ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Напрыканцы лета ў Выдавецкім доме “Звязда” пабачылі свет тры кнігі
Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Кастравіцкія”

12 верасня – 230 гадоў з дня нараджэння Іаана Грыгаровіча, вучонага-археографа, гісторыка, краязнаўца, педагога, праваслаўнага дзеяча

12 верасня – 230 гадоў з дня нараджэння Іаана Грыгаровіча, вучонага-археографа, гісторыка, краязнаўца, педагога, праваслаўнага дзеяча
Іншыя навіны

Даследчык і калекцыянер беларускай даўніны, адзін з самых адукаваных людзей XIX ст. Іаан (Іван Іванавіч) Грыгаровіч шмат зрабіў для вывучэння і публікацыі крыніц па гісторыі сваёй радзімы. Маштабамі сваёй дзейнасці ён выйшаў далёка за геаграфічныя межы Беларусі.

Восенню 1790 г. (па іншых звестках 1792) у мястэчку Прапойску (цяпер Слаўгарад) Магілёўскай губерні, у сям’і святара Іаана Грыгаровіча нарадзіўся сын Іван, якому наканавана было стаць адным з першых айчынных прафесійных навукоўцаў, арганізатараў беларусазнаўчых і ўкраіназнаўчых археаграфічных даследаванняў. Да 10 гадоў Іван жыў з сям’ёй у Прапойску. За гэты час бацька даў яму пачатковую адукацыю, ўдзяліўшы асаблівую ўвагу грэчаскай мове і латыні. У 1802 г. Іван паступіў у Магілёўскую духоўную семінарыю, дзе праявілася яго схільнасць да навуковых заняткаў. Здольнасць да моў і стараннасць забяспечылі маладому Грыгаровічу ў 1811 г. месца выкладчыка грэчаскай і латыні ў Магілёўскім духоўным павятовым вучылішчы. Вырашальнае значэнне ў яго жыцці адыграла блізкае знаёмства, а пазней і цеснае супрацоўніцтва з дзяржаўным канцлерам, графам М.П. Румянцавым. Жывучы ў Магілёве, І. Грыгаровіч прыязджаў у Гомель да бацькоў, дзе і быў прадстаўлены графу, які адразу заўважыў здольнасці і стараннасць да навук маладога чалавека і садзейнічаў яго паступленню ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію.

У 1819 г. выпускнік акадэміі, кандыдат багаслоўя І. Грыгаровіч стаў настаяцелем Петрапаўлаўскага сабора ў Гомелі. Пры гэтым, нягледзячы на сваю загружанасць пастырскімі справамі, ён працягваў займацца навукай. Іаан Грыгаровіч фактычна быў першым, хто сістэматычна пачаў збіраць і выдаваць старажытныя рукапісы, акты, каштоўныя гістарычныя матэрыялы. Яго дом у Гомелі ператварыўся ў адну з дзейных археаграфічных лабараторый Еўропы таго часу. Адсюль І. Грыгаровіч здзяйсняў шматлікія даследчыя экспедыцыі, вёў інтэнсіўную перапіску з выдатнымі вучонымі, рыхтаваў да друку свае працы. Яго навуковая дзейнасць не перарывалася і пасля пераводу ў Віцебск для выканання абавязкаў рэктара павятовых і парафіяльных вучэльняў, цэнзара пропаведзяў, настаўніка гімназіі. У 1831 г. І. Грыгаровіч атрымаў запрашэнне ў Санкт-Пецярбург на пасаду протаіерэя ў лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Як выдатны знаўца выдавецкай справы, ён быў прыняты ў члены Археаграфічнай камісіі (1837), а пасля стаў галоўным рэдактарам яе актаў.

Цікавасць І. Грыгаровіча да гістарычных дакументаў, выдадзеных на тэрыторыі Беларусі, праявілася ў з’яўленні шматлікіх гістарыяграфічных зборнікаў і гістарычных работ. Ужо ў 1824 г. была выдадзена першая частка “Беларускага архіва старажытных грамат”. У гэтым жа годзе кіеўскаму мітрапаліту прадстаўлены рукапіс І. Грыгаровіча “Беларуская іерархія”. Гэта першая археаграфічная навуковая праца, прысвечаная гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі. Характэрна, што вучоны ў сваіх пошуках не абмяжоўваўся толькі канфесійнымі пытаннямі, але і падбіраў дакументы, якія адлюстроўваюць палітычнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё Беларусі. Вялікае значэнне мелі падрыхтаваныя ім зборнік знешнепалітычных дакументаў “Перапіска пап з рускімі гасударамі ў XVI стагоддзі” (1834), збор твораў знакамітага беларускага арцыбіскупа Г. Каніскага (1835).

Вяршыняй нястомнай працы вучонага-археографа стала выданне чатырох тамоў “Актаў Заходняй Расіі” (1846–1853), якія ўключалі каля 2 тыс. дакументаў па палітычнай гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 1340–1699 гг. Многія з дакументаў былі апублікаваны на беларускай мове.

Работы І. Грыгаровіча атрымалі высокую ацэнку сучаснікаў, прынеслі яму вядомасць у навуковым свеце. Узровень архіўных публікацый вучонага многія дзесяцігоддзі заставаўся ўзорным, а ў нечым і непераўзыдзеным. І сёння з усёй упэўненасцю можна сцвярджаць, што велізарная колькасць археаграфічных дакументаў, якія з’яўляюцца матэрыялам для даследаванняў сучасных як свецкіх, так і царкоўных гісторыкаў, без навуковай і выдавецкай дзейнасці І. Грыгаровіча не захавалася б да нашых дзён.

Больш падрабязную інфармацыю пра жыццё і дзейнасць Іаана Грыгаровіча, звесткі пра яго работы і самі работы можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (электронны каталог, фактаграфічная база даных “Беларусь у асобах і падзеях”Нацыянальная база даных аўтарытэтных / нарматыўных запісаў, зводны ЭІР “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі”).

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам