8–10 красавіка 2009 года ў Маскве прайшоў метадычны семінар “Універсальная дзесятковая класіфікацыя як сродак сэнсавага апісання інфармацыйных рэсурсаў па фундаментальных навуковых праблемах”.
У рабоце семінара прыняла ўдзел загадчык сектара індэксавання дакументаў па прыродазнаўчых і прыкладных навуках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Нэлі Іванаўна Кавалеўская, якая выступіла з дакладам “Універсальная дзесятковая класіфікацыя як інструмент індэксавання дакументаў: вопыт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”.
На семінары, галоўным арганізатарам якога выступіў Усерасійскі інстытут навуковай і тэхнічнай інфармацыі Расійскай акадэміі навук (УІНІТІ РАН), абмяркоўвалася інфармацыя аб сучасным стане табліц Універсальнай дзесятковай класіфікацыі (УДК) у галіне прыродазнаўчых і дакладных навук, методыцы індэксавання дакументаў па фундаментальных навуках, парадку вядзення і ўдасканалення табліц УДК.
Удзельнікаў мерапрыемства пазнаёмілі з аўтаматызаванай сістэмай вядзення УДК у УІНІТІ РАН і Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай бібліятэцы, з вопытам работы навуковых бібліятэк Расіі ў вобласці індэксавання дакументаў па фундаментальных навуках.
У рамках семінара прайшоў дзень кансультацый са спецыялістамі УІНІТІ РАН па складаных выпадках індэксавання дакументаў.