3 жніўня ў рамках дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа” Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі перададзена ў дар больш за 300 асобнікаў беларускіх выданняў.
Мерапрыемствы акцыі ініцыяваныя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі з мэтай аказання дапамогі аб’яднанням беларускай дыяспары ў замежных краінах і садзейнічання распаўсюджванню інфармацыі пра нашу краіну, папулярызацыі інфармацыйных рэсурсаў, якія адлюстроўваюць багацце яе гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны.
Камплект сфарміраваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь і ўключае мастацкія творы беларускіх аўтараў, выданні па гісторыі, культуры і мастацтве Беларусі, дзіцячыя кнігі, энцыклапедыі, слоўнікі.
Запрашаем да супрацоўніцтва прыватных асоб, выдавецтвы і арганізацыі, якія маюць цікавыя выданні аб нашай краіне. Звяртаемся таксама да аб’яднанняў беларусаў замежных краін, зацікаўленых у атрыманні беларускай літаратуры, далучыцца да дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа”.
Матэрыял пададзены аддзелам камплектавання фондаў.