7 лютага на ХХVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы (ММКВК) прайшла прэзентацыя праектаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Да памятнай даты стартаваў інфармацыйна-ілюстрацыйны праект “Лясная песня”, мэта якога – даць магчымасць дакрануцца да гісторыі беларускага партызанскага руху праз дакументы таго часу: рукапісныя матэрыялы, улёткі, агітплакаты, газеты, фотаздымкі, сюжэтныя замалёўкі, урыўкі з апавяданняў, паэм, вершаў і песень.
Праект міжнародны. На працягу года перасоўную выстаўку прадставяць у Азербайджане, Расіі, Кыргызстане, Узбекістане, Турцыі. Першай краінай, куды адправіцца экспазіцыя, стане Малдова.
На выставе-кірмашы таксама быў прэзентаваны першы выпуск серыі мультымедыйных выданняў “Партызанскі архіў” – электроннае дакументальнае выданне “Оперативные и разведывательные сводки Белорусского штаба партизанского движения: 1944 год”. Асноўныя падзеі баявой і разведвальнай дзейнасці беларускіх партызан адлюстраваны ў электронных копіях архіўных дакументаў. Большасць з іх былі апублікаваны ўпершыню.
“100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.” – яшчэ адзін праект, прадстаўлены на ММКВК. Штодня з 30 студзеня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы пра жыццё ў БССР напярэдадні 9 мая.
У прэзентацыі ўзялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Сарачан, загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі Міхаіл Скамарошчанка, загадчыца аддзела карпаратыўнага ўзаемадзеяння Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марына Рудакоўская.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.