ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Творчыя заняткі “Пачастунак для мамы”
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: вопыт інавацыі

С. Александровіч як даследчык жыцця і спадчыны Ф. Багушэвіча

С. Александровіч як даследчык жыцця і спадчыны Ф. Багушэвіча
Іншыя навіны

Беларуская літаратуразнаўчая навука на працягу амаль усяго ХХ ст. найперш займалася назапашваннем і ацэнкай канкрэтных фактаў, звязаных з асаблівасцямі літаратурнага працэсу ў стагоддзі ХІХ, дзеячы якога па прычыне неспрыяльных умоў не маглі пакінуць не толькі прац сістэматызуючага характару, але і звычайных біяграфічных нарысаў пра тагачасных пісьменнікаў ці крытычных публікацый, прысвечаных іх творчасці.

Адказ на пытанне “Якім павінен быць курс гісторыі беларускай літаратуры?” быў дадзены толькі ў 20-я гады мінулага стагоддзя М. Гарэцкім у яго вядомым падручніку. Але нават у дачыненні да найбуйнейшага беларускага пісьменніка свайго часу Ф. Багушэвіча аўтар вымушаны быў канстатаваць, “што ён не вельмі добра ведаў гісторыю свайго народа і мала чаго ведаў з гісторыі свае літаратуры” [Гарэцкі, 1992, с. 245]. Класічная літаратуразнаўчая праца М. Гарэцкага па зразумелых прычынах на дзесяцігоддзі была выкінута з навуковага ўжытку.

У 30-я гады мінулага стагоддзя творчасць Ф. Багушэвіча пачала разглядацца як узор “Літаратуры вясковай беларускай буржуазіі”. Напрыклад, у “Праграме…” (1933) прапаноўваліся такія пункты: “Нацыянальныя патрабаванні Багушэвіча, як выражэнні патрабаванняў нацыяналістычнай беларускай буржуазіі. Буржуазны нацыяналізм, ярка выражаны антысемітызм у творчасці Багушэвіча, як характэрнейшы прыклад ідэалогіі беларускай нацыяналістычнай буржуазіі” [Праграма па беларускай літаратуры для 8, 9 і 10 класаў сярэдняй школы і педагагічных тэхнікумаў. – Менск: ДВБ, Вучпедсектар, 1933. c. 7]. У пасляваенны перыяд Л. Бэндэ працягваў называць пісьменніка “ідэолагам шавінізму і прапаведнікам каталіцызму” і спрабаваў пратэставаць супраць змены акцэнтаў пры ацэнцы яго творчай спадчыны.

Досыць амбівалентная сітуацыя ў пасляваенным багушэвічазнаўстве, у якім мелі месца ледзь не ўзаемавыключальныя інтэрпрэтацыі творчасці і светапогляду пісьменніка, знайшла адлюстраванне ў прадмове “Ф.К. Багушэвіч” да чарговага выдання “Выбраных твораў” (1952) класіка. Яе аўтар Я. Шарахоўскі не стамляўся падкрэсліваць наяўнасць супярэчнасцей у жыццёвай пазіцыі і творчасці аўтара “Дудкі беларускай”. Падсумоўваючы, ён пісаў: “Вобраз пісьменніка, які паўстае з яго творчасці, – гэта вобраз сялянскага дэмакрата, змагара за долю народную, у светапоглядзе якога часам спалучаліся рысы перадавой ідэалогіі з рысамі адсталымі і рэакцыйнымі, але творчасць якога, узятая ў цэлым, адыграла значную ролю ў справе абуджэння народнага самаўсведамлення” [Шарахоўскі 1952, с. 22].

Такім чынам, у пачатку 50-х гадоў заставалася актуальнай задача далейшай творчай рэабілітацыі пісьменніка. Да яе вырашэння, кожны па-свойму, спрычыніліся В. Барысенка (манаграфія “Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя”, 1957), С. Майхровіч “Жизнь и творчество Ф. Богушевича” (1961), Г. Кісялёў (многія публікацыі) і інш. Даследаванні ў галіне багушэвічазнаўства асабліва плённа развіваліся ў другой палове 50-х – 60-я гг. ХХ ст. Сярод іх знаходзяць сваё ганаровае месца і працы С. Александровіча.

Сцяпан Александровіч увёў у навуковы ўжытак і асэнсаваў наступныя дакументальныя матэрыялы:

выявіў і пазней апублікаваў у перакладзе на беларускую мову тэксты шэрагу артыкулаў (рэцэнзій) і некралогаў, якія былі надрукаваны ў перыёдыцы канца ХІХ – пачатку ХХ ст. і ўтрымлівалі каштоўныя ацэнкі біяграфіі і творчай спадчыны Ф. Багушэвіча;
адшукаў тэкст багушэвічаўскага апавядання “Тралялёначка”;
выявіў і атрыбуцыраваў польскамоўную публіцыстыку пісьменніка, апублікаваную ў часопісе “Край” у 1885–1891 гг.;
пераклаў на беларускую мову лісты Ф. Багушэвіча, выяўленыя Г. Кісялёвым.

Не многім выпадае на долю стаць такім удачлівым даследчыкам, адкрывальнікам новых гарызонтаў у біяграфіі і творчасці нават аднаго майстра слова прамінулай эпохі. С. Александровіча, як нікога ў нас, з поўным правам вобразна можна назваць Шліманам беларускай літаратуры ХІХ ст. Таму зусім невыпадкова менавіта ён выступіў аўтарам прадмовы і каментарыяў, а таксама ўкладальнікам “Твораў” (1967) Ф. Багушэвіча. Усяго праз пятнаццаць гадоў чытач атрымаў якасна іншае выданне ў параўнанні з папярэднім. Не толькі без аляпаватых закідаў у адрас пісьменніка, але і з публіцыстыкай і эпісталярнай спадчынай віленска-кушлянскага Творцы, якія паказалі яго як грамадзяніна, асобу і віртуоза слова, пяру якога былі падуладны тэксты розных жанраў.

Перад айчынным літаратуразнаўствам, яго гісторыяй стаяць надзённыя задачы, пра што і сведчыць круглы стол “Кнігі і людзі”, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, літаратуразнаўца, краязнаўца, педагога С. Александровіча (адбыўся 22 снежня 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі). Трэба ўдакладніць значэнне постаці і спадчыны вучонага ў гісторыі роднай літаратуры, закласці аснову стварэння яго навуковай біяграфіі, папулярызаваць яе ў грамадстве.

Сёння, на жаль, трэба прызнаць, што нават да 100-гадовага юбілею Сцяпана Хусейнавіча Александровіча яго багатая гісторыка-літаратурная спадчына не сістэматызавана, не абагульнена і не асэнсавана належным чынам. Не прааналізаваны ўсе працы вучонага і не вызначана адметнасць яго падыходаў да вывучэння літаратурнага працэсу розных эпох, нават не акрэслена кола тых шматлікіх праблем, якія ўзняў Даследчык (з вялікай літары) у кантэксце праблематыкі літаратуразнаўчых даследаванняў ХХ ст. З сумам трэба канстатаваць, што нават не ўсе яго працы ўведзены ў навуковы абыходак.

У гісторыка-літаратурным аспекце надзённай уяўляецца патрэба вывучэння сёння, праз 35 гадоў сыходу ў нябыт, значэння прац вучонага не толькі ў развіцці гісторыі беларускай навукі другой паловы ХХ ст., але і краязнаўчага яе модусу, звязанага з Капылём, дзе ўплыў яго на інтэлектуальнае развіццё рэгіёна быў вельмі значны.

Аўтар публікацыі: Ігар Запрудскі, кандыдат філалагічных навук.

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам