З 16 снежня па 3 студзеня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Шляхі да абстракцыі”, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння аднаго з найбуйнейшых мастакоў ХХ стагоддзя Васіля Кандзінскага.
Родапачынальнік абстракцыянізму і арыгінальны мысліцель Васіль Васільевіч Кандзінскі (1866–1944) стаяў ля вытокаў тых мастацкіх плыняў і ідэй, развіццё якіх не спынілася і ў сённяшні час. Сярод тытанаў Найноўшага мастацтва Кандзінскі – патрыярх, у сваім развіцці ён нібы прайшоў гісторыю культуры ў цэлым, змясціўшы яе ў адзін лёс. Яго мастацтва ведае і наіўную казку, і найвышэйшыя ўзлёты абстракцыі, і дэкаратыўныя вынаходствы.
Лёс майстра, яго тэарэтычныя працы, проза і вершы, выкладчыцкая дзейнасць у знакамітым Баўхаўзе, непахісны шлях да ўласнай індывідуальнасці – усё гэта зрабіла яго адным з класікаў ХХ стагоддзя. На выстаўцы прадстаўлены “Избранные труды по теории искусства” (2001) Кандзінскага, яго знакамітае даследаванне “Точка и линия на плоскости” (2003), а таксама яго кніга “О духовном в искусстве” (1992), якая перавярнула ўсе ўстойлівыя ўяўленні і стала першым тэарэтычным абгрунтаваннем абстракцыянізму.
У жывапісе для Кандзінскага найбольш важнай стала геаметрычная абстракцыя і тэма космасу як абсалютнага і найвышэйшага парадку. Мастак ажыццяўляе свайго роду выхад з поля зямнога прадметнага прыцягнення ў бязважкасць беспрадметнага свету, дзе губляюцца асноўныя каардынаты быцця – ніз, верх, прастора, вага. Рэпрадукцыі знакамітых работ Кандзінскага прадстаўлены на выстаўцы ў альбомах, прысвечаных творчасці выдатнага майстра.
Экспазіцыю дапаўняюць кнігі і альбомы па гісторыі экспрэсіянізму і рускага авангарда, а таксама артыкулы, паштоўкі і іншыя выяўленчыя дакументы.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 53.