ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Круглы стол. Беларуская кніга мусіць быць для нас прыярытэтам
Хто стаў прататыпам большасці гераінь Івана Шамякіна

Бібліёграф, публіцыст, калекцыянер кніг і рукапісаў

Бібліёграф, публіцыст, калекцыянер кніг і рукапісаў
Іншыя навіны

7 студзеня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Р.А. Зямкевіча, беларускага бібліёграфа, бібліяфіла, гісторыка беларускай літаратуры, публіцыста і перакладчыка.

Рамуальд Аляксандравіч Зямкевіч нарадзіўся 7 лютага 1881 года ў Варшаве ў сям’і, якая была родам са Случчыны. Бацька ўзначальваў друкарню ў Варшаве. Атрымаўшы прафесію інжынера-механіка і працуючы па спецыяльнасці, Рамуальд тым не менш амаль увесь вольны час аддаваў літаратурнай і навуковай працы, а рэдкія гадзіны адпачынку прысвячаў збору старадрукаў, рукапісаў і рэдкіх публікацый па гісторыі беларускай культуры. З гэтай мэтай працаваў у архівах і бібліятэках Вільні, Санкт-Пецярбурга, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). У выніку была сабрана выдатная калекцыя беларускіх, украінскіх, польскіх і літоўскіх старадрукаў, уключаючы Біблію Ф. Скарыны, Астрожскую Біблію, слоўнік П. Бярынды, “Хронику” М. Бельскага, першыя выданні твораў Я. Каханоўскага і інш. У яго бібліятэцы захоўваліся аўтографы А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча і інш. аўтараў; татарскія рукапісы XVI–XVII стст., напісаныя арабскімі літарамі на беларускай мове, шматлікія кнігі па бібліяграфіі і бібліяфільстве і інш.

Пачынаючы з 1909 года Р.А. Зямкевіч публікаваў літаратуразнаўчыя артыкулы ў газеце “Наша ніва”. Падрыхтаваў і выдаў першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове “Бѣлорусская библіографія” (1910). Яго біяграфічныя і бібліяграфічныя нарысы “Адам Ганоры Кіркор” і “Ян Баршчэўскі – першы беларускі пісьменнік XIX сталецця” былі выдадзены ў 1911 годзе асобнымі кнігамі. У 1913–1914 гадах даследчык займаўся пошукамі гістарычных і літаратурных матэрыялаў у Магілёўскай вобласці. Ён сабраў унікальную бібліятэку выданняў па гісторыі, літаратуры, мовазнаўстве, вуснай паэзіі Беларусі, Літвы і Украіны, унёс вялікі ўклад у скарбніцу беларускай літаратуры, апублікаваўшы невядомыя рукапісы беларускіх пісьменнікаў XIX – пачатку XX стагоддзя: М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), Я. Лучыны (1932).

Рамуальда Зямкевіча цікавілі даследаванні па этнаграфіі і фальклоры беларусаў. Ён уключыўся ў гэтую працу, актыўна супрацоўнічаючы з М. Федароўскім, Ч. Пяткевічам, перапісваўся з Я. Карскім, даваў свае архіўныя знаходкі, рукапісы і ўспаміны варшаўскаму славісту Ю. Галамбеку, калі той працаваў над манаграфіяй пра В. Дуніна-Марцінкевіча. Рамуальд Аляксандравіч сабраў вялікую калекцыю беларускага народнага адзення, многія асобнікі якой адрозніваліся ўнікальнымі вышыўкамі і арнаментам. На жаль, у 1918 годзе гэтая калекцыя была вывезена немцамі ў Берлін.

Р. Зямкевіч займаўся і літаратурнымі перакладамі: перакладаў на беларускую мову творы ўкраінскага пісьменніка В. Стэфаніка і французскага А. Дадэ, спрабаваў пісаць вершы.

Гэты рознабакова адораны чалавек увайшоў у гісторыю беларускай культуры як гарачы бібліяфіл, бібліёграф, краязнаўца, этнограф, публіцыст і перакладчык, збіральнік духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей нашага народа. На вялікі жаль, яго найбагацейшыя калекцыі зніклі бясследна ў гады Другой сусветнай вайны, а сам Р.А. Зямкевіч загінуў у канцлагеры. Захаваліся толькі асобныя яго рукапісы і лісты, якія знаходзяцца зараз у архівах і бібліятэках Мінска, Вільнюса, Варшавы, Санкт-Пецярбурга і інш. гарадоў.

Інфармацыю пра Рамуальда Аляксандравіча Зямкевіча можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, базе даных нацыянальных аўтарытэтных запісаў.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”

9 Кра 2021

19 красавіка ў 12.00 пройдзе вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вэбінар “Методыка і тэхналогія каталагізацыі дакументаў у рэгіянальных зводных электронных каталогах”

9 Кра 2021

15 красавіка з 10.00 да 11.30 Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць вэбінар для бібліятэк, падключаных да рэгіянальных зводных электронных каталогаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

РЗЭК бібліятэк Мінскай вобласці працягвае раскрываць фонды бібліятэчных устаноў рэгіёна

9 Кра 2021

Да Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога бібліятэк Мінскай вобласці далучыліся два новыя партнёры – Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўла Пранузы і Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Рэсурс папоўніўся на 87 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў гэтых бібліятэчных установах.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111