ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Нескароная Беларусь
Я роду свайму ў пояс пакланюся

У госці да Быкава

У госці да Быкава
Іншыя навіны

Сёння, у 90-ты дзень нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, дзверы для наведвальнікаў расчыніць філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – “Музей-дача Васіля Быкава”.


Ён размяшчаецца ў пасёлку Ждановічы-6 па адрасе: вуліца Вінаградная, 62.

Двухпавярховы дом агульнай плошчай 104 кв. м пісьменнік пабудаваў у 1984 годзе. Менавіта тут ён мог адпачываць ад гарадской мітусні, прымаць блізкіх сяброў, маляваць, займацца аўтамабілем у гаражы. Два гады таму ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна перадала дачу ва ўласнасць дзяржавы. Было прынята рашэнне адкрыць тут музей.

– Гэты музей, як кажуць спецыялісты, максімальна мемарыяльны, – распавядае дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч. – Мы захавалі ўсе прадметы, што былі ў доме пры жыцці Васіля Уладзіміравіча: ад мэблі да сувеніраў, мастацкіх работ, нават прадметаў побыту. Такое рашэнне падказалі нам музейшчыкі з Латвіі. Пад час адной з сустрэч яны распавядалі пра свае мемарыяльныя музеі і радаваліся, што іх папярэднікі пакінулі прастору максімальна нязменнай. Мы ж стараемся не дзеля ўдзячнасці з боку будучых калег, але для захавання памяці пра Васіля Быкава. А паколькі мы назвалі гэты дом “музеем-дачай”, то дадалі ў экспазіцыю яшчэ некаторыя матэрыялы. Яны паказваюць Васіля Быкава як чалавека, які вельмі любіў маляваць, а замест дзённікавых запісаў, ствараў дзённікі-малюнкі.

Быкаўскія карцінкі, накіды, зробленыя алоўкам у шматлікіх блакнотах, толькі крыху павялічаныя, аж да кастрычніка будуць экспанавацца ў музеі-дачы. Тут прадстаўлена тэматычная падборка работ, прысвечаных гэтаму асабліваму дому ў Ждановічах. У экспазіцыі змешчаны і многія малюнкі, звязаныя з аўтамабілем, а таксама работы, выкананыя алеем.

У музейную прастору ператварыўся і гараж пісьменніка. Цяпер тут можна пабачыць своеасаблівую карту дарог, на якой пазначаны асноўныя кропкі, дзе бываў Васіль Уладзіміравіч: яго родныя Бычкі, Гродна, Мінск, востраў Сахалін, дзе служыў пісьменнік, ЗША, куды ён прыязджаў пад час камандзіровак, Фінляндыя.

Сёлета “Музей-дача Васіля Быкава” будзе працаваць толькі да кастрычніка. Але наступнай вясной, калі пачнецца новы дачны сезон, дом Васіля Уладзіміравіча зноў запросіць у госці. Паводле задумкі, наведвальнікі пабачаць ужо крыху змененую экспазіцыю, што прыадкрые іншыя старонкі біяграфіі і творчасці Васіля Быкава.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам