ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Якубу Коласу прысвячаецца
Дзень & ноч музеяў у бібліятэцы

Хованкі на лецішчы, альбо Госці без гаспадара

Хованкі на лецішчы, альбо Госці без гаспадара
Іншыя навіны

Майскія выходныя – мара сялян і рабочых. Час выходзіць на шырокі прастор: хто з роварам, хто на шашлыкі – тут ужо каму што даспадобы.


Калі ж вы аматар літаратурных мясцінаў і падарожжаў, гэтыя дзве страсці можна ўдала спалучыць, з’ездзіўшы не так далёка: дастаткова ўсяго толькі сесці на 219 аўтобус ля Пушкінскага метро і даехаць да Ждановічаў-6. Там – музей-дача Васіля Быкава.

Халоднае лета Быкава

Сёлета музей адкрыў свае дзверы для наведнікаў 3 мая. У самы-самы першы дзень мы туды й патрапілі: Наста Смірнова, супрацоўніца музея гісторыі беларускай літаратуры, яе сяброўка Юлія, якая да музея дачынення не мае, але выклікалася паваланцёрыць, ды я. Так пашчасціла стацца першым госцем Быкава ў новым дачным сезоне.

Шляхі Быкава захаваліся на адмысловай карце.

Адразу варта папярэдзіць: апранайцеся цяплей, бо на лецішчы даволі зімна. Прычым зімна напраўду, без метафарычных спасылак. Дом трымае сцюжную абарону проста як у песні пра столь ледзяную і дзверы рыпучыя. Тое ж было пры гаспадары. Захаваўся малюнак Быкава, дзе той адлюстраваў навагодняе святкаванне каля каміна: госці, сям’я Адамовічаў, у футрах і шапках. Наста кажа, што праз гэта на лецішчы надоўга не затрымліваліся. З іншага боку, такі мікраклімат, безумоўна, спрыяе захаванню бадзёрасці і яснага розуму. Тут Быкаў таксама працаваў – на другім паверсе можаце наведаць яго рабочы кабінет з усімі неабходнымі атрыбутамі: стол ля вакна, машынка, кубачак пад эспрэса (эстэт!). На крэсле – пінжак гаспадара. Прычым выглядае ён так «жыва», быццам Быкаў вось-вось зойдзе ў кабінет і, строга зірнуўшы, запытае: «А вы тут што робіце?..» Да слова, у кабінеце раю звярнуць увагу на мініяцюрную шафку – гэта адна з хованак Быкава. Хованак, дужа неабходных у вечна халоднай атмасферы...

Хованка № 2

Вернемся ў гасцёўню, не раз апісаную іншымі цікаўнымі наведнікамі. Вось вядомы дубовы стол, дзе Быкаў прымаў шаноўных гасцей (месца гаспадара ўгадваецца беспамылкова). Вось фатэль-гайданка, далей – прайгравальнік. Па кружэлках няцяжка здагадацца, што сёння Быкаў быў бы аматарам аўдыякніг: вінілы з запісамі твораў Коласа, Твардоўскага, Купалы... Увесь час на вас пазірае таемная незнаёмка ўсходняга тыпу. Хто гэта – не ведаюць нават музейшчыкі.

У гасцёўні – таямнічая незнаёмка і галасы класікаў.

На выпадак, калі падчас рэлаксу пад вершы Купалы замерзнеш, Быкаў падрыхтаваў яшчэ адну хованку: знайдзіце бочачку з ручкай у выглядзе чорта і папрасіце музейшчыкаў раскрыць яе таямніцу.

Шляхта ад слова «шлях»

Па ўсім доме знаходзяцца сувеніры са шматлікіх вандровак Быкава. Большасць рэчаў раскрывае гарэзлівасць суровага на выгляд пісьменніка. Што да саміх вандровак, найбольш пра гэта распавядае былы гараж: там і замалёўкі з натуры, і маршруты, маляваныя рукой Быкава, і мапа, якая пазначае краіны, дзе пісьменнік бываў. Зноў жа, кнігі. Гэтым разам – па аўтамабільным майстэрстве. Ёсць нават даведнік для кіроўцаў – вельмі ёмісты, карысны, хоць і трошку небяспечны. Даішнік наяўнасць такога даведніка ў аўтамабілі яўна не ўхваліў бы.

І менавіта ў гаражы знаходзіцца галоўная на сёння цікавостка музея: тое самае венскае крэсла, з розгаласам адваяванае ў вушацкіх уладаў і рэстаўраванае. Выразна бачныя ініцыялы, пакінутыя малым Васілём: Б. В. Х. Уладаром вынесенага з пакінутай школкі крэсла ён пазначыў бацьку – на ўсялякі выпадак, раптам што. Пасядзець на крэсле не дадуць, але яго гісторыю распавядуць абавязкова. Гэтаксама для вас падрыхтавалі вытрымкі з кнігі Быкава «Доўгая дарога дадому» – успаміны пра дзяцінства, расповед пра родны дом і бацькоў. Крэсла экспануецца ў межах выстаўкі аднаго прадмета «Усе мы родам з дзяцінства... ». Пабачыць яго можна да 20 мая ўключна.

Застылая палітра

Увогуле, лецішча Быкава тыпова савецкае: прыземістыя канапкі, фатэлі з драўлянымі ручкамі (такія штодзень аддаюць задарма ці вывозяць на лецішчы), тагачасныя кнігі (вядома, ёсць паэтычныя зборнікі сябра Рыгора). Аднак самы тыповы пакой – кухня. Посуд з алімпіяднымі выявамі і датамі Вялікай Перамогі, мэбля, кафля ў рабочай зоне. Зрэшты, якраз на кухні месцяцца вядомыя малюнкі Быкава, якія можна назваць кухоннымі фрэскамі: пісьменнік разбавіў савецкую атмасферу па-дзіцячы мілымі выявамі садавіны й гародніны.

Кубачак эспрэса, рабочая атмасфера.

На другім паверсе месціцца адзіны выключна музейны астравок – маленькая экспазіцыя з фотаздымкамі, друкапісамі і лістамі, партрэт Васіля Быкава (мяркую, ён з’явіўся тут пасля; наўрад ці Быкаў сам на сябе любаваўся). Як на мяне, самае цікавае тут – некалькі першых старонак друкапісу «Знака бяды». На ім – рэдактура самога Быкава, які палічыў мэтазгодным змяніць жанр твора і яго назву (новы варыянт сапраўды лепшы за «Час прыйдзе»).

Пра наяўнасць у доме гаспадыні сведчанняў мала. Хіба пара кніжак – пра кветкаводства і «вострыя куты сямейных стасункаў», мілыя шпалеры ў кветачку ды выявы ў малюнках Быкава. А вось яшчэ сведчанні мастацкага «хобі» пісьменніка: цэлая студыя, у якой музейшчыкі захавалі рабочы дух. Захаваныя карціны, быкаўскія і падараваныя яму, мастацкія прыналежнасці, нават палітра.

Пасля агляду вы, напэўна, захочаце пагрэцца. У двары – маляўнічыя бярозы, мяркуючы па ўзросце, пасаджаныя тут задоўга да прыезду Быкава, яблыні, барбарыс (ён нават плодны). Было б няблага пасядзець у альтанцы, але яна пакуль закрытая: патрэбная рэстаўрацыя. Галоўнае, што дае наведванне лецішча Быкава, – разуменне, што ён быў не такі ўжо сур’ёзны і халодны. Многае тут сведчыць пра самаіронію, добры гумар пісьменніка, словам, пра тое, што нішто чалавечае класіку не было чужым...

P. S. Па дарозе ў Мінск запыніцеся ля ждановіцкай царквы. Гэта навабуд, але ёсць і ў ім цікавосткі. Па-першае, знешні выгляд: на фоне зялёных соснаў ружова-пунцовы будынак выглядае даволі экстравагантна. Па-другое, спісаныя імёнамі сцены ў самой царкве. Як распавяла мясцовая служыцелька, гэта імёны ахвяравальнікаў: даеш грошай на будоўлю – застаешся ў вечнасці. Па ўсім відаць, ахвотных дапамагчы царкве многа: спісаныя ўсе цагліны па перыметры храма, ад падлогі і метры на два ўгору. Нават за алтаром. Будоўля працягваецца, службы ідуць...

Аўтар: Наста ГРЫШЧУК

Крыніца: газета "Літаратура і Мастацтва"

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам