ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Кузьма Чорны і тэатральнае мастацтва
12 верасня – 230 гадоў з дня нараджэння Іаана Грыгаровіча, вучонага-археографа, гісторыка, краязнаўца, педагога, праваслаўнага дзеяча

Напрыканцы лета ў Выдавецкім доме “Звязда” пабачылі свет тры кнігі

Напрыканцы лета ў Выдавецкім доме “Звязда” пабачылі свет тры кнігі
Іншыя навіны

Калі пра выданні мінулага месяца можна было казаць, што іх чакае магчымы камерцыйны поспех, бо яны накіраваны на максімальна шырокую аўдыторыю (два з іх адносіліся да дзіцячай літаратуры, што адразу павышае шанцы кнігi на папулярнасць), то кнігі гэтага месяца будуць больш цікавыя спецыялістам у вузкіх сферах літаратуразнаўства і даследаванняў сучаснага этапу развіцця лічбавых СМІ. Але пачнём агляд з таго, што вядома і блізка ўсім – дзіцячай літаратуры.

Жанна Міус (Усцінава Жанна Віктараўна) – пісьменніца, у якой у Выдавецкім доме “Звязда” выйшла вершамедыя ў дзвюх дзеях “Первоапрельский суп”.

Нарадзілася ў 1976 годзе ў вёсцы Капачы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1993 годзе з адзнакай скончыла сярэднюю школу, у 1999 годзе – Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала настаўнікам, затым намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Друкавалася ў беларускіх выданнях: “Маладосць” (конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”), “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкая газета”, “Знамя юности”, “Могилёвские ведомости”, “Гаспадыня”, “Вясёлка” і іншых. З 2013 года сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар кніг паэзіі “Лунный чай” (2013), “Странные детки” (2018) і прозы “Медвежья принцесса”. З 2017 года актыўна займаецца папулярызацыяй дзіцячай літаратуры ў сацыяльных сетках “ВКонтакте” і “Одноклассники”. Лідары праглядаў: “Мурашки по коже ходили”, “Неуёмные снегождинки”, “Доктораня на диване”, “Неуклюжая лужа”, “Мейкап на папе”, “Залипательный смартфон”. Выдавецкі дом “Звязда” прапанаваў на рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная літаратурная прэмія – 2019” у намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” зборнік вершаў для дзяцей “Странные детки”.

Pervoaprelskiy-sup.jpgНовая кніга Жанны Міус – зборнік гісторый пра жыццё і прыгоды вучня чацвёртага класа самай звычайнай школы Колі Справядліўкіна. На першы погляд падаецца, быццам перад намі чарговая варыяцыя на тэму твораў для дзяцей і падлеткаў у стылі “Денискиных рассказов”, дзе рэчаіснасць сама па сабе вельмі цікавая, а прыгоды чакаюць нават у звычайным гатаванні кашы, але насамрэч Жанна Міус абрала іншы пункт гледжання на дзяцінства. Яе герой можа знайсці прыгоды ў нашай рэчаіснасці, але разам з тым ён валодае здольнасцю прыдумляць уласны сусвет, у якім дзіцячыя нягоды сядзяць замест звяроў у клетках, а на языку ў Федзі пасля таго, як ён схлусіў, вырастае дрэва. Менавіта такiя напаўфантастычныя моманты (і чытач, і нават сам герой разумеюць, што гэта толькі фантазіі) з’яўляюцца найбольш яскравымі ў кнізе. Малюнкі Святланы Стахоўскай узмацняюць уражанне ад фантастычных прыгод.

Другая кніга – манаграфія Аляксандра Градзюшкі, якая мае назву “Региональные медиа в цифровой среде”.

Аляксандр Аляксандравіч Градзюшка – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ. Аўтар кніг “Сетевая пресса в системе СМИ” (2005), “Основы журналистики. Организация работы редакции СМИ” (2005), “Основы интернет-журналистики” (2012), “Современная веб-журналистика Беларуси” (2013), “Основы творческой деятельности веб-журналиста” (2019) і больш чым 250 навуковых работ, якія ў асноўным прысвечаны розным аспектам функцыянавання сучасных лічбавых сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі. Аляксандр Градзюшка – выкладчык дысцыплін па вэб-журналістыцы. Уганараваны званнем “Выдатнік друку Беларусі”. Лаўрэат прэміі “Залатое пяро” Беларускага саюза журналістаў. З’яўляецца адным з самых аўтарытэтных экспертаў у галіне лічбавых медыя ў Беларусі. У апошняй на дадзены момант манаграфіі Аляксандра Градзюшкі абагульнены самыя актуальныя тэарэтычныя пошукі і практычныя дасягненні ў галіне лічбавай журналістыкі, прапанавана новае разуменне рэгіянальных СМІ з параўнальнага пункту гледжання і ў глабальным кантэксце, сістэматызаваны і абагульнены вопыт працы лакальных медыя Рэспублікі Беларусь у праекцыі тэхналагічных інавацый, пазначаны тэндэнцыі, а таксама спрагназаваны перспектывы і найбольш аптымальныя стратэгіі ўкаранення інтэрнэт-менеджменту ў сферу рэгіянальных СМІ нашай краіны.

regionalnye.jpgРэгіянальная журналістыка разглядаецца з розных бакоў: задачы мясцовай прэсы, арганізацыя працы рэдакцыі СМІ ва ўмовах лічбавізацыі, змястоўна-тэматычная структура, аўдыторыя і формы ўзаемадзеяння з ёй, адносіны з заснавальнікамі, работа ў сацыяльных сетках, эканамічная эфектыўнасць, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў з улікам спецыфікі сучасных лічбавых медыя, тэндэнцыі мясцовых СМІ. Усе гэтыя шматлікія аспекты, на думку Аляксандра Градзюшкі, не могуць быць не ўлічаны, бо менавіта яны вызначаюць спецыфіку рэгіянальнай прэсы і яе асноўныя адрозненні ад усіх іншых відаў СМІ. У першую чаргу манаграфія адрасавана навукоўцам у сферы журналістыкі і выкладчыкам, але таксама будзе карысна аспірантам, магістрантам, студэнтам, самім журналістам і кіраўнікам рэгіянальных медыя ды спецыялістам органаў дзяржаўнага кiравання.

Трэцяе выданне – кніга Яўгена Гарадніцкага – манаграфія пад назвай “Чалавек Рэнесансу, Прадвеснік постмадэрну. Мастацкі свет Уладзіміра Караткевіча”, прысвечаная мастацкім асаблівасцям творчага свету аднаго з самых выбітных беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

chalavek.jpgСтруктура манаграфіі класічная, гэта дазваляе разгледзець творчасць класіка з усіх бакоў: пачынаючы ад уплыву некаторых момантаў яго біяграфіі на творчасць і заканчваючы незаўважнымі, але разам з тым важнымі мастацкімі асаблівасцямі, якія вызначаюць папулярнасць твораў Уладзіміра Караткевіча нават у сучаснасці. Пры гэтым аналізуюцца як канкрэтныя лінгвістычныя асаблівасці яго стылю, мастацкія сродкі, што ўжываюцца найбольш часта, так і спецыфіка асобных твораў, іх унікальны свет і ўплыў на беларускую літаратуру. Відавочна, гэтая кніга таксама будзе цікавая ў асноўным спецыялістам, якія вывучаюць ці канкрэтна творчасць Уладзіміра Караткевіча, ці пэўныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Але разам з тым манаграфія – добры спосаб пасля прачытання таго ці іншага твора Уладзіміра Караткевіча (асабліва калі пэўны тэкст разглядаецца ў манаграфіі асобна) паглыбіцца ў дзіўны свет мастацтва. Тым больш што свет гэты, нягледзячы нават на самы падрабязны і скрупулёзны аналіз, усё роўна захоўвае рамантычны складнік.

Аўтар публікацыі: Цімур Вычужанін.
Крыніца: Звязда

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам