ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
10 мая 1945 года. Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.” завершаны
Буктрэйлер: "Абеліск" і "Знак бяды" Васіля Быкава

Новая загадка Сяргея Палуяна?

Новая загадка Сяргея Палуяна?
Іншыя навіны

Уначы з 7 (20) на 8 (21) красавіка 1910 года ў Кіеве ва ўзросце дзевятнацці з паловай гадоў узяў свой «грозны жэрабій» (М. Багдановіч) яркага таленту і кіпучай энергіі нашанівец Сяргей Палуян. На Брагіншчыну, да бацькоў пісьменніка, і ў Вільню, у  рэдакцыю «Нашай нівы», паляцелі тэлеграмы з сумнаю весткаю. Згуртаваная вакол часопіса «Українська хата» творчая моладзь, у колы якой уваходзіў нябожчык, занялася арганізацыяй грамадскага развітання. З падачы «хацянаў» (у першую чаргу — найбліжэйшага Палуянавага сябра Мікіты Шапавала, якому Сяргей пакінуў свой апошні ліст) паведамленне пра смерць, некралог і абвестка з інфармацыяй пра час і месца пахавання былі надрукаваны ў найбуйнейшай украінскамоўнай газеце Расійскай імперыі — штодзённіку «Рада», а таксама ў шэрагу прагрэсіўных рускамоўных выданняў Кіева.

Дажджлівым днём 11 (24) красавіка 1910 г., на вербніцу, у капліцы Анатамічнага тэатра Імператарскага Кіеўскага ўніверсітэта Святога Уладзіміра прайшла жалобная паніхіда па Сяргею Палуяну. Пасля яе завяршэння пахавальная працэсія рушыла на Байкавыя могілкі, дзе труна з целам памерлага легла ў зямлю. На свежы капец былі ўскладзены вянкі ад двух выданняў, з  якімі найбольш актыўна супрацоўнічаў Палуян: «Таварышу і супрацоўніку ад рэдакцыі “Нашай нівы”» і «Любому товаришу від редакції “Української хати”».

Праз год бацькі ўсталявалі на сынавай магіле помнік — гранітны чатырохгранны слупок, увянчаны зверху мармуровым крыжам. Надмагілле ўпрыгожыў надпіс: «Белорусский беллетрист Сергей Полуян». Былі пазначаны таксама даты нараджэння і смерці. Тады ж вакол месца пахавання зрабілі металічную агароджу.

Менавіта такою — добра дагледжанаю, у кветках — мы бачым Палуянаву магілу на здымку 1911 г., адшуканым у свой час Таццянай Кабржыцкай і Вячаславам Рагойшам. Гэтая каштоўная фотавыява была змешчана ў амаль легендарных ужо «Лістах у будучыню» (1986), якія вярнулі ў гісторыю беларускай літаратуры надоўга выкрасленае палуянаўскае імя, а цяпер — прадубліраваная ў новым, значна больш поўным выданні тэкстаў С. Палуяна і  матэрыялаў пра яго — кнізе «След, вечна жывы» (2018), падрыхтаванай тымі ж літаратуразнаўцамі.

Звяртаюць на сябе ўвагу іншыя дэталі фотаздымка. Навокал Палуянавай магілы — цэлы лес пахаванняў, у пераважнай большасці пазнейшых, бо на іх стаяць часовыя драўляныя крыжы. Зусім недалёка, дзе, трэба меркаваць, праходзіць мяжа могілак, выразна праглядаюцца мураваныя будынкі.

Тое, што магіла С. Палуяна месцілася на ўскрайку Байкавых могілак, пацвярджае і адна з яго малодшых сясцёр  — Людміла, якая пасялілася ў Кіеве і пражыла там да канца сваіх дзён. Яна ж ва ўспамінах пра брата, напісаных для кнігі «Лісты ў будучыню», дае яшчэ адно прынцыпова важнае сведчанне: «На жаль, тая частка могілак, дзе быў пахаваны Сяргей, пазней, яшчэ да вайны, адышла пад забудову. Казалі, быццам на тым месцы школу міліцыі пабудавалі» («След, вечна жывы», с. 209).

Здавалася б, усе кропкі над «і» расстаўлены. Дарагая для беларусаў магіла страчана. Страчана даўно і незваротна. Нават знаку ці следу ад яе шукаць не выпадае, бо на яе месцы — гарадская забудова.

І тым не менш... У маі 2010 г. у газеце «СБ. Беларусь сегодня» з’яўляецца артыкул Людмілы Рублеўскай «След упавшей звезды», дзе згадваецца публікацыя ўкраінскага журналіста Валерыя Дружбінскага з нечаканымі звесткамі: помнік Сяргею Палуяну стаяў на Байкавых могілках да пачатку 1960-х гг., потым знік, а ў 1969 г. на месцы магілы было зроблена новае пахаванне. Больш за тое: апісанне Палуянавага помніка, пададзенае В. Дружбінскім, зусім не супадае з вядомым фотаздымкам. Працытуем само ўкраінскае выданне: «На могиле был поставлен камень в виде срубленного дерева и сделана надпись: “7 апреля 1910 года. Здесь покоится прах Сергея Епифановича Полуяна, который жил, писал и погиб в Киеве, но душой своей и сердцем был всегда в родной Беларуси. Аминь”» (Памяти погибших могил. Диагноз: скорбное бесчувствие // Зеркало недели, 2003, № 46).

Маючы фотаздымак магілы і аўтарытэтныя сведчанні родных С. Палуяна, на ўсё гэта можна было б не звяртаць увагі як на чарговы ўзор несумленнасці сучаснай прэсы. Аднак аўтар матэрыялу — журналіст далёка не шараговы  — двухразовы лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, кандыдат гістарычных навук, пісьменнік, літаратурны сакратар К. Паўстоўскага ў 1965—1968 гг. Даследчыцкая адказнасць вымагала хаця б мінімальнай праверкі агучаных ва Украіне фактаў. Знайсці кантакты В.  Дружбінскага аказалася нескладана, і падчас тэлефоннай гутаркі, якая адбылася ў 2015 г., аўтар «Памяти погибших могил» запэўніў, што пры падрыхтоўцы свайго матэрыялу карыстаўся ў першую чаргу друкаванымі крыніцамі пра Байкавыя могілкі. Паколькі з часу публікацыі артыкула мінула больш за 10  гадоў, адразу адказаць на ўсе пытанні В. Дружбінскі не змог, але з ахвотай пагадзіўся перагледзець свае колішнія запісы і яшчэ раз наведаць Нацыянальную бібліятэку Украіны імя У. І. Вярнадскага — ужо адмыслова па палуянаўскай «праблеме». Праз пэўны час з Кіева прыйшоў ліст: узнавіць крыніцы, з якіх былі ўзяты звесткі пра магілу С. Палуяна, на жаль, не ўдалося… Інтрыга захавалася?..

Што б там ні было, але артыкул В.  Дружбінскага «Памяти погибших могил», скіраваны супраць злачыннай практыкі перапахаванняў і «распродажу» месцаў на Байкавых могілках, стаў штуршком да новых пошукаў — у прыватнасці больш уважлівага вывучэння гісторыі саміх могілак.

Старадаўнія Байкавыя могілкі (дзейнічаць пачалі яшчэ ў 1830-я гг.) сёння з’яўляюцца галоўным, найбольш вядомым і прэстыжным некропалем Украіны. Цяжка назваць усіх дзеячаў украінскай культуры, палітыкі, мастацтва, літаратуры, навукі і спорту, якія пахаваны тут: М. Грушэўскі, М. Лысенка, М. Рыльскі, У. Сасюра, П. Тычына, Леся Украінка… Такая прывілеяванасць абазначылася ўжо на мяжы ХІХ— ХХ стст. Месца на Байкавых могілках абіралі для сябе ўплывовыя кіеўскія сем’і, а спецыяльна пад пахаванні, напрыклад, рэктараў і прафесараў Кіеўскага ўніверсітэта ў 1900-я гг. былі вылучаны дзве «ганаровыя» дзялянкі. Наўрад ці выпадкова, што свой апошні спачын С. Палуян знайшоў менавіта на Байкавых…

Але час (а дакладней — людзі) не шкадаваў старых магіл. Разгорнуты спіс асоб, пахаванні якіх былі страчаны на Байкавых могілках, знаходзім у даведніку «Киïвський некрополь» (1994), падрыхтаваным адным з найбуйнейшых украінскіх спецыялістаў па некрапалістыцы Людмілай Працэнкай і цалкам прысвечаным дзеячам літаратуры. Ёсць тут і звесткі пра С. Палуяна. Пасля невялікай даведкі, у якой пададзена біяграфічная інфармацыя пра нашаніўца (дарэчы, у асобных момантах не зусім дакладная — «Лісты ў будучыню», відаць, не былі вядомы Л. Працэнцы), чытаем: «Магіла не збераглася. Была ў канцы могілак, каля паркану, пад Інстытутам бактэрыялогіі» (Киïвський некрополь, с. 214).

Важныя арыенціры: будынак Інстытута бактэрыялогіі (дарэвалюцыйная назва — Кіеўскі бактэрыялагічны інстытут) быў узведзены ў 1896 г. і захаваўся да сённяшняга дня (цяпер знаходзіцца на тэрыторыі кампаніі «Біяфарма», вул. Амосава, 4). Параўноўваем фота інстытута, датаванае пачаткам ХХ ст., з будынкамі, якія відаць на фотаздымку Палуянавай магілы, — адрозненні ёсць. Таму трэба правяраць іншыя дамы ва ўказаным Л. Працэнкай квартале. Тут месціцца так званае Клінічнае (або Медыцынскае) мястэчка, якое актыўна забудоўвалася для патрэб Кіеўскага ўніверсітэта ў 1910-я гг. Якраз тады, у  прыватнасці, паўстаў будынак хірургічнай клінікі — яшчэ адзін прэтэндэнт на аб’ект з фотаздымка з Палуянавай магілай. У ім цяпер — Інстытут фтызіятрыі і пульманалогіі імя Ф. Г. Яноўскага (вул. Амосава, 10).

Аднак ні ў артыкуле пра самога С. Палуяна, ні на іншых старонках даведніка Л. Працэнкі «Кіеўскі некропаль», ні ў яе ж аўтарства манаграфіі «Історія Київського некрополя» (1995) няма ніякіх згадак пра тое, што тэрыторыя Байкавых могілак у той ці іншы час «адразалася» пад гарадскую забудову. Галоўнай прычынай страты магіл даследчыца называе (як следам за ёю В. Дружбінскі ды іншыя аўтары) менавіта чалавечыя прыхамаці і злачынную нядбайнасць: помнікі разбураліся і раскрадаліся; пачынаючы з 1920-х гг. на старых месцах актыўна рабілі новыя пахаванні. Паводле Л. Працэнкі, на Байкавых могілках засталася толькі дзясятая частка дарэвалюцыйных пахаванняў («Київський некрополь», с. 69)! Кансультаванне з  украінскімі гісторыкамі і знаўцамі мінуўшчыны Кіева таксама дало пакуль адназначны вынік: Байкавыя могілкі не забудоўваліся.

Такім чынам, версія, агучаная сёстрамі С. Палуяна яшчэ ў першай палове 1980-х гг., зусім нечакана запатрабавала праверкі. Калі сур’ёзна задумацца, прычын для недакладнасці магло быць шмат: пачынаючы ад даўнасці падзей і  паважнага ўзросту родных нашаніўца (на момант сустрэчы са складальнікамі «Лістоў у будучыню» Людміле Палуян, напрыклад, было ўжо амаль 90 гадоў) і заканчваючы ўсё яшчэ далёка не самай спрыяльнай для свабоднага і праўдзівага расповеду пра мінулае грамадскапалітычнай атмасферай. Як дочкі былога землеўласніка і родныя, з аднаго боку, беларускага нацдэма (брат Сяргей), а з другога — белагвардзейцаў у эміграцыі (браты Дзмітрый і Рыгор), сёстры Палуян, безумоўна, ведалі пра ўсе пагрозы (старэйшая Ганна, з якой пагутарыць В. Рагойшу і Т. Кабржыцкай ужо не давялося, двойчы была ў  высылцы). Жыццё прымушала засвоіць і эзопаву мову, і фігуры ўмаўчання... У  рэшце рэшт Палуянавы сёстры, не знайшоўшы аднойчы братавай магілы сярод помнікаў і крыжоў на Байкавых могілках, самі маглі не ведаць яе дакладнага лёсу, а таму ў  размове з даследчыкамі карысталіся гарадскімі чуткамі і ўскоснымі сведчаннямі (згадаем паказальную ў гэтым сэнсе фармулёўку Людмілы: «Казалі, быццам на тым месцы…»).

Засталося не высветленым, якую школу міліцыі мела на ўвазе Людміла Палуян. Ва ўспамінах тая згадваецца як нешта добра вядомае для кіяўлян, таму гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра найбуйнейшую ўстанову такога кшталту — цяперашнюю Нацыянальную акадэмію ўнутраных спраў Украіны (знаходзіцца на вул. Саломенскай, 1). У 1920—1930-я гг. яна мела розныя назвы: Усеўкраінская школа міліцыі і крымінальнага вышуку, Школа каманднага складу рабоча-сялянскай міліцыі УССР, Школа старшага кіраўнічага складу рабоча-сялянскай міліцыі імя У. А. Баліцкага і інш. Пэўны час да Вялікай айчыннай вайны яе галоўны будынак сапраўды месціўся адносна недалёка ад Байкавых могілак — на Батыевай гары (вул. Валгаградская, 1/2). Аднак ніякага дачынення да тэрыторыі саміх могілак гэты адрас і мясціны не маюць.

Сяргей Палуян зноў загадвае літаратуразнаўцам загадкі. Для адказу на пастаўленыя пытанні патрабуюцца ўжо не толькі архіўныя пошукі і грунтоўнае вывучэнне публікацый украінскіх даследчыкаў, але і палявыя доследы — шпацыр па Байкавых могілках і прылеглых да іх вуліцах, уважлівае ўгляданне ў старыя кіеўскія будынкі. Хочацца спадзявацца, што калі-небудзь мы будзем ведаць дакладную дзялянку, дзе знаходзілася на Байкавых магіла выбітнага беларуса.

Аўтар публікацыі: Таццяна Вабішчэвіч.

Крыніца: газета "Літаратура і мастацтва"

Чытайце таксама: Твой дом – Брагін

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам