5 сакавіка ў бібліятэцы прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню.
8 Сакавіка – самае цёплае і пяшчотнае свята, якое аб’ядноўвае ў сабе ўсё найпрыгажэйшае, што ўвасабляе вобраз Жанчыны. І менавіта жанчынам, мілым супрацоўніцам бібліятэкі, быў прысвечаны канцэрт, які адбыўся напярэдадні гэтага цудоўнага свята.
Яркімі нумарамі прысутных у зале дам павіншавалі артысты тэатра танца “Адлюстраванне”, а выканаўца Антон Гардынец падарыў усім песні і вясновы настрой. Замілаванне і шчаслівы бляск у вачах жанчын выклікала выступленне дзіцячага танцавальнага калектыву “Задорынка”.
З гумарыстычнымі нумарамі выступілі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі. Гледачы ад душы пасмяяліся пры праглядзе тэатральнай мініяцюры, зараджаючыся добрым настроем напярэдадні свята.
Напрыканцы мерапрыемства выступіў адзін з самых рамантычных музычных дуэтаў беларускай эстрады – група “Navi”. Выканаўшы песні пра каханне на беларускай мове, салісты групы Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка адправілі ў залу заклік менавіта з сённяшняга дня абвясціць вясну.