ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Англійскія традыцыі і сучаснасць
Беларускі медзярыт

Без чарнавікоў і настальгіі (Спроба творчага партрэта Макс Фрай)

Без чарнавікоў і настальгіі (Спроба творчага партрэта Макс Фрай)
Іншыя навіны

Яна ў пяць год прачытала “Вайну і мір”, з юнацтва захапляецца Борхесам, не любіць раман Стывена Кінга “Могілкі свойскіх жывёл”…


…верыць у рэальнасць прасторы, створанай у літаратурным тэксце, ніколі не робіць чарнавікоў і не зазірае ў выходныя дадзеныя ўласных кніг.

Яна ўжо шмат год жыве ў Вільнюсе, вельмі любіць гэты горад – бо ён пахне “Берлінам яе дзяцінства”, піша чароўныя “Казкі старога Вільнюса”, падзеі кожнай з якіх адбываюцца на адной з вуліц старога горада…

Яна прызнаецца, што не ведае, як яе называць, – Святлана Юр’еўна Мартынчык, Макс, Марта, – адчувае сябе “чалавекам без імені” і не мае візіткі, бо дагэтуль вагаецца, што на ёй напісаць, каб не падмануць суразмоўцу. Яна то іскрыста жартуе – так, што аўдыторыя заліваецца смехам, то становіцца надзвычай сур’ёзнай і паказвае сапраўдную глыбіню філасофскага асэнсавання жыцця і пісьменніцкай творчасці. Пад час сустрэчы ў Мінску яна з лёгкасцю “дырыжыруе” натоўпам прыхільнікаў сваёй творчасці, больш як паўтары гадзіны нон-стопам адказвае на пытанні і толькі добра стаміўшыся, сціпла просіцца выйсці папаліць.

Адданыя прыхільнікі творчасці любімага аўтара пад час імпрэзы ў сталіцы атрымалі ад Марты адказы на зусім розныя пытанні – пра стомленасць ад герояў сваіх кніг, сяброўства і сяброў, правільныя націскі ў назвах і імёнах з яе твораў, планы па працягу ўжо вядомых раманаў, любімую кавярню ў Вільнюсе, музыку, тэлепраграму, казку дзяцінства, стаўленне да мумі-троляў Туве Янсан, сацыёнікі, а таксама пра тое, чаму трамваі такія чароўныя… Хтосьці з прысутных нават прызнаўся, што неяк пад час сесіі ў яго сарвалася падрыхтоўка да экзаменаў – выйшлі два тамы “Хронік Еха” Макс Фрай. І вельмі многія падыходзілі, каб проста атрымаць аўтограф любімага пісьменніка і абняць чалавека, з якім гэты самы пісьменнік жыве ў адным целе (так, тут усё правільна!).

Намаляваць творчы партрэт Макс Фрай вельмі складана. Таму з мазаікі мноства адказаў на розныя пытанні выбрала літаратурна-філасофска-пісьменніцкія шкельцы, якія характарызуюць яе стаўленне да творчасці, паказваюць адметнасці адчування пісьменніцай таго самага genius loci Вільнюса. І ў той жа час нам, чытачам, даюць ключык да разумення і “Казак старога Вільнюса” (дарэчы, хутка пабачыць свет ужо трэці том гэтага праекта), і іншых твораў аўтара.

Пра Вільнюс і натхненне
– У “Казках старога Вільнюса” аўтарскі голас адзначае поўнае знікненне гэтага самага аўтарскага голасу і ўключэнне голасу горада. Я ўпэўнена, што “Казкі старога Вільнюса” належаць самому гораду. Аўтар, які сядзіць перад вамі, выступіў толькі ў якасці неблагога інструмента для рэалізацыі задумы горада. Магчыма, казкі доўгі час прыдумваў сам Вільнюс, а маё з’яўленне яго натхніла на іх літаратурнае ўвасабленне. Адметна таксама, што некаторыя рэчы, рэаліі, людзі пасля з’яўлення ў казачнай, літаратурнай форме, з рэчаіснасці проста знікаюць. Адна за другой знікаюць апісаныя ў гісторыях кавярні, паркі закрываюцца, там рамонт… З іншага боку, часам штучна створаныя ў гісторыях рэаліі ўвасабляюцца ў жыццё. Да прыкладу, на нейкай вуліцы для сюжэта мне патрэбна, каб людзі сядзелі ва ўтульнай кавярні, у рэчаіснасці яе пакуль там няма, але праз некаторы час кавярня і сапраўды з’яўляецца на той самай вуліцы, дзе я яе прыдумваю.

Горад змяняецца. І мне падаецца, што самая вялікая ўдзячнасць горада за мае казкі ў тым, што я магу назіраць гэтыя змены. Часам выпадкова трапляю ў месцы, дзе вельмі добра бачна, што перамены адбыліся, ці мне трапляюцца людзі, якія дапамагаюць заўважыць гэтыя самыя змены.

Пра фотаздымкі старога горада
– Калі мне было 10 год, бацька выйграў у латарэю фотаапарат “Вілія”. Ён аддаў яго мне, я бегала, здымала. Тыя фота нельга было назваць геніяльнымі, але сам працэс фатаграфавання мне тады падабаўся. Ішлі гады, і калі я ўжо жыла ў Вільнюсе, вельмі часта хацелася фатаграфаваць, каб паказаць сябрам нейкія прыгожыя мясціны. Паступова гэта стала звычкай. Вопыт паказвае: калі шмат год працаваць у адным кірунку, то ёсць верагоднасць, што адбудзецца цуд. Я не ведаю, як гэты цуд са мной адбыўся, але мае бяздарныя фотаздымкі аднойчы сталі чымсьці асэнсаваным. Думаю, тут таксама не абышлося без дапамогі горада, магчыма, ён сам, як дасведчаная фотамадэль, паказваўся мне з правільнага ракурсу. Напэўна, яму надакучыла на маіх фотаздымках быць падобным да жабы. Магчыма, па гэтай жа прычыне ўсе свае самыя лепшыя здымкі я раблю ў стане, падобным да сну. Часам мне нават падаецца, што такія фота проста выпадковасць.

Пра “эфект чужаніцы”
– У многіх “Казках старога Вільнюса” галоўны герой не так даўно прыехаў у гэты горад. Я раблю такі ход, бо зразумела, што ў таго, хто прыехаў нядаўна, намнога больш шанцаў уступіць у вострыя прыватныя адносіны з горадам, прасторай і месцам. Усё новае. Я жыву ў Вільнюсе шмат гадоў, ведаю людзей, якія сапраўды любяць горад, але яны нарадзіліся не тут. Прыехалі вучыцца, працаваць. І нават новы мэр Вільнюса, які так клапоціцца пра сучасную сталіцу Літвы, родам з Каўнаса. Я заўважаю таксама, што карэнныя жыхары, якія тут нарадзіліся, не надта і любяць яго, не любяць прагулкі па вузкіх вуліцах у цэнтры, яны лепш паедуць за горад. Але, думаецца, здараюцца і шчаслівыя выключэнні, калі чалавеку ўтульна ў тым горадзе, дзе ён нарадзіўся і пражыў усё жыццё.

Пра пісьменніцтва
– Для пісьменніка апошняя напісаная кніга – самая любімая. Толькі-толькі напісаў і захапляешся. Вось ужо трэці том “Казак старога Вільнюса” дапісаны, і я радуюся таму, якія там гісторыі, якія тэксты! Потым напішацца нешта яшчэ, і яно ўжо будзе галоўным.

Многія кажуць, што ім добра пішацца ў стане стрэсу, гора, калі ўсё кепска. У мяне ж у такім выпадку нічога не атрымліваецца. Каб пісаць пра ўзвышаныя рэчы, мне патрэбна быць румяным, ружовашчокім, усім задаволеным “свінтусам”. У той жа час я разумею, што літаратура робіцца чалавекам, які знаходзіцца ў некаторым сэнсе ў змененым стане свядомасці. Таму той, хто атрымлівае прэмію, выслухоўвае кампліменты, ці наадварот, той, на каго сварацца, да таго, хто гэты тэкст пісаў, мае вельмі малыя адносіны. Так, яны жывуць у адным целе, ядуць адзін бутэрброд на сняданак і выжыванне аднаго залежыць ад выжывання другога. Але гэта настолькі розныя асобы, настолькі розныя станы свядомасці, што неабгрунтавана было б мне прымаць на свой рахунак усё, што кажуць пра тэксты. Натуральна, мне цікава, але я разумею, што гэта не пра мяне, а пра кагосьці іншага.

Ёсць такая парада: калі можаш не пісаць, то лепш не пішы. Мне падаецца, што гэтая фраза была сказана кімсьці вельмі ганарлівым. А можа і не, бо тут хаваецца і зерне праўды. Жыццё, прысвечанае стварэнню тэкстаў, па праўдзе кажучы, – не самае лепшае, што можа здарыцца з чалавекам. Гэта, канечне, вельмі вялікае шчасце, але яно прыносіць і шмат нязручнасцей: гэта жыццё, прысвечанае служэнню. Стаць пісьменнікам – у некаторым сэнсе азначае – пайсці ў манастыр з вельмі жорсткім статутам, таму што ў выніку ўсё тваё існаванне падпарадкоўваецца толькі адной патрэбе – ствараць тэксты.

Пра Павіча
– Мы з Павічам сустрэліся ў Маскве, якраз у той час, калі я працавала на тэлебачанні. Я павінна была ўзяць у яго інтэрв’ю. Але яно так і не пабачыла свет, таму што мы з Павічам амаль тры гадзіны проста размаўлялі пра нейкія свае літаратурныя справы. Тады я і распавяла пра задумку ідэальнага рамана, які складаўся б з апошніх абзацаў розных выдуманых кніг. Павіч сказаў: “Якая ідэя! Можна напісаць розныя тэксты розных выдуманых аўтараў”. І пабег рабіць свой “Папяровы тэатр”. Я вельмі шчаслівая тады была, што ён сваю кнігу прыдумаў менавіта ў дыялогу са мной, мне ж за гэта – замест аўтографа – памаўчаў у пустую бутэлечку. Потым, калі мы пераехалі ў Вільнюс, гэтая бутэлечка згубілася. Мне заўсёды карцела яе адкаркаваць, каб паглядзець, што будзе. Таму, калі раптам у свеце настане поўная цішыня, ведайце: я знайшла бутэлечку з маўчаннем Павіча.

Пра пераклад і перакладчыкаў
– Для мяне пераклад і праца перакладчыка – чыстае чараўніцтва. Гэта мост паміж мовамі, культурамі, кантэкстамі. Самае неверагоднае, што можна зрабіць, – добры пераклад! Гэта выключная рэч. Таму калі я даведваюся, што чалавек, з якім я пазнаёмілася толькі што, – перакладчык, першае, што адчуваю, – захапленне. А ўжо потым пачынаю разбірацца, ці добры ён перакладчык. Мне важна не тое, што ён ведае мову, а тое, што бярэцца перакладаць. Пагадзіцеся, нават калі два чалавекі размаўляюць на адной мове, то яны адзін аднаго не цалкам разумеюць – розныя сэнсавыя адценні, эмацыянальныя кантэксты фразы. А пераклад робіцца не столькі з мовы на мову, колькі з кантэксту ў кантэкст. Магія!

Якраз пасля згадкі пра пераклад варта зазначыць, што “Казкі старога Вільнюса” ўжо можна пачытаць і па-беларуску. Штотыдзень адзін твор Макс Фрай у перакладзе Адэлі Дубавец з’яўляецца на сайце bookster.by. Дарэчы, падчас сустрэчы перакладчыца адзначыла, што казкі, у якіх напачатку няма зусім нічога беларускага, пасля перастварэння на нашай мове нібы паказваюць новыя бакі сваёй існасці. Яны становяцца такімі цёплымі, блізкімі, знаёмымі. Сапраўды магія, пра якую казала Марта. А можа, у казках па-беларуску сам горад паварочваецца да чытача зусім іншым бокам, паказвае іншы твар, іншую сутнасць – стары Вільнюс ператвараецца ў нашу родную Вільню.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 8.11.2013

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам