25 сакавіка ў рамках XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.
Арганізатар конкурсу – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Штогод прафесіяналы ў галіне стварэння кнігі, яе мастацкага афармлення і дызайну вызначаюць лепшыя праекты ў айчынным кнігавыданні за мінулы год.
Памятны знак-сімвал “Залаты фаліянт” і дыплом пераможцы ў намінацыі “За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны” ўручаны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за выданне “Паводле Лукі Святое Евангелле”.
Факсімільнае ўзнаўленне першага перакладу біблейскай кнігі на сучасную беларускую мову выйшла ў 2021 годзе ў выдавецтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пераклад выканаў у 1926 годзе вядомы грамадскі і рэлігійны дзеяч Лука Дзекуць-Малей. Факсіміле выдадзена ў цвёрдай вокладцы, суправаджаецца ілюстрацыямі, каментарамі і даследаваннямі.
Дзякуем журы за высокую ацэнку!
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.