25 студзеня ў дзіцячым пакоі займальна і пазнавальна прайшлі заняткі серыі “Мультчытайка” па вельмі светлай і паэтычнай казцы Самуіла Маршака “Двенадцать месяцев”.
Прывабныя і каларытныя персанажы з маляўнічых кніжных ілюстрацый паўсталі ў яркім музычным мультфільме. Ажыла ў ім і прырода, шчодрая на завеі і пралескі, ягады і праліўныя дажджы.
Дзякуючы такому цудоўнаму пачатку заняткаў маленькім удзельнікам нескладана было разгадаць вясёлыя мультзагадкі і крыжаванку пра дванаццаць месяцаў, адказаць на пытанні казачнай віктарыны і намаляваць любімага персанажа.
Найбольшае здзіўленне і захапленне ў дзяцей выклікалі рухавыя гульні і характэрнае пераўвасабленне ва ўпадабанага героя казкі.
Чытайце таксама пра іншыя мерапрыемствы дзіцячага пакоя і сачыце за анонсамі наступных заняткаў.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам запісу і інфармавання карыстальнікаў.