2 жніўня бібліятэка прыняла гасцей – удзельнікаў міжнароднага конкурсу ваенна-прафесійнага майстэрства “Воін Садружнасці”, які шырока асвятляецца ў інфармацыйнай прасторы СНД.
Для ваеннаслужачых з Арменіі, Беларусі, Казахстана і Расіі была праведзена азнаямляльная экскурсія па будынку бібліятэкі, якая ўключала наведванне музея кнігі і агляднай пляцоўкі. Падчас экскурсіі госці змаглі ў поўнай меры не толькі ацаніць незвычайную архітэктуру і дызайн інтэр’ера, але і даведацца пра гісторыю друкарскай справы Беларусі і пабываць на агляднай пляцоўцы аднаго з самых высокіх будынкаў Мінска.
Па словах арганізатараў конкурсу, Нацыянальная бібліятэка з’яўляецца не толькі візітнай карткай Рэспублікі Беларусь, але і велізарным мультыфункцыянальным цэнтрам, у якім сумясціліся высокія тэхналогіі, ультрасучасны дызайн і ўнікальная архітэктура.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі экскурсіі з Казахстана падаравалі памятны сувенір для музея кнігі.