17 снежня ў галерэі "Панарама" адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай выстаўкі, прысвечанай 60-годдзю Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава.
На выстаўцы, якая будзе працаваць да 30 снежня 2007 года, прадстаўлена 47 работ, сярод – іх жывапіс, графіка, скульптура, бацік, габелен.
Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава – адна з найстарэйшых і самых аўтарытэтных у нашай краіне мастацкіх школ, у якой атрымалі ўрокі майстэрства народныя мастакі Беларусі Міхаіл Савіцкі і Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч і Віктар Грамыка, Май Данцыг і Леанід Шчамялёў.
Творчы і выхаваўчы працэс у мастацкім вучылішчы заснаваны на захаванні традыцый і развіцці практычных дасягненняў маладых талентаў. Лепшыя навучэнцы вучылішча адзначаны стыпендыямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Дыплом Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава – своеасаблівы знак якасці для кожнага яго выпускніка.