Да 10-годдзя новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыта экспазіцыя “150 выставак у плакаце».
Новы будынак бібліятэкі дазволіў не толькі якасна размясціць велізарны бібліятэчны фонд, але і адкрыць выдатныя галерэі і выставачныя пляцоўкі, якія даюць магчымасць прадставіць да ўвагі наведвальнікаў сучасныя творчыя праекты. За 10 гадоў тут было праведзена каля 2 000 кніжных выставак і больш за 200 мастацкіх праектаў, у ліку якіх – “Colorfest”, “Terra Nova”, “Арт-лінія”, “Фестываль пейзажа”, “Арт-крок”, “Кветкавы рай”. Найбольш яркія мастацкія праекты былі арганізаваны пад куратарствам Фёдара Адамавіча Ястраба – загадчыка аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці (2006–2013 гг.), мастака, галерыста, мастацтвазнаўца.
На выстаўцы прадстаўлена каля 50 афіш да найбольш значных мастацкіх праектаў і каля 100 афіш да маштабных і арыгінальных кніжных выставак. Усе афішы выкананы прафесійнымі дызайнерамі з індывідуальным падыходам. Работы раскрываюць тэматыку праектаў, перадаюць настрой і стыль выстаўкі і, несумненна, уяўляюць сабой пэўную мастацкую цэннасць як узоры плакатнага мастацтва. Шрыфт, колер, фон, дэкаратыўныя элементы, спалучэнне тэкставай і візуальнай інфармацыі – усё працуе на тое, каб заінтрыгаваць гледача, пераканаць яго, што выстаўку абавязкова трэба ўбачыць.
Экспазіцыя дэманструецца ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх).