ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Экалогія: права на бяспечнае жыццё
Віншуем з 90-годдзем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Валянціну Ягораўну Вінаградаву

Калекцыянер Алег Судлянкоў: Быў час, калі экслібрысы называлі перажыткам буржуазіі

Іншыя навіны

Кажуць, што жыццё – калекцыя... Успамінаў і ўчынкаў, сустрэч і вандровак... Сартр прапаноўваў збіраць дасканалыя імгненні, мастак Пётр Сергіевіч збіраў тыпы беларусаў... Што ж, у пэўным сэнсе мы ўсе калекцыянеры. Але не кожнаму дадзена стаць калекцыянерам сапраўдным, на працягу доўгіх гадоў збіраць гісторыю ў артэфактах і шчодра дзяліцца адкрытымі ведамі. Як робіць вядомы бібліяфіл Алег Судлянкоў. Колькі цікавых выставак з самых розных нагод адбылося дзякуючы ягоным зборам кніг, экслібрысаў, гравюр, малюнкаў! Мы сустрэліся з Алегам Аляксандравічам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе рэгулярна адкрываюцца экспазіцыі з яго экспанатамі.

1_sudlankou.jpg

– У якім узросце пачалося для вас калекцыянерскае захапленне?

– Гадоў у дзевяць... Я тады палюбіў Пушкіна. Якраз у 1949-м быў яго юбілей, 150 гадоў з дня нараджэння, і мне падарылі шыкоўную, парадна выдадзеную кнігу, прысвечаную яго творчасці. Цудоўны пераплёт, ілюстрацыі... Мы жылі тады ў Мардовіі. Бацька мой быў вайсковец, і мы ездзілі па ўсім Савецкім Саюзе. Вось з той кнігі вяду адлік сваіх «пушкінскіх» збораў. Пасля бацьку перавялі ў Беларусь, я вучыўся ў трох гарадах: Стоўбцах, Баранавічах і Мінску. Тут у мяне нарадзілася яшчэ і любоў да выяўленчага мастацтва. Са мной за адной партай сядзеў Валік Гарнашэвіч, які любіў маляваць. І мне вельмі падабалася на тое глядзець. Пачаў хадзіць у мастацкі музей. Але там мяне найбольш вабіў не жывапіс, а графіка – малюнкі, гравюры.

– Спрабавалі самі маляваць?

– Не. Я магу намаляваць шклянку, і нават у разрэзе яе намалюю, таму што гэта цыліндр з донцам, а я скончыў політэхнічны інстытут. Але маляваць як мастак так і не навучыўся.

2_sudlankou.jpg

– Што ж для вас пераважыла – кнігі ці выяўленчае мастацтва?

– Мае зацікаўленні ішлі паралельна. Прычым датычна кніг мяне заўсёды цікавіў чыста бібліяфільскі кірунак. Чым адрозніваецца бібліяфіл ад кнігалюба? Тым, што кнігалюбу важна найперш кнігу прачытаць, яму нецікава, у якім стане яна, у першым выданні ён чытае ці ў дваццаць пятым. Мяне як бібліяфіла заўсёды цікавіла, якое па ліку гэта выданне, падарункавае яно ці не... Бібліяфіл збірае кнігі па іх унікальнасці. Ёсць жа ўнікальныя выданні, якія выходзяць мізэрным накладам.

Кніга можа быць надрукаваная і вялікім накладам, а застанецца ад яго нязначная частка. Напрыклад, у знакамітага калекцыянера аўтографаў з Санкт-Пецярбурга Майсея Лесмана была кніга Барыса Пастарнака з папулярнай серыі «Большая библиотека поэта». Яе выдалі ў канцы 1940-х, і хто ж ведаў, што ўвесь наклад пусцяць пад нож, і захаваецца ўсяго некалькі асобнікаў. Памятаю, як гэта было хвалююча: браць той зборнік у рукі і разумець, што ты чытаеш кнігу, якую знішчылі.

3_sudlankou.jpg

– А ў які момант калекцыянаванне зрабілася справай жыцця?

– Калі я паступіў вучыцца ў Мінскі політэхнічны інстытут, мяне далучылі да выпуску шматтыражнай газеты «Советский инженер», якая там выдавалася. Спачатку я адказваў за спартыўныя навіны, а пасля пачаў асвятляць культурную тэматыку. Памятаю, выклікаў мяне галоўны рэдактар і кажа: «Алег, напішы, калі ласка, артыкул пра калекцыянераў. Ты ж сам збіраеш». Я напісаў першы матэрыял, ён быў пра філатэлію.

– Вы займаліся таксама і філатэліяй?

– У дзяцінстве, але маркі мяне не захапілі. Кнігі былі найперш. Дык вось, выбіраючы тэму наступнага артыкула пра калекцыянераў, я ўспомніў пра экслібрыс... І напісаў вялікі матэрыял, прысвечаны збіральнікам экслібрысаў. Для таго каб напісаць гэты тэкст, я сустрэўся з беларускімі мастакамі – з Арленам Кашкурэвічам, Анатолем Тычынам, Валянцінам Ціхановічам…Гэтыя творцы зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Артыкул мой усім спадабаўся, нумар расхапалі... У мяне застаўся ўсяго адзін асобнік. А галоўнае, у рэдакцыю пайшлі лісты. Прычым слалі іх і з Далёкага Усходу, і з Масквы, і з Ленінграда... Карацей, з усяго Савецкага Саюза.

4_sudlankou.jpg

– Няўжо шматтыражная газета політэхнічнага інстытута туды даходзіла, інтэрнэту ж яшчэ не было?!

– Існавала такая паслуга: можна было замовіць падборку публікацый на пэўную тэму, і табе дасылалі выразкі з усіх перыядычных выданняў, уключна з раённымі і шматтыражнымі. Тэма майго артыкула была пра калекцыянаванне экслібрысаў, а такія калекцыянеры жылі паўсюль. Самае цікавае, напісаў нават Сяргей Пятровіч Фарцінскі з Масквы, прафесар, доктар юрыдычных навук, у якога была найбуйнейшая калекцыя экслібрысаў у краіне.

– Але, мне здаецца, экслібрысы ў эпоху сацыялізму не былі такімі ўжо распаўсюджанымі – яны хутчэй увязваюцца з існаваннем вялікіх прыватных бібліятэк.

– Вы памыляецеся, экслібрысы, асабліва пасля рэвалюцыі, вельмі шырока распаўсюдзіліся ў Савецкім Саюзе. Было створана Ленінградскае таварыства экслібрысістаў, якое выдавала свае работы, выйшла трынаццаць нумароў, некаторыя з іх здвоеныя і строеныя. Акрамя таго, існавалі таварыства экслібрысістаў у Маскве, у некаторых абласных цэнтрах. Было створана такое таварыства і ў Беларусі. У 1928 годзе шырока вядомы беларускі калекцыянер Анатоль Тычына выдаў сваю кнігу «Exlіbrіs'ы А. Тычыны». Іншая рэч, што ў канцы 1930-х гадоў некаторыя сапраўды называлі экслібрысы перажыткам буржуазіі. Не тое, што экслібрысы забаранілі, але над імі больш не працавалі. Потым Вялікая Айчынная вайна, разруха... Фактычна, толькі ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х зноў адрадзілася любоў да экслібрыса. Былі два цэнтры гэтай цікавасці, Масква і Ленінград, яшчэ Прыбалтыка. Асабліва ў Эстоніі працавалі найвыдатнейшыя майстры, якія працягвалі гістарычныя традыцыі.

Паміж калекцыянерамі адбывалася нават своеасаблівае спаборніцтва. Другая па колькасці калекцыя экслібрысаў пасля той, што належала Фарцінскаму, была ў Ленінградзе, у Барыса Мікалаевіча Вілінбахава. Кожны год у пачатку студзеня Фарцінскі і Вілінбахаў абменьваліся звесткамі, у каго колькі экслібрысаў на дадзены момант. І ганарыліся, маўляў, Барыс Мікалаевіч сабраў у гэтым годзе больш, чым Сяргей Пятровіч.

5_sudlankou.jpg

– Напэўна, у калекцыянераў, асабліва «старой школы», былі і іншыя цікавыя традыцыі для кола пасвячоных?

– Так. У Фарцінскага, напрыклад, існавала вельмі цікавая традыцыя. Ён быў са старой буржуазнай сям'і, адзін з ягоных продкаў – расійскі архіепіскап, бацька працаваў у гімназіі. У Фарцінскага былі «аўторкі». Любы чалавек мог у аўторак вечарам у сем гадзін прыйсці да яго. Госця сустракалі, частавалі гарбатай, прычым гарбата была найвыдатнейшая. Больш за пяцьдзясят гадоў пасля смерці Сяргея Пятровіча прамінула, але да гэтай пары памятаю смак той гарбаты, больш духмянай не каштаваў. І ў гэты дзень у доме Фарцінскага вяліся гаворкі выключна пра экслібрыс. У асноўным гаварылі пра савецкі экслібрыс. Тым больш у гэты час пачалося павальнае захапленне ім графікаў. Праўда, у той масавасці быў і кепскі бок: экслібрысы пачалі рабіць не асабліва высокай мастацкай якасці, галоўнае, каб там было напісана «экслібрыс». Усе кінуліся тыя значкі збіраць, падпаў пад гэты ўплыў і я.

– У якім выглядзе вы іх збіралі? Як адбітак на кнізе?

– Не, гэта мусіў быць арыгінальны адбітак. Спачатку я збіраў усе віды экслібрыса. Пасля толькі гравюру, а яшчэ цынкаграфію – негравюрную тэхніку, яна ў мяне была даваенная і дарэвалюцыйная. У Савецкім Саюзе экслібрысы рабілі самыя выдатныя майстры. Напрыклад, Уладзімір Фаворскі, Анатоль Калашнікаў. Пачалі праводзіцца масавыя выстаўкі экслібрыса. Праводзіліся яны паўсюль – ад сталічных мастацкіх галерэй і музеяў да якой-небудзь бібліятэкі ў маленькім раённым гарадку. Гэта мяне ўсё больш захапляла.

6_sudlankou.jpg

– А як жа кнігі?

– Захапляўся імі адначасова. Праўда, толькі ў двух кірунках. Па-першае, мяне цікавілі бібліяфільскія выданні і літаратура, прысвечаная Пушкіну. На жаль, я цвёрда ведаў, што прыжыццёвыя выданні Пушкіна не збяру – іх усяго 35, і ўжо тады практычна нельга было іх знайсці. Па-другое, я збіраю выданні, прысвечаныя французскаму паэту Франсуа Віёну.

– А гэтае захапленне з чаго пачалося?

– Міхаіл Іванавіч Палякоў, знакаміты рускі мастак, вучань Фаворскага, ляжаў з вострым прыступам радыкуліту, рухацца не мог, працаваць не мог. Жонка яго любіла класічную паэзію, Пушкіна і Віёна. І папрасіла Палякова: а зрабі мне пакуль кніжачку аднаго верша. Ён нарэзаў гравюрак і зрабіў... Самому спадабалася. Ён зрабіў такіх кніжачак аднаго верша каля трох дзясяткаў. Сярод іх сем, прысвечаных Франсуа Віёну. Гэтыя кніжачкі захапілі мяне.

Франсуа Віён стаў маім самым любімым паэтам з замежных. Тым больш што на рускую мову яго практычна не перакладалі. Падзеяй стала, калі выдалі яго зборнік у перакладах Эрэнбурга і Мендэльсона. Купіць той зборнік нельга было з-за вялізнага попыту. Да таго ж там былі вершы, так бы мовіць, эратычнага зместу, што ў Савецкім Саюзе з'яўлялася сенсацыяй. Фактычна гэта быў паэт, якога замоўчвалі. Дарэчы, яго любіў і Пушкін, толькі называў не Віён, а Вілон.

7_sudlankou.jpg

– Якое ж самае цікавае выданне вам удалося здабыць для калекцыі?

– Эсэ «Пушкін» знакамітага танцоўшчыка і балетмайстра Сяргея Ліфара, вядомага пушкініста. Яно выдадзена ў 1934 годзе ў Парыжы, на ўнікальнай паперы ручной работы. Выдатны друк, экслібрыс бібліятэкі Ліфара. І ўявіце сабе, тыраж – усяго дваццаць асобнікаў!

– Я ведаю кніжачкі беларускіх пісьменнікаў, якія рабіліся ў адным асобніку...

– Калі я пра такое чую, не заўсёды веру. Ёсць вядомы анекдот, як прафесар Казанскага ўніверсітэта ідзе па друкарні і пытаецца ў друкара: «Што ты ціснеш?» Той кажа: «Папрасіў адзін выкладчык надрукаваць яго працы ў адным асобніку». Прафесар кажа: «Давай і мне адцісні парачку». Калі кажуць, што кніга ў адным экзэмпляры, не факт, што ён адзіны. У экслібрысе тое самае: калі ўказаны тыраж, гэта не заўсёды праўда. Таму ў французскіх бібліяфілаў нават была такая практыка: калі штосьці друкавалася з арыгінальных дошак, то рабілася сто асобнікаў, якія лічыліся арыгінальнымі, потым дошка перакрэслівалася крыж-накрыж, у доказ таго, што больш з гэтай дошкі надрукавана нічога не будзе.

8_sudlankou.jpg

– Колькі ў вашай калекцыі зараз экслібрысаў?

– Каля васьмі тысяч.

– Беларускіх шмат?

– Беларуская частка вылучана асобна. Ёсць шэраг беларускіх мастакоў, чые работы ў жанры экслібрыса ў мяне сабраныя практычна ўсе. Напрыклад, Арлена Кашкурэвіча, Рамана Сустава, Генадзя Вяля, Льва Алімава. У маіх сяброў-мастакоў ёсць правіла: адзін асобнік са сваіх аўтарскіх – яны маюць права зрабіць сабе некалькі такіх асобнікаў – дораць. Але калі я захапіўся экслібрысам, захапіўся і гравюрай. Прычым дасюль шкадую, што не захапіўся ёю раней. Калі ўспомню, якія гравюры праз мае рукі прайшлі... Пасля гравюр захапіўся малюнкам – пад уплывам Арлена Кашкурэвіча. Мяне з ім звыш пяцідзесяці гадоў звязвала сяброўства. Малюнкі я збіраў спачатку беларускіх мастакоў, у маёй калекцыі творы больш чым пяцідзесяці аўтараў, пачынаючы з 1920-х.

– У якіх экспазіцыях можна будзе ўбачыць экспанаты з вашай калекцыі ў найбліжэйшай будучыні?

– 20 мая адкрыецца выстаўка ў Музеі сучаснага мастацтва «Гравюра без межаў», на якой будуць прадстаўлены найлепшыя гравёры сучаснасці з Украіны, Эстоніі, Чэхіі, Літвы, Балгарыі, Беларусі. Наступная выстаўка чакаецца ўвосень у Нацыянальнай бібліятэцы, яна будзе называцца «Лембіт Лыхмус і венская школа класічнай гравюры Космана і яго паслядоўнікаў».

9_sudlankou.jpg

10_sudlankou.jpg

11_sudlankou.jpg

12_sudlankou.jpg

Аўтар: Людміла Рублеўская.
Фота: Яна Хведчына.

Крыніца: Звязда

Паспейце наведаць унікальныя выставы ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі:

Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам