ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Акрыленасць паэтычнага радка”
XXV ММКВК у самым разгары! І нам яшчэ ёсць што расказаць!

Добрае сэрца Івана Навуменкі

Добрае сэрца Івана Навуменкі
Іншыя навіны

У Мінску прэзентавалі 10-томны збор твораў вядомага пісьменніка і кнігу ўспамінаў пра яго.

Такіх людзей, як Іван Навуменка (1925-2006), называюць: чалавек-эпоха. І сапраўды, шмат усяго ўмясціла ягонае жыццё. Івану Якаўлевічу 16 лютага споўнілася б 93 гады, і напярэдадні ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі быў прэзентаваны 10-томны збор твораў пісьменніка і кніга “Летуценнасць і вялікія здзяйсненні: Успаміны пра І.Я. Навуменку”. Ён атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі ў 1995-м, і з таго часу ніводзін ягоны калега ў краіне больш не ўдастойваўся такога высокага статусу. На імпрэзе ў бібліятэцы казалі: то быў чалавек яркі, таленавіты, неверагодна пазітыўны і душэўны. І што ён зрабіў вельмі шмат для развіцця беларускай літаратуры.

Першыя вершы яго змясціла райгазета ў 1946 годзе. Аднак ён тое не лічыў пачаткам творчай кар’еры, бо найбольш поўна рэалізаваў талент як празаік. А вось у 55-м у часопісе “Маладосць” выйшлі яго першыя апавяданні “Сідар і Гараська” і “Эх, махорачка”, у 57-м – першы зборнік “Сямнаццатай вясной”. Іван, хлопец з палескіх Васілевічаў, 17-гадовым сустрэў вайну, быў падпольшчыкам, партызаніў на Гомельшчыне, а закончыў вайну байцом Чырвонай арміі. Вайна ж і стала галоўнай тэмай ягонай творчасці. Без усялякага пафасу, простай моваю пісаў ён пра лёсы людзей, пераважна трагічныя. У яго выйшла 12 зборнікаў апавяданняў і аповесцяў, 6 раманаў і амаль 200 навуковых артыкулаў і манаграфій па праблемах станаўлення беларускай літаратуры. Многія з твораў перакладзены на рускую, латышскую, літоўскую мовы.

Беларусь памятае свайго слаўнага сына. “Выданне 10-томнага збору твораў Івана Навуменкі – гэта даніна памяці пісьменніку, вучонаму, майму земляку і проста цікаваму чалавеку”, – адзначыў на прэзентацыі галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі Сцяпан Лаўшук. Гэта пад яго кіраўніцтвам творчы калектыў Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы працаваў над выданнем. Вучоны нагадаў, што 10 тамоў не толькі максімальна поўна ўтрымліваюць творчую спадчыну пісьменніка, але й фіксуюць усё багацце беларускай мовы, уводзяць чытача ў яе свет і могуць быць моўнай крыніцай для сучаснікаў: “Гэта золатавалютны рэзерв нашай літаратуры. Лепшага помніка пісьменніку, чым такі збор твораў, няма”.

Сцяпан Лаўшук распавёў, як ішла праца з рукапісным архівам, які прадаставіла сям’я пісьменніка. Уражаннямі пра сустрэчы з землякамі Івана Навуменкі ў Васілевічах, пра атмасферу таго гарадка падзяліўся Ігар Шаладонаў, старшы навуковы супрацоўнік згаданага Цэнтра, кандыдат філалагічных навук. Ён параўнаў Навуменку з зубрам, і тое падабенства, на яго думку, тычыцца “не толькі волатаўскіх фізічных дадзеных, але й яго грамадскага, навуковага і сацыяльнага статусу”.

Пра знакамітага бацьку расказвала дачка пісьменніка Валерыя, якую ў сям’і ўсё называлі Валяй: “Нас, дзяцей, было трое ў сям’і. Вясёлая была пара! Мы жылі па вуліцы Карла Маркса, 36. А суседзямі былі Караткевіч, Брыль, Гілевіч, Шамякін, Глебка, Вітка. З усімі склаліся ў нас вельмі добрыя стасункі: і з дзецьмі, і з бацькамі. Усе мы дома гаварылі толькі па-беларуску, нават тыя, у каго бацькі былі з Расіі. Потым, так склалася, ва ўсіх пісьменнікаў паміралі першымі жонкі. У Брыля і ў майго бацькі жонкі памерлі ў адзін год, потым – у Шамякіна, Віткі... А ім, ужо не маладым, тое трэба было перажыць. У нашым пад’ездзе, як і ў гэтым жыцці, няма ўжо Караткевіча, Брыля, Шамякіна, Глебкі, Віткі. Пад’езд апусцеў. Яны сышлі, а разам з імі сышла цэлая эпоха. Я засталася апошняю, хто памятае, дзе чыя была кватэра, хто за кім сяліўся, якія стасункі былі між пісьменнікамі ды іх жонкамі”.

Кніга ўспамінаў пра Івана Навуменку – таксама важная для ўшанавання яго памяці. Сабраны ўспаміны вучоных, пісьменнікаў, землякоў, якія ў розны час перасякаліся з ім на жыццёвых дарогах. Тэксты напісалі, у прыватнасці, Серафім Андраюк, Раіса Баравікова, Алесь Жук, Ніна Загорская, Анатоль Вярцінскі, Васіль Якавенка ды іншыя – каля 50 чалавек.

А між тым, падаецца мне, у кнігі можа быць і працяг. І хочацца распавесці пра свае сустрэчы з Іванам Якаўлевічам. То былі 80-я гады. У будынку Прэзідыума Акадэміі навук пачаўся рамонт. І некаторых супрацоўнікаў адтуль перамясцілі ў суседні будынак: дзе цяпер Інстытут гісторыі. Там жа была лабараторыя Інстытута заалогіі, у якой я ставіла доследы. І ў калідорах я не раз сутыкалася з высокім чубатым мужчынам. І ён са мною заўсёды вітаўся. Што гэта віцэ-прэзідэнт АН БССР я й не ведала. Больш блізкае знаёмства з ім здарылася, калі я была цяжарнаю. Давялося тады пахвалявацца. Мне тэрміны падыходзяць – а жылля ў нашай маладой аспіранцкай сям’і няма. Вось і напісала гнеўны ліст у Прэзідыум: як жа так? Дзе той клопат пра навуковыя кадры, пра які часта кажуць з высокіх трыбун?

Праз нейкі час, помню, мяне запрасілі “на выхаваўчую гутарку” да віцэ-прэзідэнта Навуменкі. Добра накруціўшы нервы, я ўварвалася ў кабінет (іду ж на штурм!) і... проста ўваткнулася сваім жыватом – як самым галоўным аргументам... – у велізарнае цела Івана Якаўлевіча. Потым доўга падымала галаву, вочы ўверх. І нарэшце ўбачыла твар віцэ-прэзідэнта, якому належала мяне, гнеўную свавольніцу, выхоўваць. Гэта быў... той самы чубаты навуковец, з якім мы амаль год віталіся ў калідорах. Іван Якаўлевіч уважліва глядзеў на мяне зблізку. Магу ўявіць сабе, якім быў мой твар. Прычым, падалося мне, што яшчэ трохі, і ён ад такой хітрасці маёй рассмяецца. Ён жа ўстрымаўся, і ціха, неяк так па-бацькоўску кажа: “І што ж вы такія злосныя? Нараджаць хутка, а вы нервы сабе так дзераце... Абяцаю: да нараджэння дзіцяці будзеце жыць у маласямейцы. ... Ідзіце – і надта не нярвуйцеся”.

Так я без лішніх слоў упэўнілася, што высокія званні, пасады не змаглі знішчыць у вялікім і прыгожым чалавеку чалавечнасць. Сёння ж такія вось простыя, на першы погляд, якасці ў людзей, абцяжараных уладай і вялікімі грашыма, дамінуюць, як мне падаецца, рэдка. Прынамсі, мне чамусьці радзей такія асобы сустракаюцца. Але я ўжо ведаю на ўласным досведзе: бескарысліва рабіць дабро іншым – гэта, магчыма, і ёсць найвышэйшая ў жыцці асалода.

А сын мой, як і абяцаў віцэ-прэзідэнт, з роддома ўжо ўсяляўся ў маласямейку: яе нам далі! Так што вялікі дзякуй Івану Якаўлевічу за гэта.

Аўтар публікацыі: Іна Ганчаровіч

Крыніца: «СБ – Беларусь сегодня»

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам