У рамках дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа” пры дапамозе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы нацыянальна-культурным аб’яднанням гэтай краіны перададзена ў дар каля 200 асобнікаў беларускіх выданняў.
Мерапрыемствы акцыі ініцыяваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі з мэтай аказання дапамогі аб’яднанням беларускай дыяспары ў замежных краінах і садзейнічання распаўсюджванню інфармацыі пра нашу краіну, папулярызацыі інфармацыйных рэсурсаў, якія адлюстроўваюць багацце яе гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны.
Камплект уключае мастацкія творы беларускіх аўтараў, выданні па гісторыі, культуры і мастацтве Беларусі, дзіцячыя кнігі, энцыклапедыі, слоўнікі.
Набор сфарміраваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь.
Запрашаем да супрацоўніцтва прыватных асоб, выдавецтвы і арганізацыі, якія маюць цікавыя выданні аб нашай краіне. Звяртаемся таксама да аб’яднанняў беларусаў замежных краін, зацікаўленых у атрыманні беларускай літаратуры, далучыцца да дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа”.
Матэрыял пададзены аддзелам камплектавання фондаў.