ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Манюшка, Монюшко, Moniuszko… цяпер на трох мовах!
Януш Вішнеўскі: Калі я магу паўдзельнічаць у папулярызацыі беларускай мовы, я павінен гэта зрабіць

Атэстат Максіма Багдановіча

Атэстат Максіма Багдановіча
Іншыя навіны

Зусім нядаўна супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча атрымалі электронныя копіі дакументаў з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва горада Масквы. Вельмі цікавай падалася справа «Отчеты, копии протоколов испытательных комиссий, списки учеников, допущенных к испытанию зрелости Шуйской и Ярославской мужских гимназий в 1911 году» (ЦДАМ, фонд 459, вопіс 3, адзінка захавання 6223). Дакументы справы падрабязна асвятляюць апошнія дні вучобы ў Яраслаўскай мужчынскай гімназіі.

Якія адзнакі атрымліваў Максім Багдановіч падчас вучобы ў Ніжагародскай і Яраслаўскай гімназіях, даўно вядома. Як і канчатковыя балы, выстаўленыя ў яго атэстаце. Дарэчы, арыгінал дакумента не захаваўся, а ёсць толькі копія, якая спачатку была падшыта ў справу «Яраслаўская мужчынская гімназія імя Аляксандра І. Атэстаты сталасці вучняў за 1911 год» і захоўвалася ў архіве гімназіі. Цяпер разам з іншымі копіямі атэстатаў сталасці аднакласнікаў Максіма захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Яраслаўскай вобласці (фонд 557, вопіс 1, справа 90).

Вось пра што распавялі архіўныя дакументы. Спачатку настаўнікі выставілі канчатковыя адзнакі за праходжанне гімназічнага курса. Згодна з дакументам, у М. Багдановіча адзнакі размеркаваны наступным чынам: 5 – законазнаўства і прыродазнаўства, 4 – руская мова з царкоўнаславянскай і славеснасць, філасофская прапедэўтыка, фізіка, гісторыя, геаграфія, 3 – закон Божы, лацінская, нямецкая і французская мовы, матэматыка і матэматычная геаграфія. На падставе гэтых адзнак педагагічны савет гімназіі прыняў рашэнне дапусціць Максіма Багдановіча да іспытаў.

Выпускнікоў чакалі пісьмовыя і вусныя іспыты, прычым матэматыку, рускую мову з царкоўнаславянскай і славеснасць трэба было здаваць і пісьмова, і вусна. Яшчэ пяць прадметаў здавалі вусна: закон Божы, лацінская, нямецкая і французская мовы, гісторыя. На іспытах Максіму Багдановічу ўдалося павысіць адзнаку на адзін бал па рускай мове (пісьмова і вусна), па лацінскай і французскай.

Але гэта дапамагло толькі часткова. Агульны вынік з канчатковых і экзаменацыйных адзнак Багдановіча: руская мова з царкоўнаславянскай і славеснасць – 5, а па лацінскай і французскай мовах засталося 3. Не зусім зразумела, чаму педагагічны савет прыняў такое рашэнне ў адносінах адзнак па лацінскай і французскай мовах. Такім чынам, у гімназіста Максіма Багдановіча ў атэстаце – дзве «пяцёркі» (адзнака па прыродазнаўстве ў атэстат не ўвайшла), чатыры «чацвёркі», шэсць «троек».

Агульны бал атэстата – 3,7 (калі дакладней, то – 3,6666667). І гэта не самы горшы вынік. У справе захоўваецца яшчэ адзін цікавы дакумент – «Ведомость подвергавшихся испытанию и удостоенных аттестата или свидетельства зрелости». Статыстыка па Яраслаўскай мужчынскай гімназіі сведчыць, што ў 1911 годзе здавалі экзамены гімназісты з двух паралельных класаў – 77 чалавек, пабочныя («посторонние») – 13 чалавек, усяго – 90. Выдадзены атэстаты альбо пасведчанні сталасці толькі 70 гімназістам і 6 пабочным асобам. Сем гімназістаў па розных прычынах выпускных дакументаў не атрымалі, як, напрыклад, Брайнін Якаў-Веніямін Залманавіч. Ён нарадзіўся ў 1893 годзе ў г. Яраслаўлі, вучыўся ў Яраслаўскай мужчынскай гімназіі са жніўня 1902 года, пакінуты на паўторны курс з-за хваробы.

Вядома, былі ў Яраслаўскай гімназіі вучні з добрымі адзнакамі і нават медалісты. У 1911 годзе тры чалавекі атрымалі залатыя медалі: Яўгеній Васільеў, Мікалай Постнікаў, Сяргей Собалеў, дзесяць чалавек – срэбныя, у іх ліку сябар Максіма Ціхан Годнеў. Пасля заканчэння гімназіі ён паступіў вучыцца ў Маскоўскі Імператарскі ўніверсітэт, пазней стаў вядомым вучоным-біёлагам, акадэмікам Акадэміі навук БССР. Цікавая яшчэ адна заўвага наконт «залатых» медалістаў: адзначана, што яны «здольныя да праходжання ўсіх навук». З дзесяці «срэбных» медалістаў – Мікалай Баршчэўскі, Мікалай Лачынаў, Сяргей Шчарбакоў маюць асаблівыя матэматычныя здольнасці.

Лёс выпускнікоў Яраслаўскай мужчынскай гімназіі 1911 года складваўся па-рознаму. Камусьці, як, напрыклад, Максіму Багдановічу, было наканавана вельмі кароткае, але яскравае жыццё. Многія выпускнікі загінулі падчас ваенных дзеянняў, частка юнакоў, у тым ліку і сябар паэта Дзіядор Дзябольскі, перажылі сталінскія рэпрэсіі.

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча працягваюць вывучэнне гімназічнага перыяду жыцця паэта. Зроблена вельмі многае: атрыманы электронныя копіі дакументаў з Цэнтральнага архіва Ніжагародскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Яраслаўскай вобласці, Цэнтральнага гістарычнага архіва Масквы. Дарэчы, у маскоўскім архіве захоўваюцца асабовыя справы студэнтаў Маскоўскага Імператарскага інстытута, дзякуючы Наталіі Даронінай музей паэта атрымаў электронныя копіі дакументаў – справы Льва Багдановіча, роднага брата Максіма, Нюты Гапановіч, стрыечнай сястры, некаторых аднакласнікаў-сяброў.

Ужо шмат гадоў супрацоўнікі музея сябруюць з патомкамі гімназістаў Дзіядора Дзябольскага, Ціхана Годнева, Мікалая Какуева, Івана Лілеева. За апошнія пяць гадоў наша «гімназічная» кампанія значна пашырылася, цёплыя адносіны звязваюць нас з патомкамі Барыса Петражыцкага, Валерыяна Крылова, Сяргея Арлеанскага. Пошук аднакласнікаў працягваецца. Мы працуем з дакументамі расійскіх архіваў, пры магчымасці – асабіста, падчас творчых і навуковых камандзіровак альбо з дапамогай сяброў музея.

Аўтар публікацыі: Ірына Мышкавец.

Крыніца: Звязда

Чытайце таксама:

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам