5 сакавіка а 15-й гадзіне ў галерэі “Лабірынт” адбудзецца прэзентацыя кнігі перакладаў “Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая”.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкі дом "Звязда", Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
На працягу дваццаці чатырох стагоддзяў існуе пісьмовая паэзія Кітая. У розныя эпохі яе тварылі самыя таленавітыя і адукаваныя людзі, пакідаючы для нашчадкаў своеасаблівы мастацкі летапіс жыцця многіх і многіх пакаленняў сваіх суайчыннікаў.
У кнізе "Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая" прадстаўлены творы ста самых адметных паэтаў кітайскай літаратурнай гісторыі, пачынаючы з далёкай старажытнасці – ІV стагоддзя да нашай эры – і заканчваючы творамі паэтаў нядаўна сышоўшага ў гісторыю ХХ стагоддзя.
Укладальнік і перакладчык зборніка – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, паэт Мікалай Міхайлавіч Мятліцкі.
Госці прэзентацыі змогуць пазнаёміцца з цудоўным, багата ілюстраваным выданнем "Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая". Пад час прэзентацыі будзе дэманстравацца кніжная выстаўка з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаная кітайскай паэзіі.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 288 12 94, 293 27 56.
E-mail: marketing-zv@yandex.by, pr@nlb.by