ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
У “Клубе кніжных прафесараў” вывучалі гісторыю пісьма
Візіт дэлегацыі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі

17 лістапада – 190 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча, калекцыянера, нумізмата Эмерыка Карлавіча Чапскага

17 лістапада – 190 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча, калекцыянера, нумізмата Эмерыка Карлавіча Чапскага
Іншыя навіны

Адной з вядомых постацей у беларускай гісторыі быў Эмерык Карлавіч Чапскі (1828 – 1896 ці 1897), які шмат зрабіў для папулярызацыі культуры і мастацтва Беларусі, Польшчы, Расіі. Усё ім сабранае і апублікаванае стала народным здабыткам.

Паходзіў ён са шляхецкага роду Чапскіх. Нарадзіўся ў мястэчку Станькава Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці).

Эмерык Чапскі скончыў Віленскую гімназію і прыродазнаўчы факультэт Маскоўскага ўніверсітэта са ступенню кандыдата прыродазнаўчых навук. У час вучобы пачаў займацца збіральніцтвам старажытнасцей.

У 1851 г. стаў правадзейным членам Рускага археалагічнага таварыства. Аднак асноўным сваім заняткам выбраў не навуку, а дзяржаўную службу. Пачаў яе ў Міністэрстве ўнутраных спраў Расійскай імперыі. Шмат ездзіў па краіне з інспектарскімі праверкамі. Спалучаў службовыя абавязкі з пошукам і набыццём рарытэтаў. Калекцыю старажытнасцей (старадаўнія кнігі, манеты, зброю, іконы), якая хутка павялічвалася, захоўваў у сваёй кватэры ў Санкт-Пецярбургу і ў Станькаве.

У 1854 г. Эмерык Чапскі ажаніўся. Яго жонкай стала Эльжбета Меендорф, дачка вядомага вучонага, падарожніка, пісьменніка, палкоўніка штаба пасольства Расійскай імперыі ў Бухары, барона, немца па паходжанні. Гэты шлюб даў доступ у самыя высокія сферы расійскай арыстакратыі, уключаючы членаў царскай сям'і.

У 1863 г. Э.К. Чапскі прызначаны віцэ-губернатарам Ноўгарада. У гэты перыяд ён быў ужо вядомы як нумізмат і археолаг. Праз пэўны час сям’я Чапскіх пераехала ў Санкт-Пецярбург. У 1865 г. стаў віцэ-губернатарам расійскай сталіцы.

Захапленне даўніной нечакана прынесла рэальную карысць. Дзякуючы дакументам, якія яны з жонкай адшукалі, Эмерык Карлавіч здолеў пацвердзіць сваё паходжанне ад графскай галіны Чапскіх, якія выкарыстоўвалі ў напісанні прозвішча Гутэн. Стаўшы графам, ён атрымаў новыя магчымасці для ўзвышэння па службовай лесвіцы.

З 1875 па 1879 г. узначальваў Лясны дэпартамент Міністэрства дзяржаўных маёмасцей. Гэтае прызначэнне супала з пачаткам работ па рэканструкцыі сядзібы ў Станькаве. Выкананне службовых абавязкаў патрабавала ад графа шмат часу, і таму ўладкаванне маёнтка зацягнулася на доўгія гады. Кантроль за работамі ажыццяўляла галоўным чынам жонка, бо Э.К. Чапскі, інспектуючы лясныя гаспадаркі Расіі, рэдка бываў у Станькаве. Выступаў супраць вырубкі і вывазу лесу за межы Расійскай імперыі. Гэта выклікала незадавальненне царскіх саноўнікаў. У 1879 г. з-за канфлікту з імператарам Аляксандрам ІІ ён вымушаны быў падаць у адстаўку.

У 1879 г. Эмерык Карлавіч пакінуў дзяржаўную службу. Ён вярнуўся ў Станькава і ўзяў на сябе кіраванне гаспадаркай. У 1880 г. у найбольш узвышанай частцы сядзібы быў пабудаваны аднапавярховы палац з двух’яруснай вежай. Адначасова з узвядзеннем палаца заклалі парк, створаны з больш чым 8 тыс. дрэў і хмызнякоў. Акрамя мясцовых тут былі пасаджаны расліны з розных краін свету.

Чапскія заняліся таксама сістэматызацыяй велізарнай нумізматычнай калекцыі і ўпарадкаваннем збораў. Для іх пабудавалі спецыяльны павільён, які атрымаў назву “Скарбчык”. Усё сабранае было сапраўды ўнікальным: гістарычныя малюнкі, гравюры, карціны, іконы і партрэты, зброя, посуд, рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічныя і геалагічныя рэдкасці.

Асаблівую каштоўнасць уяўляла нумізматычная калекцыя (каля 11 тыс. манет і медалёў) і бібліятэка, якая налічвала 20 тыс. тамоў. Сярод кніг знаходзіліся такія рарытэты, як Брэсцкая Біблія 1563 г., першадрукі, кнігі з аўтографамі А. Міцкевіча, Я. Тышкевіча, А. Ельскага, калекцыі рукапісаў (аўтографы С. Манюшкі, Ю. Нямцэвіча, А. Адынца).

Усё патрабавала камплектавання, складання і друкавання каталогаў. У выніку былі выдадзены кнігі “Удзельныя, велікакняжацкія і царскія грошы Старажытнай Русі збору графа Э.К. Гутэн-Чапскага” (1875), “Каталог калекцыі польскіх медалёў і манет графа Э. Гутэн-Чапскага” (т. 1–5, 1871–1916). Працы адзначаны вялікім сярэбраным медалём Рускага археалагічнага таварыства. У гонар 25-годдзя навуковай дзейнасці Э. К. Чапскага ў 1896 г. выбіты медаль (золата, серабро, бронза) ад калег-нумізматаў.

У канцы 1889 г. ён прыняў удзел у вялікай выстаўцы ў Варшаве, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя каштоўныя экспанаты, звязаныя з паланістыкай. Станькаўская калекцыя атрымала шырокую вядомасць у Польшчы.

У 1894 г. Э.К. Чапскі падзяліў свае маёнткі Станькава і Прылукі паміж сынамі і пераехаў разам з жонкай у Кракаў, куды перавёз музейныя зборы. У станькаўскім “Скарбчыку” засталася толькі так званая “русістыка”, экспанаты, сабраныя ў розных рэгіёнах Расіі. Для фарміравання музея ў Кракаве граф набыў двухпавярховы палац, да якога прыбудавалі фондасховішча.

Пасля смерці калекцыянера справу працягвала яго жонка. Займалася ўпарадкаваннем нумізматычна-археалагічных скарбаў, калекцый. У 1900 г. за ўласны кошт у Кракаве выдала каталог “Спіс друкаў эпохі Ягелонскай”, а праз год – каталог “Спіс карцін, якія прадстаўляюць пераважна польскіх асоб”.

Музей “Зборы імя графаў Гутэн-Чапскіх” быў перададзены Кракаву. Сёння частка калекцыі захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Таксама інфармацыю па тэме можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам