ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Да 235-годдзя заснавання Магілёўскай архіепархіі: міжнародная канферэнцыя ў Санкт-Пецярбургу
ХV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

Магічны рэалізм сучаснай маўкі

Магічны рэалізм сучаснай маўкі
Іншыя Навіны

Кнігі – уцёкі ад рэчаіснасці? Ці рэальнасць, што ствараецца на старонках, сапраўднейшая за свет, у якім жывём? Дый ці жывём? Магчыма, жыццё кожнага з нас паасобку – таксама кніга, якую хтосьці піша. Нездарма ж Кузьма Чорны аднойчы адзначыў, што “чалавек – гэта цэлы свет”. І свет неверагодна таямнічы і непрадказальны. Але не кожны свет здатны адкрыцца і падзяліцца сваім святлом з іншымі альбо, што цалкам натуральна, не мае ў тым патрэбы, бо не бачыць сэнсу ў адсвечванні ці не мае таленту расказаць так, каб было цікава ў першую чаргу самому сабе.

Свет Юльяны Пятрэнкі – надзвычай яскравы, напоўнены містычнымі і загадкавымі з’явамі, якія не маюць нічога агульнага з так званай фантастыкай, бо ўсім аповедам верыш: так пераканаўча гучаць словы і голас. Нават узнікае адчуванне, што яна сама мае непасрэднае дачыненне да тых з’яў, пра якія расказвае. Ва ўсякім разе, у мяне яно ўзнікла, калі чытаў кнігу апавяданняў “На досвітку”, што сёлета выйшла з друку ў Мазырскім КПУП “Калор”. На маю думку, ужо ў назве кнігі закладзены яе сэнс: на досвітку ўсялякая інфернальшчына губляе сваю сілу і страчвае флёр жудасці.

З першых радкоў апавядання “Легенда Гром-Возера”, якое адкрывае кнігу, Ю. Пятрэнка заваблівае чытача ў патаемныя спраты нязведанага, невытлумачальнага, незразумелага, а таму непрымальнага сярэднестатыстычным абывацелем, бо тое, што нельга растлумачыць, палохае і адвяргаецца цалкам. Чалавек знаходзіць нібыта навуковыя інсінуацыі кшталту ўдзеяння таксічных газаў, наркатычнага выпарэння і г. д., пад якімі прымроіцца што заўгодна. Аднак тое, што ўбачыў ці пачуў, назаўжды застаецца з табой, у тваёй памяці, і яно, прынамсі табой, не паддаецца ніякім сумневам. Як, напрыклад, маладой настаўніцы Віталіне, якая прыехала навучаць дзетак біялогіі ў вёску Старыя Крыніцы і сутыкнулася з Духам возера, што знаходзілася непадалёк ад вёскі ў межах лесу. На тым возеры знікалі людзі. Калі верыць паданню, возера забірала іх як даніну, помсцячы за няўдзячнасць продкаў. Віта нават мела зносіны з Духам возера, не падазраючы пра тое, нават пачала з ім барацьбу…

Апавяданне “Няпрошаныя госці” прыводзіць чытача на занядбаны хутар пасярод зімняй ночы, маўклівай шашы і змрочнага лесу. У маладзёнаў Аксаны і Алесіка зламалася машына пасярод дарогі, якой амаль не карысталіся, але гэтай дарогай закаханыя ехалі, каб скараціць шлях да свайго шчасця. Ваўчынае выццё недзе побач прымусіла хлопца і дзяўчыну шукаць паратунку, якім меўся быць хутар, што паўстаў невядома як проста перад вачыма. Яго гаспадар – стары і таямнічы, без імпэту, але ўпусціў у хату няпрошаных гасцей. Ноч ім давялося прабавіць у страху і невядомасці, бо тое, што адбывалася за сценамі іх сховаў, можна было параўнаць з эпізодамі фільма жахаў. А раніцай – ні хутара, ні старога. Дакладней, руіны колішніх будынкаў.

Надзвычай яскравымі падаюцца апавяданні-маналогі Хатніцы, Ляснога дрэва, дзяўчыны ў Купальскую ноч, якую Лясун прыняў за адну з мавак, дзякуючы чаму ёй удалося знайсці Папараць-кветку, і непасрэдна самой маўкі – маладой і цікаўнай да свету, у якім жывём мы. Хаваючыся пад ваду ад дзіцячых крыкаў, якія напалохалі яе, маўка абяцала абавязкова вярнуцца…

Апавяданне “Авяльга” пераносіць у савецкія часы з калгасамі, працаднямі, хатай-чытальняй... Але не пазбаўляе таямніц і непрадказальнасці: ужо ў назве твора прысутнічае нешта містычнае ці магічнае: Авяльгой назвала сваё дзіця-немаўля Зоська – разумова непаўнавартасная дзяўчына, якая нарадзіла невядома ад каго. Зрэшты, так здаецца тым, хто яе атачае. Сама Зоська кажа, што бацька дзяўчынкі – лясны Цар, які аднойчы прыйдзе па яе і забярэ з сабой. Неўзабаве дзяўчыну знаходзяць мёртвай на беразе рэчкі з тварам у вадзе і рукамі крыжам…

“Чужая вясна” – адзіны твор у кнізе, што не мае ніякага дачынення да тагасветных з’яў, аднак і ў ім хапае цікавостак і таямніц. Апавяданне-рэбус з псіхалагічным ухілам прыводзіць чытача разам з галоўнай гераіняй – дзяўчынай Маяй – у хату да ўдвая старэйшай за яе жанчыны Антаніны... Сюжэт цікавы зместам і знаходкамі. Героі не чуюць адзін аднаго, заблытваюцца ў павуціне непаразумення, што часам нагадвае камедыю становішчаў...

Напрыканцы кнігі Ю. Пятрэнка ўражвае паданнямі пра Алельку-рыцара, напоўненыя подзвігамі, але не гераічнымі, як павінна быць у падобнага кшталту жанры, а хутчэй алегарычнага зместу. Алелька-рыцар з-пад пяра пісьменніцы – антыпод усяму рыцарству, такі сабе анты-Геракл, які змагаецца з тымі ж пачварнымі стварэннямі, але не сілай, а розумам, кемлівасцю. Ён рыцар міжволі, як акцёр на сцэне, што трапіў у навязаныя яму абставіны. Як ён перамог Змея-Цмока, які тэрарызаваў паселішча Палынка і забіраў з сабой прыгажунь-нявінніц?.. Усе папярэднія рыцары гінулі, як адзін, у няроўным двубоі з цмокам... Алелька разумеў, што і яго чакае тое самае, таму зрабіў хітра... Змей пераможаны, якім чынам – неістотна. У гэтым творы – талент пісьменніцы, талент тонкага назіральніка і псіхолага, які мае да таго ж рэдкае адчуванне мяжы паміж проста сцёбам і мастацкасцю. Выснова падмацоўваецца неверагодна захапляльнай чароўнай казкай “Змеева Дуброва”, што больш нагадвае невялікую фэнтэзійную аповесць, дзе вядзецца размова пра самаахвярнасць і адданасць, паўстаюць пытанні пра найлепшыя якасці чалавека, якія шляхам шматлікіх перашкод усё ж узносяць яго да нязведаных вышынь, і толькі дзякуючы ім чалавек і завецца чалавекам. Гэтым творам Ю. Пятрэнка як бы завяршае аповеды маўкі, самай сапраўднай маўкі, якая выйшла з ценю іншага вымярэння, каб распавесці пра свой свет і паспрабаваць застацца ці хаця б зачапіцца за свет, у якім жывём мы, бо ўсе магчымыя вымярэнні ў сусвеце знітаваныя адзін з адным нябачнай повяззю.

Некалі Л. М. Талстой, прачытаўшы апавяданні Л. Андрэева, якія вылучаюцца нагнятаннем страху ў змесце, сказаў яму: “Ты палохаеш, намагаешся, і гэта адчуваецца ў кожным радку, настрашыць чытача так, каб у яго валасы пасталі дыбарам, але мне не страшна”. І не растлумачыў, чаму. Мне здаецца, сэнс тут у тым, што жахі Л. Андрэева нараджаліся не ад жыцця, а ад розуму, то-бок, яны больш надуманыя, непраўдападобныя. “На досвітку” Ю. Пятрэнкі – кніга не страшная, не забаўляльнае чытво пад піва і чыпсы, але ўнутранай жудасці ў ёй хапае, бо здаецца, нібыта ўсе гісторыі адбыліся з самой аўтаркай. А гэта значыць, што Юльяна валодае магутным пісьменніцкім дарам.

Аўтар публікацыі: Мікола Адам.

Крыніца: Звязда


Навіны

“На ўсходзе сонца”: заключны фільм кінатрылогіі “Доўгія вёрсты вайны”

19 Вер 2024

18 верасня зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз стала месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніга – лепшы падарунак

19 Вер 2024

Напярэдадні святкавання Дня бібліятэк у рамках дабрачыннай акцыі “Год якасці: фарміруем фонды разам”, якая праводзіцца з мэтай дакамплектавання фондаў бібліятэк краіны, супрацоўнікі аддзела камплектавання фондаў на працягу ўсяго святочнага тыдня наведвалі бібліятэкі Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Сафіі адзначылі Дзень народнага адзінства

18 Вер 2024

17 верасня да Дня народнага адзінства ў Рускім Доме ў Сафіі адкрылася фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з тэлеканалам “Беларусь 24”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віншуем з юбілеем Наталлю Паўлаўну Алейнікаву!

18 Вер 2024

Наталля Паўлаўна, прыміце ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншаванні з цудоўнай юбілейнай датай! Моцнага здароўя на доўгія гады, невычэрпнага жаночага шчасця, багацця, цяпла ў доме і гармоніі ў душы. Няхай усё складаецца ўдала і гарманічна, жыццё будзе напоўнена яркімі фарбамі і толькі добрым настроем! Хай блізкія акружаюць клопатам і любоўю, спраўджваюцца самыя смелыя і грандыёзныя мары.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Уладар дзіцячых мар

17 Вер 2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Уладар дзіцячых мар”, прысвечаная 75-годдзю беларускага пісьменніка Аляксея Мікалаевіча Якімовіча, праходзіць з 17 верасня па 20 кастрычніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Кніжныя выстаўкі

Назаўжды разам!

17 Вер 2024

17 верасня 1939 года – найважнейшы дзень у гісторыі беларускага народа. Менавіта тады пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі, які дапамог працоўным Заходняй Беларусі зліцца з БССР. Ажыццявілася запаветная мара беларускага народа зноў стаць адзіным цэлым.

Выставачныя мультыпраекты

Бібліятэкарам