ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
У рытме ўяўлення
Залатыя аўтографы на нябёсах

Гутаркі з Нілам Гілевічам

Гутаркі з Нілам Гілевічам
Іншыя навіны

З нагоды 85-годдзя народнага паэта Беларусі ўспамінамі пра сустрэчы з Нілам Гілевічам падзяліўся даследчык літаратуры Мікола Мікуліч.


Я заўсёды ўспрымаў Ніла Гілевіча як аднаго з паплечнікаў і таленавітых вучняў Максіма Танка. А таму да яго ідэйна-мастацкіх пошукаў ставіўся з вялікай цікавасцю – уважліва чытаў новыя кнігі, вывучаў асаблівасці жыцця і творчасці. Ну, і, канечне, па магчымасці імкнуўся сустрэцца і пагутарыць з паэтам, каб удакладніць той ці іншы эпізод ці аспект яго жыццёвай і творчай біяграфіі, праясніць стаўленне да пэўных з’яў і працэсаў літаратурнага і грамадскага жыцця Беларусі, каб лепш адчуць і зразумець мастака як асобу.

Упершыню непасрэдна давялося пазнаёміцца з Нілам Сымонавічам дзесьці ў ліпені 1987 года. Тады па заданні рэдакцыі газеты “Звязда” я наведаў паэта ў яго рабочым кабінеце першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі на Фрунзэ, 5 з тым, каб ён адказаў на мае пытанні пра развіццё беларускай літаратуры, падзяліўся сваімі думкамі і назіраннямі адносна актуальных праблем грамадска-сацыяльнага жыцця. Памятаецца, было вельмі цёплае, сонечнае надвор’е, паэт выглядаў бадзёра, прызваіта, да мяне і маіх пытанняў аднёсся зацікаўлена, нераўнадушна. Гутарка адбылася жывая, насычаная, змястоўная, працяглая.

Па маёй просьбе Ніл Сымонавіч скоратку распавёў пра свае дзіцячыя і юнацкія гады, пра тое асяроддзе, у якім яму давялося расці і выхоўвацца. Ён заўважыў, што нарадзіўся і вырас у сям’і камуніста, які ўсё жыццё свята верыў у сацыяльныя і маральныя ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дух святасці ў дачыненні да рэвалюцыі і Савецкай улады, казаў паэт, быў у бацькоўскай хаце натуральнай атмасферай, тым сацыяльным паветрам, якім дзеці штодзённа дыхалі ад калыскі і да выхаду ў людзі. З гэтага пачалося станаўленне яго жыццёвых прынцыпаў, адсюль ідуць вытокі і яго грамадскага светапогляду, і ўсіх ідэйна-творчых пошукаў.

Гаворачы пра свае першыя крокі ў літаратуру, паэт адзначыў, што прыкладам і дапамогай яму паслужылі творы Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча, а таксама Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Маякоўскага, Ясеніна, Шаўчэнкі. З удзячнасцю думае ён і пра кнігі старэйшых сучаснікаў, асабліва Танка, Куляшова, Панчанкі, Твардоўскага. Аднак нейкага канкрэтнага настаўніка ці апекуна, які б вёў за руку ў літаратуру, у яго не было – “церабіўся” сам, “варыўся ў сваім саку”.

Адказваючы на пытанне пра тое, што вызначае яго пісьменніцкі шлях, Ніл Сымонавіч адказаў, што нядаўна, пераглядаючы свае самыя раннія вершы, напісаныя вясной 1947 года, быў вымушаны сам сабе прызнацца: з чаго пачынаў, тым, відаць, і кончыш… Прайшло чатыры дзесяцігоддзі, разважаў ён, многае істотна змянілася на дарозе да сённяшняга разумення місіі і абавязкаў працаўніка на ніве прыгожага пісьменства.

Але ці змяніўся агульны кірунак руху душы і сэрца? Думаю, што не. Такая значная падзея, як ХХ з’езд КПСС, была ў пэўным сэнсе пераломнай, дапамагла лепш убачыць і зразумець сябе і сваю эпоху, адкрыла вочы на супярэчлівасці рэальнага стану рэчаў, але не павярнула творчыя пошукі з абранага шляху кудысьці ўбок – убок ад паняццяў Бацькаўшчына, Народ, Рэвалюцыя, Мова. Ніл Сымонавіч адзначыў, што паэзія для яго – гэта тое, што дазваляе найлепшым чынам сказаць людзям пра самае запаветнае, пра самае дарагое, пра самае балючае.

А колькі ў ёй жывапісу, колькі філасофіі, колькі публіцыстыкі – на гэта звяртаюць увагу тады, калі пачынаюць паэзію прэпарыраваць. Маштаб творчай асобы ён вымярае не толькі сілай таленту, але і грамадзянскай мужнасцю і чалавечай высакароднасцю, ступенню далучанасці жыцця і лёсу творцы да жыцця і лёсу свайго народа.

На яго думку, “маральная нестаноўкасць”, брак мужнасці, сумленнасці, годнасці непазбежна вядуць да здрабнення асобы мастака і да творчага заняпаду. Тады, можна сказаць, у разгары была так званая перабудова, і я, натуральна, запытаўся: “У чым вам бачыцца перабудова для пісьменніка?” Паэт разгарнуў даволі шырокі адказ, з мноствам цікавых і павучальных фактаў і меркаванняў. Галоўнае, разважаў ён, каб кожны з нас разабраўся перш за ўсё са сваім уласным сумленнем, у сваіх жыццёвых і творчых прынцыпах. Каб кожны мабілізаваў усе рэзервы мужнасці – гаварыць у творах толькі праўду. І каб кожны прад’явіў самыя высокія патрабаванні да сябе як да мастака слова...

Пасля першай гутаркі пайшлі іншыя, не менш цікавыя, змястоўныя і павучальныя. Некаторыя не толькі добра адклаліся ў памяці, але і захаваліся ў аўдыязапісе. Як, да прыкладу, гутарка ў кастрычніку 1994 года ў яго рабочым кабінеце старшыні пастаяннай камісіі.

Я пацікавіўся ў Ніла Сымонавіча пра тое, наколькі сумяшчальныя, на яго погляд, паняцці камерцыя і культура. Ён некалькі задумаўся, а пасля адказаў: камерцыя сама павінна быць культурнай. Калі камерцыя будзе ў руках людзей культурных – г. зн. сумленных, сціплых, маральна выхаваных, – тады яна не будзе дзікай, грубай, брыдкай, і будзе спрыяць развіццю культуры мастацкай, духоўнай. У прынцыпе не лічу неспалучальным – камерсант і ён жа шчыры аматар музыкі, паэзіі, мастацтва, – адным словам, чалавек з высокімі духоўнымі запатрабаваннямі, цвёрда заключыў паэт.

Ніл Сымонавіч гаварыў, што ад беларускай літаратуры, і ў прыватнасці паэзіі, чакае большага, мацнейшага, ярчэйшага, чым тое, што паяўляецца ў друку. Чаму? Таму што кожным сумленным пісьменнікам і паэтам за апошнія гады перажыта вельмі шмат поўных драматызму падзей – падзей гістарычнага маштабу і значэння, падзей і велічных, і ганебных, і радасных, і трывожных… Не магло ж усё гэта прайсці міма сэрца мастака слова.

Сур’ёзны, сапраўды таленавіты творца ў такія гістарычныя эпохі праходзіць праз моцны катарсіс, зведвае вялікія душэўныя ўзрушэнні, выпрабаванні і пакуты, цяжкія пакаянні, горкія расчараванні і балючыя прарывы да новага, да лепшага, да чысцейшага і святлейшага на даляглядзе. Але ж гэта – незаменны, найлепшы і найудзячнейшы “матэрыял” для вершаў і паэм, для апавяданняў і раманаў, для драм і камедый! Думаю, неўзабаве такія – добрыя і выдатныя – творы паявяцца, падкрэсліў суразмоўца. Талентаў жа не бракуе!..

Па шматлікіх выказваннях і характарыстыках Ніла Гілевіча было відаць, што ён вельмі даражыў сяброўскімі адносінамі з Васілём Быкавым, высока цаніў мастацкі талент Пімена Панчанкі. Паэт заўсёды з вялікай цеплынёй і глыбокай павагай выказваўся пра Максіма Танка, даволі часта ўспамінаў гады іх сумеснай працы ў кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэта была яркая, каларытная, маштабная асоба, казаў ён, вялікі мастак, паэт глыбока нацыянальны, менавіта беларускі. На яго жыццёвым шляху было столькі розных выпрабаванняў, столькі цяжкасцей і непамыслот, але ён з гонарам усе іх вытрымаў, пераадолеў, пакінуўшы нам вялікія ўрокі мужнасці, дабрыні, шчырасці, сціпласці, вернасці высокім ідэалам хараства, любові да свайго, роднага. Такія паэты нараджаюцца раз у стагоддзе! – заключыў Н. Гілевіч.

Запомнілася цікавая сустрэча з Н. Гілевічам 13 красавіка 2005 года ў Гродне. У горад над Нёманам ён прыязджаў разам з пісьменніцай і рэдактарам Хрысцінай Лялько дзеля выступлення перад выкладчыкамі і студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Акрамя мінскіх гасцей, у сустрэчы, якую давялося мне весці, бралі ўдзел мясцовыя літаратары – Данута Бічэль, Юрка Голуб, Аляксей Пяткевіч, Людміла Кебіч і інш. Ніл Сымонавіч хаця і выглядаў прыкметна стомленым пасля дарогі, аднак трымаўся даволі бадзёра, быў вынаходлівым, дасціпным, шмат жартаваў. Паэт літаральна зачараваў абаяльнасцю сваёй асобы актавую залу ўніверсітэта.

Ён чытаў новыя вершы, расказваў цікавыя гісторыі са свайго літаратурнага і грамадска-палітычнага жыцця, адказваў на пытанні слухачоў. Пасля выступлення каля гадзіны падпісваў студэнтам кнігі, даваў аўтографы. Памятаецца, цікава прайшла і нефармальная частка сустрэчы ў мясцовай кавярні.

Дзесьці ў канцы ліпеня 2012 года, даведаўшыся пра тое, што я рыхтую да выдання сваю кнігу “Максім Танк. Талент, заручаны з небам”, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, Ніл Гілевіч паклікаў мяне да сябе і прапанаваў для кнігі некалькі рэдкіх здымкаў. Наша сустрэча адбылася 2 жніўня 2012 года. Мы гаварылі пра “залатыя часы” ў нашай літаратуры – 1960–1980-я гады і асабліва пра той перыяд, калі М. Танк быў старшынёй, а Н. Гілевіч першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, калі актыўна заяўлялі пра сябе яркія пісьменніцкія індывідуальнасці, выдаваліся таленавітыя кнігі, калі літаратура была важным чыннікам грамадска-культурнага жыцця рэспублікі, а таксама пра дарчыя надпісы некаторых пісьменнікаў, і асабліва М. Танка.

На адыход Ніл Сымонавіч падпісаў мне кніжку “Люблю цябе, жыццё…: штрыхі да партрэта народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча”: “Дарагому Міколу Уладзіміравічу Мікулічу на ўспамін аб адной грунтоўнай размове пра аўтографы (і не толькі). З сяброўскай павагай – Ніл Гілевіч. 2.8.2012”.

Апошнія нашы сустрэчы адбыліся ў ліпені 2015 года. Па папярэдняй дамоўленасці з Нілам Сымонавічам 2 ліпеня я прапанаваў яму спіс з 63 пытанняў на розную тэматыку – з тым, кааб ён прадумаў на іх адказы. На некаторыя пытанні ён адным-двума словамі ці кароткімі сказамі паспрабаваў адказаць, зрабіўшы надпісы алоўкам зверху. Пасля няспешна прайшоўся па ўсім тэксце і пад мой запіс даў пэўныя каментарыі да сваіх лапідарных адказаў, удакладніўшы і пашырыўшы некаторыя з іх. Прапаную ўвазе чытачоў асобныя з гэтых адказаў.

– Ніл Сымонавіч, якім абставінам ці асобам вы асабліва ўдзячны за тое, што звязалі свой лёс з літаратурай?

– Тарасу Шаўчэнку, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Францішку Багушэвічу.

– Як вы лічыце, ад каго вам у спадчыну перадаўся мастацкі дар, паэтычны талент?

– Думаю, што ад дзеда па маме – Мікалая Давыдавіча Рулькевіча.

– Што забяспечыла паступальнае развіццё вашага таленту? Як вы спасцігалі сакрэты паэтычнага майстэрства?

– Чытаннем паэзіі вялікіх – перш за ўсё.

– Ніл Сымонавіч, у свой час мяне моцна ўразілі вашы зборнікі “Бальшак” (1965) і “Перазовы” (1967). Прыгадайце, калі ласка, чым быў абумоўлены, як узнік прысвечаны Максіму Танку вянок санетаў “Нарач”, які ўвайшоў у апошні з іх? Дзе, пры якіх абставінах вы яго стваралі? Чаму вы вырашылі прысвяціць Максіму Танку не верш, не паэму, не нарыс, а менавіта вянок санетаў?

– Убачыў, што Максім Танк – пясняр Нарачы.

– З гадамі, назапашаным досведам, набытым майстэрствам вам вершы пісаць лягчэй ці цяжэй?

– Цяжэй! Бо пачуццё адказнасці большае.

– Вы апублікавалі 35 зборнікаў вершаў (акрамя кніг выбранага), 16 кніг паэтычных і празаічных перакладаў, 13 кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, 8 кніг эсэістыкі і публіцыстыкі. Такога творчага набытку не мае ніводзін беларускі літаратар! Якая з кніг для вас самая адметная, самая дарагая? Якая з іх далася вам асабліва цяжка і пакутна? Чаму?

– Раман “Родныя дзеці”.

– Што вам не падабаецца ў сваёй паэзіі?

– Асобныя творы, асабліва з ранніх.

– Што вы назвалі б сваёй самай вялікай творчай і жыццёвай удачай?

– Шлюб з Нінай Іванаўнай.

– Каго вы лічыце сваім галоўным чытачом?

– Настаўнікаў.

– Якую падзею ў сваім жыцці вы лічыце самай важнай, самай галоўнай?

– Нараджэнне сына.

– Калі вы адчувалі сябе найбольш свабодным?

– Калі пісаў!

– З кім вы блізка сябравалі ў ранейшыя часы? Хто вашы сябры зараз?

– З Быкавым. Іх многа.

– Чаго вы не зможаце дараваць чалавеку?

– Здраду!

– Назавіце, калі ласка, пяць найбуйнейшых пісьменнікаў у гісторыі беларускай літаратуры, якія, на вашу думку, аказалі самы значны ўплыў на яе развіццё.

– Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі.

– У чым заключаюцца вашы галоўныя жыццёвыя каштоўнасці?

– Вернасць Радзіме, народу.

Я ўдзячны Нілу Сымонавічу Гілевічу за ўрокі шчырасці, дабрыні і высакароднасці. Гэта быў вялікі патрыёт Беларусі, выдатны паэт, чалавек вялікага, нераўнадушнага сэрца, да канца верны свайму высокаму духоўна- маральнаму і грамадзянскаму абавязку.

Аўтар публікацыі: Мікола Мікуліч.

Крыніца: газета "Літаратура і мастацтва", 30.09.2016.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала віртуальную выстаўку “Годнасць, сумленнасць. Мужнасць: Памяці Ніла Гілевіча”.

Чытайце таксама:
Маё багацце ўсё – у слове

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам