7 жніўня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, даследчыка, доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса.
Адам Восіпавіч Мальдзіс – чалавек энцыклапедычных ведаў, захоплены чытач, спагадлівы і зацікаўлены ўдзельнік культурна-асветніцкіх акцый і праектаў.
У межах юбілейнага мерапрыемства, якое ладзілася сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прайшла выстаўка-прагляд твораў Адама Мальдзіса з фондаў бібліятэкі. Сярод шматлікіх работ юбіляра былі прадстаўлены і яго першыя кнігі “Творчае пабрацімства: беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.” (1966) і “Падарожжа ў XIX стагоддзе” (1969). Ужо яны паказалі, што ў беларускім літаратуразнаўстве з’явіўся таленавіты даследчык беларускай гісторыі, літаратуры і культуры.
Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Стружэцкі ўручыў юбіляру ганаровую грамату. Павіншаваць вядомага публіцыста прыехалі яго землякі з Астраўца: намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктар Свіла, дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава і іншыя.
На вечары прысутнічалі беларускі паэт Анатоль Вярцінскі; былы рэдактар часопіса “Работніца і сялянка” Марыя Карпенка; доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша; дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец; старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп; старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі далучыўся да шматлікіх віншаванняў, якія гучалі ў адрас юбіляра.