У Францыі ў канцы 2015 г. выйшла з друку кніжная навінка, заснаваная на карэспандэнцыі французскага афіцэра напалеонаўскай арміі.
Арыгіналы апублікаваных у кнізе лістоў часткова захоўваюцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а часткова – у прыватнай калекцыі ў Францыі.
Кніга мае назву “Шарль Філіп Фіт дэ Сусі (1776–1813): лісты напалеонаўскага афіцэра…” (Charles-P. Fitte de Soucy (1776–1813): Lettres d'un officier Napoléonien...).
Шарль паходзіць са старажытнага дваранскага роду, блізкага да каралеўскага двара: яго дзед быў маршалам, бацька – генералам, маці – гувернанткай каралеўскіх дзяцей. Пасля рэвалюцыі 1789 года сям’я страціла ўсё і была вымушана шукаць сродкі для існавання. Так Шарль стаў афіцэрам напалеонаўскага войска і прайшоў за 1805–1812 гады Аўстрыю, Польшчу, Прусію, Іспанію, Германію. Вайна 1812 года стала яго апошнім выпрабаваннем: Шарль здолеў выжыць падчас адступлення праз Беларусь, але ў навагоднюю ноч 1813 года ўсё ж памёр пры загадкавых абставінах у Караляўцы (Кёнігсбергу).
Кніга прапаноўвае поўныя тэксты дзевяноста пісем на мове арыгіналу, адрасаваных Жазефіне – жонцы Шарля. Яны шчыра і эмацыйна апавядаюць пра прыгоды маладога афіцэра на вайсковых шляхах Еўропы. Адзначым, што Шарль служыў ад’ютантам генералаў М.-А. Бамона, Ф.-Э. Келермана і П. Вацье, гэта прынесла яму шмат знакавых сустрэч, а яго лісты сталі надзвычай цікавай гістарычнай крыніцай. Усе згаданыя ў перапісцы асобы адлюстраваны ў алфавітным паказальніку (130 пазіцый). Кніга таксама змяшчае дадатак біяграфічнага характару.
Аўтары кнігі – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Мікалаевіч Сцебурака (Мінск, Беларусь) і гісторык, аматар генеалогіі Франсуаза-Альбярціна Мас (Парыж, Францыя).
Кніга паступіла ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.