14–15 верасня ў бібліятэцы праходзіць міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”.
Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры падтрымцы Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы (CEI), Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін – удзельніц СНД (МФГС), Праграмы мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў (MOST).
Афіцыйнымі партнёрамі кангрэса выступаюць Банк БелВЭБ, кампаніі “Трэгрос-Інфа” і “Агенцтва Уладзіміра Граўцова”.
Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” праходзіць пад патранатам ЮНЕСКА.
Прывітальныя словы ўдзельнікам форуму адрасавалі генеральны дырэктар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) Ірына Бокава, прэзідэнт і генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (ІФЛА) Глорыя Перэс-Салмерон і Геральд Ляйтнер.
Шчырыя віншаванні з нагоды значнага юбілею выказалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыяна Шчоткіна, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Чыжык, генеральны дырэктар Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі Галіна Райкова, намеснік старшыні Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Іна Юрык.