З 18 мая па 22 чэрвеня 2009 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (3-ці паверх, кальцавы калідор) адкрыта тэматычная выстаўка “Сімвалы народаў свету”.
Выстаўка прымеркавана да Сусветнага дня культурнай разнастайнасці, які адзначаецца 21 мая.
Сімвалы займаюць у культуры асаблівае месца. З даўніх часоў яны выражаюць і перадаюць наступным пакаленням глыбінны сэнс быцця, уяўленні чалавека пра свет. Таемны сэнс сімвалаў – каштоўная духоўная спадчына эпох, што даўно адышлі, мудрасць стагоддзяў і тысячагоддзяў, зашыфраваная ва ўмоўных знаках, што заснаваны на разнастайных асацыяцыях.
Наведвальнікам выстаўкі адкрыецца галерэя вобразаў і знакаў, пачатковая сэнсавая нагрузка якіх губляецца ў імгле стагоддзяў. Гэта сімвалы, народжаныя цывілізацыямі Далёкага Усходу, антычнай Грэцыі і Рыма, сярэдневяковай Еўропы і Амерыкі.
На старонках выданняў, сабраных у экспазіцыі, апавядаецца, дзе, калі і пры якіх умовах узнік той або іншы сімвал, як ён тлумачыўся ў міфалогіі і рэлігіі розных народаў, у гісторыі таемных арганізацый, як адлюстроўваўся ў навуцы і мастацтве, геральдыцы і эзатэрыцы.
На выстаўцы прадстаўлены шматлікія групы сімвалаў: зямныя прыродныя сімвалы, сімвалы фантастычных істот, сімвалы ўлады, ваенныя, рэлігійныя, міфалагічныя, астралагічныя, магічныя сімвалы. Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны сімвалам Беларусі. Выстаўка налічвае каля 500 дакументаў.
Багаты ілюстрацыйны матэрыял, найноўшыя энцыклапедыі сімвалаў і знакаў, слоўнікі па міжнароднай сімволіцы і эмблематыцы, даведнікі, цікавы прадметны рад экспазіцыі, без сумнення, прыцягнуць увагу і выклікаюць цікавасць наведвальнікаў.
Выстаўка прызначана для шырокага кола чытачоў.
Кантактны тэлефон: 293-28-86.