7 кастрычніка ў бібліятэцы адбылася цырымонія ўзнагароджання фіналістаў рэспубліканскай акцыі “Сэрца зямлі маёй”.
Праект быў запушчаны два месяцы таму, і за гэты час больш за тысячу юных беларусаў прынялі ў ім удзел. Мэта праекта – зірнуць на нашу Радзіму вачамі дзяцей і адлюстраваць у мастацкіх творах пачуццё павагі і любові да сваёй краіны.
Для шматлікіх юных мастакоў удзел у гэтым унікальным конкурсе стаў пачаткам вялікага прафесійнага шляху. Менавіта такія конкурсы спрыяюць развіццю маладога беларускага выяўленчага мастацтва.
Беларуская мастачка Марына Эльяшэвіч зрабіла асаблівы ўклад у праект “Сэрца зямлі маёй”. Мастачка працуе ў незвычайнай тэхніцы кітайскага жывапісу. Яна праехала па ўсёй Беларусі, правяла з вучнямі мастацкіх каледжаў і выхаванцамі дамоў-інтэрнатаў майстар-класы як у абласных, так і ў раённых цэнтрах. У выніку ад кожнай вобласці былі адабраны па 10 работ. Яны і былі прадстаўлены на суд кампетэнтнага журы.
Узнагароджанне прайшло ва ўрачыстай і ўтульнай атмасферы. Удзельнікам і пераможцам былі ўручаны дыпломы і памятныя прызы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Белтэлерадыёкампанія сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.