ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Мультчытайка” па казцы “Двенадцать месяцев”
У Мінску выходзяць 2 шведскія кнігі з шыкоўнымі ілюстрацыямі

Леанід Дайнека вачыма яго родных

Леанід Дайнека вачыма яго родных
Іншыя навіны

28 студзеня будзе адзначацца 80-годдзе з дня нараджэння майстра гістарычнай прозы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і літаратурнай прэміі імя Мележа Леаніда Марцінавіча Дайнекі.

Душэўную сустрэчу з яго роднымі арганізавала ў Нацыянальнай бібліятэцы ля кніжнай выставы, прысвечанай пісьменніку, даследчыца яго творчасці, галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Таццяна Анатольеўна Лаўрык.

Удава пісьменніка Зінаіда Міхайлаўна Дайнека з сынамі Сяргеем, Зміцерам і Сцяпанам узгадалі яркія моманты жыцця разам з Леанідам Марцінавічам, асобай рознабакова адоранай, добрым сем’янінам і бацькам. Нявестка Таццяна распавяла пра намер выпусціць дыск, у які ўвойдуць запісы песень на яго вершы.

Паступаў у мараходную вучэльню, жыў з марай пра мора

Нарадзіўся будучы пісьменнік ў вёсцы Змітраўка Другая Клічаўскага раёна ў 1940 годзе. У дзяцінстве шмат займаўся спортам, любіў футбол, у школе цікавіўся гісторыяй і геаграфіяй, вывучаў карты.

Пасля школы паступаў у Клайпедскую мараходную вучэльню, але не прайшоў па зроку. Юнак вельмі разгубіўся і напісаў: “Зачем слабее вижу я, зачем разбита жизнь моя! Я не увижу больше моря, о горе мне, большое горе…” (першыя вершы Леанід пісаў на рускай мове). Потым працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці, пасля заканчэння Ніжнетагільскай тэхнічнай вучэльні быў электрыкам на металургічным камбінаце. Стаў рэзультатыўным галкіперам футбольнай каманды “Штык”. Пасля службы ў войску на Урале, паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака Белдзяржуніверсітэта.

Выпускаў праграмы і песні ў эфір

Пасля заканчэння БДУ Леаніда Дайнеку накіравалі на Віцебскае абласное тэлебачанне рэдактарам студыі дзіцячых перадач. Здымаючы часовую кватэру з жонкай і першым сынам Сяргеем, ён меў ненармаваны працоўны дзень, шмат камандзіровак.

На тэлестудыі працавалі творчыя і незвычайныя людзі: дзіцячая пісьменніца Марына Бабарыка, выкладчык музычнай вучэльні, кампазітар Аркадзь Гоман і іншыя. Леанід пісаў вершы, Аркадзь ствараў музыку, і ў эфір ішлі выдатныя песні. У Віцебску нарадзіўся сын Зміцер, сям’і выдзелілі двухпакаёвую кватэру.

У 1972 годзе Леанід Марцінавіч стаў адказным сакратаром часопіса “Маладосць”. Пісьменнік ездзіў у камандзіроўкі ад рэдакцыі часопіса, выступаў ад Бюро прапаганды ў абласных цэнтрах – бібліятэках, школах, нават турмах. Калі падчас такіх сустрэч чытаў паэму “Святло тваіх далёкіх вокнаў”, прысвечаную маці, многія плакалі.

Называў персанажаў імёнамі блізкіх людзей

Пачынаючы з першых раманаў Леанід Дайнека ўводзіў у тэксты імёны родзічаў і ўсіх людзей, да каго добра ставіўся, памятаў іх. Дзяўчына са Змітраўкі са здзіўленнем знаходзіла свае прозвішча ў гістарычным рамане і пісала лісты ўдзячнасці аўтару. Землякі ставіліся да яго з павагай.

Шукаў, як лепш выкарыстаць уласнае прозвішча. Сын параіў змяніць усяго адну літарку – у выніку ў рамане з’явіўся ардынарац Канстанціна Астрожскага – Зміцер Дайнеба.

Унучцы даў імя сваёй матулі – Тэкля, што ў перакладзе з грэчаскай азначае “слаўная”.

Зінаіда Міхайлаўна, біёлаг па-спецыяльнасці, працавала ў выдавецтве “Народная асвета”. Яна ўспамінае:

– Раніцай перад працай Леанід вывучаў гістарычную літаратуру. Увечары сядзеў за сталом, пакуль за вокнамі не спыняўся рух тралейбусаў. Раманы “Запомніць сябе маладым”, “Людзі і маланкі” пісаліся ад рукі, два далейшыя былі надрукаваны на машынцы, апошнія ён набіраў на камп’ютары.

Леанід Марцінавіч меў шчырыя сяброўскія стасункі з Анатолем Кудраўцом, Генрыхам Далідовічам, Анатолем Грачанікавым, Уладзімірам Гніламёдавым, Сяргеем Панізнікам і іншымі сябрамі па творчым цэху. Аднойчы Анатоль Вялюгін прыйшоў у госці і здзівіўся: “Лёня, чаму тваіх дзяцей не чутна?” Сапраўды, яны не бегалі з пісталетамі, не шумелі. Мы куплялі ім контурныя карты, якія яны расфарбоўвалі, малявалі чалавечкаў, ваяроў, гулялі ў вайну і іншыя настольныя гульні, якія прыдумвалі. Калі дзеці пайшлі ў школу, яны бегла чыталі, вучыліся на выдатна.

Грунтоўна ставіўся да дэталяў раманаў

Пры апісанні адзення, інтэр’ераў, вайсковай вопраткі пісьменнік браў звесткі з кніг і энцыклапедый, якіх багата ў хатняй бібліятэцы, выдатна памятаў гістарычныя даты, імкнуўся дакладна перадаць эпоху, ужываў лексіку ХІ–ХVI стагоддзяў для назвы спажывецкіх рэчаў, зброі.

Спадар Леанід арганізаваў для сваёй сям'і паездку на Святую зямлю, адправіўся туды разам з сынамі, наведаў святыя месцы, дакранаўся да Труны Гасподняй. Цікавілі яго гістарычныя мясціны, наведваў Грэцыю, Кіпр, Крыт, Родас, Патмас. На востраве Патмас ён доўга стаяў у паўзмроку пячоры, дзе калісьці Ян Багаслоў пісаў “Апакаліпсіс”.

– Калі з’явілася магчымасць паехаць за мяжу, – успамінае Зміцер, – мы з бацькам зладзілі першае падарожжа ў Грэцыю і на Кіпр. У раман “Ілоты” ён дадаў частку з гісторыі Грэцыі. Ён любіў вывучаць розныя мовы (англійскую, грэчаскую) і выкарыстоўваў словы з іх у побыце. Імкнуўся жыць у сённяшняй рэальнасці, хутка ўзяў на ўзбраенне новыя тэхналогіі, карыстаўся Фэйсбукам, Вайберам, смартфонам. Быў распрацаваны ягоны сайт.

"Мы ўдзячныя Богу за бацьку"

У 2004 годзе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк удзяліў сакрамант хросту Леаніду і Зінаідзе Дайнекам у Чырвоным касцёле. Цягам месяца яны рыхтаваліся, шмат чыталі, вывучалі асновы веры. За імі далучыліся да касцёла Сяргей і яго сыны Аляксандр, Міхаіл і Леў, а таксама сын Зміцер і яго дочкі, а малодшы Сцяпан прыняў праваслаўную веру жонкі.

– Ён быў чалавекам спакою і гармоніі, – узгадвае Сцяпан. – Яго парады, датычныя жыцця, працы, бізнесу, былі слушныя і важкія, у сям’і ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам.

Леанід Марцінавіч стварыў з сынамі хатні гурт “Батавія-82”, іграў на гітары, сыны дадалі ўдарных і шумавых інструментаў, бацька спяваў “Брыганціну” і песні з марскога рэпертуару. На Восьмае сакавіка ён запісаў жонцы на магнітафон песню на верш “А ты адна, як на вадзе лілея”.

– Ён быў сапраўдным сябрам, з якім было вельмі цікава, – успамінае сын Зміцер. – Дома мы мелі поўную калекцыю Жуля Верна, Роберта Стывенсана, Марка Твена, Майна Рыда, Джэка Лондана. Карцела ўвечары зайсці ў яго кабінет і паглядзець, над чым бацька працуе па начах. Памятую яго першую друкарскую машынку... Потым я зачытваўся яго гістарычным цыклам “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”. Захапляў ягоны фантастычны раман “Чалавек з брыльянтавым сэрцам”, уражвалі батальныя сцэны рамана “Назаві сына Канстанцінам”.

Мы праводзілі з ім шмат часу, ладзілі лыжныя паходы і прабежкі ў лес, ён любіў спорт. На лецішчы кожнаму дрэву даў імя. Ад свайго бацькі Марціна навучыўся рабіць прышчэпкі, быў добрым садаводам, любіў дрэвы. Яго імем – Леанід – я назваў прыгожы каштан.

Леанід Марцінавіч пакінуў пасля сябе багатую спадчыну, і гэта не толькі кнігі, а, як і завешчана, дом, дрэвы, трое сыноў і на сённяшні дзень сем унукаў – чатыры хлопчыкі і тры дзяўчынкі. Сыход яго быў нечаканым, бо ўзорным рубяжом былі 83 гады, пражытыя яго бацькам. Пісьменнік меркаваў сустрэць свае 80-годдзе…

Гутарыла Эла Дзвінская спецыяльна для інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, фота аўтара.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

15 Кра 2024

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Заняткі на кітайскай мове для грамадзян Паднябеснай у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

14 Кра 2024

10 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва інфармацыйны патэнцыял бібліятэкі вывучалі грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі, магістранты факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам