30 мая ў Смаленску (Расійская Федэрацыя) адбылося пасяджэнне міжнароднага круглага стала па тэме “Праблемы вывучэння гісторыі кнігі, бібліятэчнай і музейнай справы ў прыгранічных рэгіёнах (на прыкладзе Смаленшчыны)”.
Міжнародны круглы стол быў арганізаваны на базе Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў.
У мерапрыемствах прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты названага інстытута, прадстаўнікі Дэпартамента Смаленскай вобласці па культуры і турызме, Смаленскай абласной універсальнай бібліятэкі імя А.Т. Твардоўскага, Дзяржаўнага гістарычнага музея, Смаленскага аддзялення Саюза краязнаўцаў Расіі, Дзяржаўнага архіва Смаленскай вобласці, Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка, рэдакцыі часопіса “Край Смоленский”, Бібліятэкі-чытальні імя І.С. Тургенева, Нацыянальную бібліятэку Беларусі прадстаўляла Кузьмініч Таццяна Васільеўна, намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
У рамках круглага стала прайшла прэзентацыя даведніка “Созидатели культуры Смоленщины: библиотечные и музейные деятели, книгоиздатели и коллекционеры конца XVIII – начала XX века” (аўтары – Т.М. Жарава, М.В. Іваноў, Л.Л. Сцепчанкаў).
Удзельнікамі мерапрыемства быў адзначаны высокі ўзровень падрыхтоўкі біябібліяграфічнага даведніка, яго актуальнасць для даследчай і практычнай бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці. Падтрымана ідэя стварэння цэнтра па вывучэнні рэгіянальнай гісторыі кнігі і бібліятэчнай справы на базе Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў.