ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Бібліёграф, публіцыст, калекцыянер кніг і рукапісаў
#BelBookChallenge: кніга, дзе герой – іншадумца

Хто стаў прататыпам большасці гераінь Івана Шамякіна

Хто стаў прататыпам большасці гераінь Івана Шамякіна
Іншыя навіны

Сёлета, адзначаючы стагоддзе з дня нараджэння Івана Шамякіна, мы даацэньваем яго багатую і разнастайную творчую спадчыну: апавяданні, аповесці, раманы, драматычныя і публіцыстычныя творы, эпісталярый, дзённікі, мемуары, а таксама ўспамінаем яго добрыя чалавечыя рысы.

Творчасць і грамадская дзейнасць І. Шамякіна знайшла шырокае прызнанне: народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1972), акадэмік НАН Беларусі (1994), лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР (1951, 1968,1982), узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.

Мінчанка Валянціна Іванаўна Салавей, заслужаны фармацэўт, дачка партызанскіх дактароў, неаднойчы сустракалася з І.П. Шамякіным, вось як яна ўспамінае пісьменніка:

"Іван Пятровіч быў вельмі даступным, шчырым, чалавечным. Я  вельмі люблю перачытваць творы «Сэрца на далоні»«Гандлярка і паэт». А асабліва блізкая для мяне аповесць «Слаўся, Марыя!» з кнігі «Пошукі прытулку», у якой пісьменнік апісаў жыццё сваёй жонкі. Іх каханне было ўзаемным і ахвярным, яны жылі адзін для аднаго. Марыя Філатаўна стала прататыпам гераінь многіх шамякінскіх твораў. Адна з іх – Саша Траянава  з «Трывожнага шчасця»".

Зацікаўлены чытач даведаецца больш пра Марыю Філатаўну са старонак кнігі Міхася Мушынскага “Летапіс жыцця і творчасці Івана Пятровіча Шамякіна”.

Іван і Марыя пазнаёміліся яшчэ дзецьмі падчас вучобы ў Церухскай школе. Бацька Машы быў лесніком, яго пераводзілі з месца на месца. Пасля заканчэння 5-га класа Іван з сям’ёй пераехаў у іншую вёску. Зноў сустрэўся з дзяўчынай у Гомелі, дзе ён вучыўся ў тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, а яна – у медвучэльні. Хадзілі ў кіно, гулялі ў парку Паскевічаў-Румянцавых. 26 красавіка 1939 года ён так апісаў у дзённіку свае ўражанні падчас спаткання: “Маша была без паліто, без платка. Прыгожыя яе прыродна-завітыя пасмы валос шавяліў пяшчотна вецер. Яна выглядала такой маленькай, але такой прыгожай і добрай, была вясёлай і ласкавай!”.

Маша скончыла вучобу раней. Яе накіравалі фельчарам-акушэрам ў Рэчыцкі раён, а Івана пасля заканчэння тэхнікума – у Беластоцкую вобласць. Яны падтрымлівалі кантакты праз ліставанне. 1 мая 1940 года Іван Пятровіч Шамякін пабраўся шлюбам з Марыяй Філатаўнай Кротавай.

Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Марыю накіравалі ў вёску Пракопаўка, дзе яна загадвала фельчарскім пунктам і аптэкай. На перавязкі да яе ішлі інваліды, не ставала ёду і бінтоў. За медыкаментамі яна ездзіла у аптэкаўпраўленне ў Гомелі. У 1944 годзе здарылася эпідэмія сыпняку. У бальніцы, разлічанай на 20 ложкаў, на падлозе ляжала да сотні чалавек. У такіх умовах Маша заразілася тыфам і заразіла маленькую дачку Ліну. Ратавалі іх, хворых, тыя ж інваліды: прыносілі прадукты, хто што меў, гаіла чалавечая дабрыня.

“Маша працавала з вялікай самааддачай. Я яшчэ спаў, а яна прымала ў амбулаторыі хворых. Жылі мы вельмі бедна, – успамінае Іван Пятровіч на старонках аповесці «Слаўся, Марыя!». – Можа, гэта гучыць парадаксальна, але я упэўнены, што нястачы, беднасць і бескарысная адданая праца для людзей умацоўвалі нашу любоў. Менавіта – любоў, яднанне двух душ. Каханне – гэта агонь, які запаліста ўспыхвае, але лёгка можа патухнуць. Гэта – песня, якая дае аслоду, але можа і скончыцца. А калі з’яўляецца любоў, то яна звязвае навечна. Яна жыла з цвёрдай упэўненасцю ў трываласці нашага кахання, нашага жыцця. І гэта напаўняла нашыя адносіны асаблівай, самай высокай радасцю.

Пасля пераезду ў Мінск я наняў пакойчык метраў на дванаццаць па Лагойскім тракце, амаль побач з Домам друку ў старым драўляным доме. Мілая. Родная, блізкая, хадзіла па нашых разліках на апошнім месяцы цяжарнасці. З вялікім хваляваннем мы спяшаліся пераехаць. Добра, што да 1-й бальніцы рукой падаць… Накарміўшы Ліну, я пабег у радзільнае аддзяленне. Выйшла сястра:  – У вас толькі што нарадзілася дачка. Ледзьве не самлеў ад шчасця. З глыбокім хваляваннем напісаў Машы пісьмо…

А за год да новай кватэры 8 верасня 1950 года, менш як праз 2 гады пасля Танечкі, у нас нарадзіўся сын Саша, наша радасць і наш найбольшы боль у жыцці. Само яго нараджэнне прынесла бяду: у раддоме Машы занеслі інфекцыю, тры дні яна знаходзілася ў крытычным стане. Які жахлівы страх я перажыў! Страціць Машу – о Божа! Застацца ўдаўцом, маючы трох дзяцей! Бог быў літасцівы да Машы, да дзяцей, да мяне. Праз месяц я прывёз яе ў цесныя пакойчыкі.

Трое дзяцей, муж, дабрабыт на сярэднім узроўні. Саюз пісьменнікаў выдзяліў нам у студзені 1950 года на дваіх адну чатырохпакаёвую кватэру, у новым доме ў цэнтры горада, на вул. Карла Маркса.

…З пераезду ў Мінск яна марыла пра вучобу. Але паступіць у медыцынскі на дзённае аддзяленне, маючы трох дзяцей было немагчыма. Яна пайшла ў педагагічны інстытут на вячэрняе аддзяленне, бо разумела, які мне трэба памочнік – філолаг! Маючы грудное дзіця, Маша пачала рыхтавацца ў інстытут. Выдатна вытрымала ўступныя экзамены і стала студэнткай педынстытута. На заняткі хадзіла, як на свята, хоць нямала і прапускала – хварэлі дзеці. Маша хутка асвоіла пішучую машынку, друкаваць ёй даводзілася шмат. Акрамя раманаў, аповесцяў, у тыя гады я выдаваў шмат публіцыстыкі.

У бальніцах яна наведвала ўсіх, хто быў блізкі да нашай сям’і. Дзяцей Маша песціла, больш чым трэба, ні ў чым не адмаўляла ім.

Нельга не адзначыць яшчэ адной яе істотнай рысы: яе прастаты, дэмакратычнасці, для яе ўсе людзі былі роўныя – ці міністр, ці просты рабочы. Яна жыла ў пісьменніцкім асяроддзі, яе там паважалі, любілі, але ў яе нямала было блізкіх работніц, сялянак, з якімі яна шчыра сябравала”.

Марыя Філатаўна памерла 27 мая 1998 года. На памінальным абедзе ў дзень пахавання Іван Пятровіч сказаў, што Марыя была “бясцэннай і незамянімай памочніцай” у яго пісьменніцкай працы, яна перадрукавала “не адзін дзясятак тысяч старонак рукапісаў” і прачытала тысячы старонак карэктур.

Пасля ўгавораў дачкі Таццяны, доктара філалагічных навук, прафесара БДУ, Іван Шамякін пачаў рэгулярна запісваць свае ўспаміны, у канцы 1990-х была створана аповесць “Слаўся, Марыя!”, а таксама цыкл навел “Начныя ўспаміны”.

Аўтар публікацыі: Э. Дзвінская.

На здымках: Іван Шамякін з сям’ёй, фота з архіва пісьменніка.
Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам