвагу на пытанні папулярызацыі кнігі, бо такая праблема існуе не толькі ў дзіцячым, але і дарослым, нават студэнцкім чытанні. У 1970-я гады мы былі самай чытаючай краінай у свеце, а цяпер прыходзім да таго, што трэба прымаць комплекс мер, выкліканы выпадзеннем літаратуры з актыўнага ўжывання ў сферы культуры. Для беларусаў гэта можа мець катастрафічныя наступствы, бо наша культура фарміравалася як літаратурацэнтрычная. Пісьменнік не проста займаўся сваёй справай і зарабляў грошы, але яго тэксты выконвалі шмат грамадскіх функцый. Сёння ж назіраецца страта вядучых пазіцый чытання і перадача іх нейкім іншым відам камунікацыі. Існуе шмат сур’ёзных навуковых праблем, што могуць вырашацца супольнымі намаганнямі. Варта звярнуць увагу і на каштоўнасныя арыентацыі чалавека. Маецца на ўвазе праблема з пэўнай кліпавасцю сучаснага мыслення, што развіваецца ў выніку актыўнага карыстання інтэрнэтам. Гадоў 15 таму я назіраў за сваяком, які глядзеў па тэлевізары адначасова некалькі фільмаў. Калі пачыналася рэклама, ён пераключаўся і паспяваў сачыць за іншымі сюжэтамі. Для майго пакалення ўсё яшчэ разбуральная рэклама, што перарывае фільм. Калі чалавеку з кліпавым мысленнем даць вялікі раман, то ён яго не ўспрыме цалкам. Гэта псіхалагічная, сацыяльная, філасофская праблема. Сучасны свет увогуле перагружаны вельмі складанай дакументальнай інфармацыяй, якой мастацтва проста саступае.

Вырашэнне гэтых пытанняў магчымае толькі ў супрацы цэлага шэрагу грамадскіх інстытутаў пачынаючы ад Саюза пісьменнікаў і завяршаючы школай. Месца і роля Акадэміі навук тут бачыцца ў правядзенні культурна-асветніцкай работы ў розных установах краіны, даследаванні сучаснага літаратурнага працэсу. Магчыма, нам варта арганізаваць працу па маніторынгу чытацкага попыту і кніжнага рынку, што дазваляла б сачыць за развіццём літаратуры і чытацкіх інтарэсаў. Думаецца, такое даследаванне адказала б на многія пытанні.

Запрашаем у бібліятэку
Дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяна Швед:
– Цяпер у сталіцы працуе 18 дзіцячых бібліятэк. Я б не сказала, што дзеці і іх бацькі не чытаюць. Чытаюць усе і паўсюль, проста не так, як мы прывыклі. З планшэта, тэлефона, розных старонак у інтэрнэце. Часта можна пачуць меркаванне, што дзеці не чытаюць кніг на беларускай мове, з якім я таксама магу паспрачацца. Сапраўды, выдаецца досыць мала вартых увагі беларускамоўных кніг для дашкольнікаў, малодшых школьнікаў, падлеткаў. Ёсць пісьменнікі, творы якіх з задавальненнем чытаюць, і мы іх заўсёды просім, каб пісалі больш. Не так даўно праводзілася невялікае анкетаванне, і нашы чытачы называлі такіх аўтараў, як Алесь Бадак, Навум Гальпяровіч, Яўген Хвалей, Алена Турава, Мікола Чарняўскі, Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак. Іх кнігі карыстаюцца попытам. Але справа ў тым, што выдавецкая сістэма краіны не паспявае за чытачом: праходзіць год-два, і наша прапанова пастаяннаму наведвальніку бібліятэк і аматару беларускай літаратуры вычэрпваецца. За гэты час не паспявае выйсці дастатковая колькасць кніг.

Магу распавесці яшчэ пра адну з’яву. Чытач памаладзеў. Нашу бібліятэку цяпер часта наведваюць дашкольнікі і малодшыя школьнікі. Можа, спрыяе той факт, што кнігі ў крамах досыць дарагія, і калі бацькі бачаць, што ў бібліятэцы іх можна ўзяць бясплатна, то з задавальненнем завітваюць сюды з дзеткамі. А яшчэ – запрашаюць сваякоў і знаёмых. Мы стараемся праводзіць рэкламныя акцыі і працаваць з чытачамі індывідуальна. Гэта вельмі важна.

Шукаю чытача…
У часы панавання рынкавай эканомікі і актыўнага карыстання метадамі агрэсіўнага маркетынгу кнігі застаюцца сферай сціпласці. Маўляў, калі чытач захоча знайсці нейкае выданне, ён абавязкова завітае ў кнігарню ці бібліятэку і атрымае жаданае. Сапраўды. Але такое меркаванне слушнае толькі са сталым чытачом, які ведае, што, дзе, калі пашукаць, набыць і пачытаць. А што рабіць у выпадку, калі чалавеку, магчыма, было б цікава пазнаёміцца з кнігай ці пісьменнікам, ды ён проста не ведае, што гэтая сфера жыцця існуе, яму не паказалі “жывога аўтара”, не прывялі за руку на прэзентацыю ці элементарна – не паведамілі пра кнігу ў шырокай рэкламе.

Да прыкладу, Таццяна Швед распавяла:
– Пасля капітальнага рамонту мы адкрывалі дзіцячую бібліятэку ў Чыжоўцы, на вуліцы Убарэвіча. Таму звярнуліся ў Мінсктранс з прапановай даць новую назву прыпынку, які знаходзіцца побач. І чытачоў стала больш. Некаторыя нават казалі: “Я тут дзесяць гадоў жыву, але не ведаў, што непадалёк ёсць бібліятэка. Ехаў у транспарце, пачуў назву прыпынку “Дзіцячая бібліятэка”, нават і не патрэбна мне тут выходзіць, але я зайшоў у бібліятэку”.

Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Марына Ясюк лічыць, што ў Беларусі кніга рэкламуецца досыць актыўна:
– Не так даўно ў нашай краіне прайшоў Год кнігі, тады былі і цытаты класікаў на білбордах, дагэтуль на тэлебачанні з’яўляюцца вядомыя людзі і чытаюць. У дзіцячай бібліятэцы быў конкурс, калі вядомыя акцёры, выканаўцы, прадстаўнікі шоу-бізнесу пераапраналіся ў літаратурных герояў і раздавалі плакаты з творамі. І нават калі сёння мы ўключым раніцай тэлевізар, то пабачым праграму, прысвечаную кнігам.

Адказ моладзі
Але ці толькі дарослыя беларусы непакояцца пра становішча ў галіне? Ці варта казаць, што ўся моладзь – на адзін капыл: не чытае, не цікавіцца, не хвалюецца за лёс кнігі? Адказ я знайшла… у сацыяльных сетках, аднойчы напаткаўшы ў адной з папулярных суполак анкету “Ці чытаюць беларусы?”. Натуральна, пазнаёмілася з аўтарамі і перадгісторыяй, папрасіла падзяліцца вынікамі. Падкрэслю, што гэтая праца не можа прэтэндаваць на ўсёабдымнасць ахопу пытання, але дазваляе заўважыць некаторыя цікавыя тэндэнцыі, а таксама зрабіць пэўныя высновы. Аўтарамі даследавання з’яўляюцца студэнткі другога курса Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ Анастасія Ляхавец і Ганна Барысевіч.

– Пытаннем, ці чытаюць беларусы, я зацікавілася, калі набывала квіткі ў тэатр на “Гамлета”, – распавядае Анастасія. – Якое было маё расчараванне, калі дзяўчына ў касе з упэўненасцю сказала, што Гамлет – гэта аўтар і напісаў ён “Рамэа і Джульету”. Я была здзіўленая: няўжо некаторыя не ведаюць Шэкспіра?

Набліжалася навуковая канферэнцыя ва ўніверсітэце, таму мы з сяброўкай не маглі не закрануць праблему чытання ў сваім даследаванні. У ходзе працы ўсё больш здзіўляліся. Так, у выніку стала вядома, што 71 працэнт апытаных лічыць зніжэнне інтарэсу да чытання сапраўднай праблемай. Толькі 22 працэнты рэспандэнтаў у вольны час чытаюць кнігі. Пры гэтым фільмы глядзяць 31 працэнт. Цікава і тое, што людзям дастаткова пазнаёміцца з экранізацыяй рамана, а не чытаць яго.

Вельмі сумна выглядае сітуацыя з чытаннем беларускай літаратуры. Так, 61 працэнт апытаных зазначылі, што не любяць чытаць па-беларуску. Прычынамі непапулярнасці беларускай літаратуры з’яўляюцца неразуменне мовы (38 працэнтаў), няведанне аўтараў (26 працэнтаў), незацікаўленасць сюжэтам (23 працэнты). Некаторыя адказвалі, што лічаць беларускую мову непрыгожай, а іншыя бачаць непапулярнасць айчыннай літаратуры ў непапулярнасці мовы. На пытанне пра тое, якіх сучасных беларускіх аўтараў ведаюць, рэспандэнты часцей за ўсё называлі імёны, што сталі знакавымі ў савецкі час ці яшчэ раней: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Якуба Коласа, Янкі Купалы. Аднак знаходзіліся і тыя, хто не змог назваць нават аднаго аўтара.

Па меркаванні нашых суайчыннікаў, зрабіць літаратуру больш папулярнай маглі б рэклама і папулярызацыя чытання (31 працэнт), распаўсюджванне бясплатных кніг (17 працэнтаў), ізаляванне ад камп’ютара (19 працэнтаў), нічога (13 працэнтаў).

Пад час даследавання дзяўчаты правялі два сацыялагічныя апытанні, у якіх паўдзельнічалі 330 чалавек.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 06.06.2014.

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам