21–22 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў VII Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У гэтым годзе мерапрыемствы кангрэса праходзілі як у будынку Нацыянальнай бібліятэкі, так і анлайн.
Удзельнікамі сталі прадстаўнікі з Беларусі, Германіі, Расіі, Францыі і Украіны. Гэта вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых арганізацый, устаноў адукацыі, распрацоўшчыкі і вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі, літаратуразнаўцы і пісьменнікі.
Галоўная тэма ў гэтым годзе – “Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці”.
Двухдзённая праграма мерапрыемства была насычанай і цікавай: у бібліятэцы прайшлі пленарнае і секцыйныя пасяджэнні, круглыя сталы, семінары, віртуальная прэзентацыйная пляцоўка і майстар-клас.
Асноўнымі тэмамі для абмеркавання сталі гісторыя і культура краін, рэгіёнаў, мясцовасцей як напрамкаў для сучасных даследаванняў; арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, яе нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне; краязнаўчыя бібліяграфічныя рэсурсы па краязнаўстве, краіназнаўстве; папулярызацыя краязнаўчых і краіназнаўчых ведаў, музеяў, архіваў; краязнаўчы кантэнт у інтэрнэт-прасторы; сучасная выдавецкая прадукцыя ў захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны краін, рэгіёнаў.
Падчас адкрыцця кангрэса прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХVII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
У межах форуму працавала выстава выдавецкай прадукцыі, да ўдзелу ў якой былі запрошаны вытворцы традыцыйнай літаратуры і электронных рэсурсаў. Адбылося пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Разам з выдавецкім домам “Звязда” прайшоў круглы стол пісьменнікаў і літаратараў “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”, удзельнікам якога сталі спецыялісты з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны.
На закрыцці кангрэса ўдзельнікі падвялі вынікі двухдзённай працы форуму, абмеркавалі ўзнятыя на секцыйных пасяджэннях пытанні, значную ўвагу надалі перспектывам развіцця карпаратыўнага і інфармацыйнага ўзаемадзеяння, захаванню дакументальнай спадчыны.
Вынікі працы VII Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва паміж установамі культуры, адукацыі і навукі, развіццю краязнаўчай дзейнасці, фарміраванню інфармацыйнай культуры і стануць значным унёскам у развіццё інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.