ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Ніл Гейман і Харукі Муракамі прэтэндуюць на альтэрнатыўную Нобелеўку
Асветнікі зямлі беларускай

80-гадовы юбілей Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек

80-гадовы юбілей Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Іншыя навіны

15 ліпеня спаўняецца 80 гадоў з дня адкрыцця Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, узнагароджанага ганаровым званнем “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Адзін з найстаражытнейшых відаў тэатральнага мастацтва з годнасцю прадстаўляе ў рэспубліцы і за яе межамі Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, спектаклі якога з аднолькавым захапленнем наведваюць як зусім маленькія гледачы, так і дарослыя.

Свой творчы шлях тэатр пачаў у Гомелі, дзе 15 ліпеня 1938 г. адбылося адкрыццё Рэспубліканскага лялечнага тэатра. Спачатку акцёрская трупа налічвала пяць чалавек. Першай пастаноўкай маладога тэатра стала п’еса-казка Л. Тарахоўскай “Па шчупаковай волі”, пастаўленая па эскізах спектакля тэатра С. Абразцова.

Плённы перыяд у творчасці калектыву быў звязаны з імёнамі мастацкага кіраўніка тэатра Міхаіла Бабушкіна і галоўнага мастака Барыса Звінагродскага. У 1939 г. на сцэне тэатра быў пастаўлены першы беларускі спектакль “Чароўныя падарункі” (вядомы пад назвай “Дзед і Жораў”) па казцы беларускага пісьменніка Віталя Вольскага. Сярод ранніх работ тэатра вылучаліся таксама пастаноўкі “Кот у ботах” Г. Уладычынай, “Падарожжа ў дзіўныя краіны” У. Палякова і “Каштанка” паводле А. Чэхава.

У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатр працягваў сваю творчую дзейнасць у эвакуацыі, а ў 1944 г. вярнуўся ў Гомель, дзе працаваў да 1949 г. У 1950 г. тэатр быў нанава створаны ў Мінску. З гэтага часу і па 1999 г. яго назва – Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1956 г. калектыў тэатра ўзначаліў вядомы беларускі рэжысёр Анатоль Ляляўскі. З прыходам яго, а таксама галоўнага мастака Леаніда Быкава ў 1957 г. пачаўся шлях калектыву да поспеху, да мастацтва, якое не ведае жанравых і тэматычных абмежаванняў. У рэпертуары тэатра значнае месца занялі творы нацыянальнай драматургіі, з’явіліся казкі розных народаў, вяліся пошукі новых выразных сродкаў. У другой палове 70-х гг. на сцэнічных падмостках разам з лялькамі пачалі дзейнічаць акцёры. Тэатральны рэпертуар пашырыўся за кошт твораў для дарослых (“Цудоўная Галатэя” С. Дарваша і Б. Гадара, “Клоп” У. Маякоўскага, “Боская камедыя” І. Штока і інш.).

У 1986 г. пераемнікам Анатоля Ляляўскага стаў яго сын Аляксей Ляляўскі. Ён узняў тэатр на новы ўзровень, уключыў яго ў прастору сучаснага сусветнага лялечнага мастацтва. Спектаклі, пастаўленыя калектывам пад кіраўніцтвам Аляксея Ляляўскага, вылучае пастаянны пошук новых сродкаў выразнасці, выкарыстанне ўсіх відаў тэатральнага мастацтва: драматычнага, балетнага, опернага, пантамімы. Сярод запамінальных пастановак тэатра – “Адвечная песня” Я. Купалы, “Бура” У. Шэкспіра, “Ганэле” Г. Гаўптмана, “Гісторыя Снежнай каралевы, расказаная ёю самой” паводле казкі Х.К. Андэрсена, “Гісторыя аднаго горада…” М. Салтыкова-Шчадрына, “З Парыжам скончана!” паводле п’есы А. Чэхава “Вішнёвы сад”, “Чайка. Вопыт прачытання” паводле А. Чэхава, “Майстар і Маргарыта” М. Булгакава, “Прыгоды Бураціна ў краіне Дурняў” паводле А. Талстога, “Сымон-музыка” Я. Коласа, “Сіняя птушка” паводле М. Метэрлінка, “Пух-мядзведзь” А. Мілна, “Папялюшка” Т. Габэ, “Чырвоная Шапачка” Я. Шварца, “Вясёлы цырк” Ан. Ляляўскага, “Ладдзя роспачы” У. Караткевіча і многія іншыя.

Тэатр актыўна гастралюе па краіне і за яе межамі. Яго пастаноўкам апладзіравалі гледачы Бельгіі, Балгарыі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Харватыі. Калектыў неаднаразова атрымліваў прызы і медалі міжнародных фестываляў. Тэатр –заснавальнік і арганізатар Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Мінску.

Інфармацыю пра Беларускі дзяржаўны тэатр лялек таксама можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам