З 21 кастрычніка па 13 лістапада ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “У рытме ўяўлення”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння французскага мастака іспанскага паходжання Пабла Пікасо.
Вялікі жывапісец, скульптар, графік, сцэнограф, кераміст і дызайнер Пабла Пікасо (1881–1973) аказаў выключны ўплыў на развіццё мастацтва ХХ і ХХI стагоддзяў.
Доўгі жыццёвы і творчы шлях Пікасо багаты наватарскімі пачынаннямі і сапраўднымі адкрыццямі. У сваіх работах мастак хацеў вырашыць галоўную задачу жывапісу – вызваліць яго ад агульнапрынятых састарэлых норм і вярнуць яму ўласную мову, адкрываючы новую гармонію ў арганізацыі форм і прасторы твора. Формы прадметаў на яго карцінах перажываюць усялякія змены: яны перабольшваюцца, скажаюцца, ламаюцца, даводзяцца да гратэску.
Традыцыйна творчасць Пікасо дзеляць на некалькі перыядаў: ранні, “блакітны”, “ружовы”, “афрыканскі”, кубізм, сюррэалізм. На выстаўцы прадстаўлены рэпрадукцыі найбольш значных твораў майстра гэтых перыядаў: “Дзяўчынка на шары”, “Сямейства камедыянтаў”, “Танец з пакрываламі”, “Жанчына, якая плача”, “Герніка” і інш.
Ключавым у творчасці мастака і знакам пачатку кубізму з’яўляецца палатно “Авіньёнскія дзяўчыны”. Рэпрадукцыя карціны прадстаўлена ў цэнтральнай частцы экспазіцыі.
Дапаўняюць выстаўку матэрыялы пра творчы шлях Пабла Пікасо. Зацікавіць наведвальнікаў і кніга “Пикассо. Интимный портрет” (2015), напісаная ўнукам мастака, у якой змяшчаюцца факты легендарнай біяграфіі дзеда і сямейныя фатаграфіі.
Усяго экспазіцыя налічвае больш за 50 дакументаў, у ліку якіх энцыклапедыі і альбомы, паштоўкі, перыядычныя выданні.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 53.