11 лістапада ў г. Ісламабадзе (Ісламская Рэспубліка Пакістан) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра пры Нацыянальнай бібліятэцы Пакістана.
Мерапрыемства пройдзе ў рамках афіцыйнага візіту прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Андрэя Кабякова ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан. Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр створаны з мэтай развіцця ўзаемавыгаднага беларуска-пакістанскага супрацоўніцтва ў культурнай, гуманітарнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай, турыстычнай і інфармацыйнай сферах.
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прэзентуе кніжную выстаўку “Сучасная Беларусь”, якая складаецца з лепшых кніг найбуйнейшых беларускіх выдавецтваў, і кніжную калекцыю, сабраную Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, бібліятэкамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
З мэтай забеспячэння доступу да актуальнай і грамадска значнай інфармацыі пра Беларусь да ўрачыстай падзеі Нацыянальная бібліятэка краіны падрыхтавала электронны інфармацыйны рэсурс “Віртуальная чытальная зала для афіцыйных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь і арганізацый за мяжой”. У ім сабраны спасылкі на найбольш аўтарытэтныя беларусазнаўчыя базы даных і электронныя калекцыі, створаныя бібліятэкамі, архівамі, дзяржаўнымі структурамі, установамі адукацыі і навукі нашай краіны.
Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр разлічаны на ўвагу супрацоўнікаў розных устаноў і арганізацый культуры, навукі і адукацыі Пакістана.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 62.
Е-mail: pr@nlb.by